3 мая ўпісана яшчэ адна сумная старонка ў дарожную гісторыю Ляхавіччыны

3 мая ўпісана яшчэ адна сумная старонка ў дарожную гісторыю. Суботнім вечарам на аўтадарозе недалёка ад вёскі Малое Падлессе малады баранавічанін не справіўся з кіраваннем аўтамабілем. “Аўдзі-80” вылецела ў кювет і перакулілася. Пасажырка 1996 года нараджэння (жыхарка аграгарадка Навасёлкі, другакурсніца баранавіцкага прафесійна-тэхнічнага каледжа сферы абслугоўвання) загінула. У вадзіцеля ўзята кроў на даследаванне. Раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа.

За 4 папярэднія месяцы на дарогах раёна зарэгістраваны 2 ДТЗ, ёсць загінуўшы і паранены…

Адной з асноўных прычын дарожна-транспартных здарэнняў па-ранейшаму з’яўляецца перавышэнне вадзіцелямі транспартных сродкаў устаноўленай скорасці руху. З пачатку года на Брэстчыне з-за гэтага зарэгістравана 17 ДТЗ, 9 чалавек загінулі, 17 атрымалі траўмы. 47 аварый зафіксаваны на рэспубліканскіх аўтамабільных дарогах: яшчэ 11 загінуўшых і 46 траўмаваных. У 15 ДТЗ былі вінаваты вадзіцелі транзітных транспартных сродкаў.

Напярэдадні Дня Перамогі і Чэмпіянату свету-2014 па хакеі ў Мінску чакаецца павелічэнне міграцыйных транспартных патокаў па асноўных рэспубліканскіх дарогах, што праходзяць па тэрыторыі вобласці. І гэта вымушае вадзіцеляў і пешаходаў быць яшчэ больш уважлівымі і дысцыплінаванымі: захоўваць дазволеную скорасць, бяспечную дыстанцыю, правілы праезду пешаходных пераходаў. Пакуль жа да ідыліі на дарогах далёка: толькі сёлета супрацоўнікамі аддзялення ДАІ на тэрыторыі нашага раёна затрымана 1065 аматараў пракаціцца, што называецца, “з ветрыкам”. Між тым, гэта, як і іншыя парушэнні правілаў дарожнага руху, можа каштаваць не толькі грошай і нерваў, але здароўя і нават жыцця.

Што датычыць штрафаў для ліхачоў, то яны могуць істотна аблегчыць сямейны бюджэт: перавышэнне скорасці ад 10 да 20 кіламетраў у гадзіну “каштуе” да 1 базавай велічыні, ад 20 да 30 – ад 1 да 3 БВ, звыш 30 кіламетраў у гадзіну – ад 3 да 10 БВ. За паўторнае на працягу года перавышэнне скорасці звыш 20 кіламетраў у гадзіну прадугледжаны штраф ад 5 да 15 БВ ці пазбаўленне права кіравання тэрмінам на год.

Мікалай ДЫЛЕЎСКІ,

старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *