Наша Перамога не мае тэрміну даўнасці:гэта свята на ўсе часы

Здымак на памяць: ветэраны Вялікай Айчыннай з кіраўнікамі раёна.

У багатым сузор’і не толькі майскіх, але і гадавых святаў брыльянтам асаблівай каштоўнасці ўяўляецца Дзень Перамогі. Такім жа глыбокім, яскравым, шматгранна-чуллівым. У гэты дзень у сэрцы цудоўным чынам ужываюцца ўрачыстасць і сентыментальнасць, радасць і смутак. Гэтаму цуду, аднак, ёсць простае тлумачэнне: веліч Перамогі, з аднаго боку, і вялікасць страт, пакладзеных на алтар яе дасягнення.

69-ае салютаванне ў гонар адной на ўсіх, для ўсіх, для кожнага і на ўсе часы Перамогі пачалося ў раёне напярэдадні. З ускладання вянкоў да помніка брацкай магіле воінаў-вызваліцеляў, што на аднайменнай плошчы горада Ляхавічы. Ад раённай улады, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый. У сваім выступленні старшыня райсавета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч назваў Дзень Перамогі святам асаблівай важнасці, святам сілы і вартасці краіны, днём нацыянальнага гонару. Думаецца, адметны і надоўга ўспамін пра сёлетнія святы застанецца ў 12-ці нашых маладых землякоў, якім у гэты дзень былі ўручаны павесткі аб прызыве на тэрміновую вайсковую службу.

На тым жа месцы, у той жа час, што і дзесяцігоддзі запар. Месца – Курган Славы, час – 9 Мая. Ганаровая варта, мелодыі ваеннага часу, святло і сцягі Перамогі лунаюць над арэнай першых і найбольш жорсткіх баёў Вялікай Айчыннай. Калоны фізкультурнікаў, парадны строй воінаў Узброеных Сіл і святочны настрой шматлікіх жыхароў раёна. Канешне ж, галоўныя госці – удзельнікі той вайны, творцы Вялікай Перамогі. Нетаропка, з вартасцю, пад далікатны звон уласных баявых узнагарод і цёплыя віншаванні землякоў займаюць месцы ў самым-самым цэнтры святочных падзей. Іх, герояў, на жаль, засталося нямнога, але менавіта яны і з’яўляюцца гэтым самым цэнтрам, галоўнымі, каму ўсе і ўсім абавязаны.

Роўна апоўдні пачалося тэатралізаванае прадстаўленне “І будзе вечным гэты гімн вясны”. У вобразах, мініяцюрах перад Курганам разыгралася ”вайна”: жудасць першых яе дзён, гераізм воінаў і партызан, сюжэтнае ўвасабленне асобных пераможных кампаній і радасць агульнай вялікай Перамогі.

Нягледзячы на прадказальнасць, ружэйны салют стаў нечаканасцю. У акружэнні навакольных векавых хвояў яго сухі трэск меладычна змяніў сваю ”афарбоўку”. Стаў момантам ісціны святочных падзей 9 Мая, сігналам да ўскладання да падножжа абеліска гірлянды, вянкоў і кветак. Ад вайскоўцаў, раённай улады, працоўных калектываў прадпрыемстваў і арганізацый Ляхавіччыны…

У звароце да ўдзельнікаў вайны, працаўнікоў тылу, воінаў Узброеных Сіл, жыхароў і гасцей Ляхавіччыны старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч адзначыў, што для ўсіх нас Дзень Вялікай Перамогі асаблівае свята, якое спалучае ў сабе слёзы смутку і радасць, боль страт і вялікую самаахвярнасць. За кароткім і ёмістым словам “перамога” стаіць мужнасць і гераізм мільёнаў людзей. У тым ліку і нашых землякоў. Вечная памяць загінуўшым і памерлым былым байцам вогненных 40-х, словы падзякі, захапленне мужнасцю і шчырыя віншаванні і пажаданні здароўя жывым героям-пераможцам. “Слаўнае пакаленне. Вы з гонарам прайшлі суровае выпрабаванне вайной, а пасля сваёй самаахвярнай працай паднялі краіну з пасляваеннага разбурэння”, — да слоў старшыні райвыканкама, несумненна, гатовы далучыцца кожны сучаснік.

У слаўны дзень 9 Мая героям салютавалі юныя выхаванцы ДЮСШ, ваеннаслужачыя падраздзяленняў Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны Узброеных Сіл краіны.

Цудоўнае відовішча прапанаваў у той дзень прысутным ансамбль барабаншчыц. Анансаванае як дэфіле, выступленне дзяўчат “цягнула” на сапраўдны пляц-канцэрт.

Быў і вакальны канцэрт з удзелам “Сівізны” і “Экспрэса”, была салдацкая каша, спартыўныя выступленні, гандлёвыя рады і іншыя атрыбуты свята.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Фрагменты святочнага дня, 9 мая 2014 года. Курган Славы.

Больш фота з святкавання Дня Перамогі тут .

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *