Знак милосердия. Ляховичская районная организация Красного Креста стала лучшей в области

Гуманнасць – галоўны прынцып, якім кіруюцца ў сваёй дзейнасці члены Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Напрамкі дзейнасці Ляхавіцкай раённай арганізацыі, якую 5 гадоў узначальвае Жанна Лешык, мнагапланавыя і разнастайныя: аказанне дапамогі грамадзянам у цяжкіх жыццёвых сітуацыях, асобам, што пацярпелі ў выніку надзвычайных сітуацый, вырашэнне розных сацыяльных праблем. У склад раённай арганізацыі ўваходзяць 82 пярвічкі, якія аб’ядноўваюць больш як 5500 чалавек, і 125 валанцёраў, аб’яднаных у 9 валанцёрскіх груп.

Яны прымаюць удзел у рэалізацыі шэрагу гуманітарных праграм: “Распаўсюджванне ведаў пра рух і міжнароднае гуманітарнае права”, “Супрацьдзеянне гандлю людзьмі”, “Моладзь супраць СНІДу”, “Служба вышуку” і іншыя. Традыцыйнымі сталі акцыі “Сям’я – сям’і”, “Нашы дзеці”, “Клопат”, “Сабяром дзяцей у школу”, “Ёлка жаданняў” і іншыя. Актыўныя ўдзельнікі ўсіх ініцыятыў і мерапрыемстваў раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа – аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і ўстановы адукацыі, аховы здароўя, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, іншыя арганізацыі і ўстановы раёна.

У дзейнасці чырвонакрыжаўцаў асобна выдзяляецца развіццё валанцёрства ў аддаленых рэгіёнах Беларусі. Актывісты раённай арганізацыі прадставілі ў рэспубліканскую праект “Актыўнае жыццё пасля шасцідзесяці”. На рэалізацыю гэтага праекта швейцарскі Чырвоны Крыж выдзеліў 5,2 мільёна рублёў. Дарэчы, шведы і датчане вялікую ўвагу надаюць валанцёрскім групам з ліку пенсіянераў. Арганізаваная валанцёрская група “Аптымісты” сабрала актыўных і нераўнадушных землякоў сталага ўзросту. У мінулым годзе пажылыя людзі наведалі Мірскі замак і паркавы ансамбль “Рэпіхава”, аказвалі дапамогу па гаспадарцы адзінока пражываючым. У іх мноства задумак і ідэй, каб зрабіць больш разнастайным і насычаным жыццё людзей сталага ўзросту. Старшыня раённай арганізацыі БТЧК пералічвае самых актыўных валанцёраў-пенсіянераў, сярод якіх Барыс Макарэвіч, Валянціна Паўлоўская, Галіна Багушэвіч, Ірэна Касьянік, Мікалай Міхаленя.

Штогод у маі сумесна з РАНС праводзяцца акцыі “Абаронім сям’ю” і “Аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі – у шматдзетную сям’ю”: устанаўліваюцца АПА, уручаюцца салодкія падарункі і цацкі. Летась падчас акцыі “Дапамога і падтрымка сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў”, 24 сям’і атрымалі пасцельныя прыналежнасці, дзіцячае верхняе адзенне, прадукты харчавання на суму 24 мільёны рублёў.

Шмат мерапрыемстваў праводзіцца сумесна раённай арганізацыяй таварыства і ўстановамі адукацыі. Так, напрыканцы мінулага года сумесна з валанцёрскім атрадам “Данка” СШ №2 правялі спартландыю “Хутчэй, вышэй, мацней”: спаборнічалі вучні школы і ветэраны. “Данкаўцы” арганізавалі акцыю “Дапаможам перажыць зіму” па зборы агародніны для адзінока пражываючых пенсіянераў, правялі інфармацыйную акцыю “Мы супраць СНІДу”, падчас якой раздавалі гараджанам чырвоныя стужкі і брашуры на адпаведную тэму. На рахунку “Данка” – шмат іншых цікавых спраў. А кіраўнік валанцёрскага атрада “Данка” Нэлі Пастушак заняла 2 месца ў вобласці ў конкурсе кіраўнікоў валанцёрскіх атрадаў.

Яны заўсёды побач, калі патрэбны дапамога і падтрымка. І пералічыць усе добрыя справы прадстаўнікоў Чырвонага Крыжа проста немагчыма.

2 гады запар па выніках работы раённая арганізацыя сярод 15 падобных арганізацый вобласці прызнаецца лепшай.

– Мы вельмі ўдзячны ўсім, хто ўносіць свой уклад і падтрымлівае дзейнасць Чырвонага Крыжа штогадовымі членскімі ўзносамі, тым, хто аказвае спонсарскую дапамогу. У мінулым годзе пералічылі ахвяраванні на рахунак раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа ЗТАА “БелДан”, РКЦ № 3 ААТ “Белаграпрамбанк”, ТАА “Трансэлектракамплект”, ААТ “ТБЗ “Ляхавіцкі”, індывідуальны прадпрымальнік Віктар Яраш. Наогул, летась дапамога індывідуальных прадпрымальнікаў БТЧК склала 12,5 мільёна рублёў. Сродкі гэтыя былі накіраваны на аказанне падтрымкі маламаёмным жыхарам раёна. У ФАПах і ўрачэбных амбулаторыях раёна традыцыйна праводзіцца збор ахвяраванняў ад насельніцтва. Больш за ўсё грошай было сабрана ў Куршынавіцкім і Жарабковіцкім ФАПах, Падлескай УА. СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” ніколі не адмаўляе ў прадастаўленні транспарту для дастаўкі гуманітарнага грузу. Дарэчы, дзякуючы заводу, днямі была дастаўлена чарговая “гуманітарка”, за якой могуць звяртацца ўсе, хто мае ў гэтым патрэбу.

Разам заўсёды лягчэй пераадольваць цяжкасці і перашкоды. Таму і перамогу ў абласным конкурсе лічу сумеснай заслугай усіх нераўнадушных членаў арганізацыі, жыхароў раёна, – адзначае Жанна Лешык.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *