У жыцці заўсёды ёсць месца пошуку. І прыклад ляхавічаніна Мікалая Куліцкага гэта пацвярджае

І сёння дэлегат XV з’езда ВЛКСМ і піянерскага парада на Чырвонай плошчы – у цэнтры грамадскага жыцця.

Цяжкія пасляваенныя гады, дзіцячы дом, вучоба ў інстытуце, служба ў арміі, работа выхавальнікам і выкладчыкам у саўгасе-тэхнікуме, а пасля шмат гадоў у апараце райкама партыі і намеснікам старшыні райвыканкама, актыўная грамадзянская і неабыякавая жыццёвая пазіцыя. Гэта ўсё пра нашага земляка Мікалая Куліцкага – надзвычай цікавага і шчырага чалавека, педагога па адукацыі, патрыёта, краязнаўца па прызванні.

13 жніўня 1965 года ў Сваятыцкі дзіцячы дом №2 (на той час у Ляхавіцкім раёне было 2 дзіцячыя дамы, №1 – у Гулічах, дзе выхоўваліся 90 хлопчыкаў і дзяўчынак) на работу прыйшоў новы старшы выхавальнік Мікалай Куліцкі, былы тутэйшы выхаванец. Дарэчы, адно з яскравых уражанняў яго дзяцінства – невялікае паведамленне ў раённай газеце “Совецкі патрыёт”: “ Выхаванцы дзіцячага дома ў гонар ХХІ з’езда КПСС абавязаліся выгадаваць 1000 трусоў”.

У першы год самастойнай работы Куліцкага мясцовая піянерская дружына імя Аляксандра Матросава прызнана лепшай у раёне. А малады выхавальнік быў удастоены на той час вялікага гонару — абраны дэлегатам ХV з’езда ВЛКСМ. І цяпер у сваім багатым архіве Мікалай Мікалаевіч беражліва захоўвае вымпел з надпісам “Удзельнік ХV з’езда ВЛКСМ і піянерскага парада на Чырвонай плошчы 19 мая 1966 года”. А ў сэрцы ўспамін пра тое, як з рук першай жанчыны-касманаўта Валянціны Церашковай прымаў узнагароду лепшай піянерскай дружыне краіны.

– Вы з такім натхненнем і настальгіяй успамінаеце ўсё гэта…

– Піянерыя – гэта вялікая частка майго жыцця. Заклік “Будзь гатовы!” настройваў рабят і нас, іх старэйшых таварышаў, на карысныя справы. З натхненнем і энтузіязмам рыхтаваліся да злётаў, паходаў па месцах баявой славы. Ладзілася пошукавая работа, праводзіліся агляды песні і строю, збіралі макулатуру і металалом. Прыдумвалі конкурсы і спаборніцтвы, аб’ядноўвалі хлопчыкаў і дзяўчынак цікавымі справамі і прапановамі мае творчыя калегі, якія ў розныя гады працавалі піянерважатымі ў школах Ляхавіччыны — Міхаіл Турко, Аляксандра Рудкоўская, Вольга Плескацэвіч, Ірына Піскун, Ганна Зялёнка, Вера Купрык, Валянціна Гоўша, Зінаіда Мацкевіч, Ніна Ксёнжык, Ядвіга Папко, Аліна Дыдышка, Вольга Жытковіч, Кацярына Легеда, Лідзія Траццяк і многія іншыя.

Мікалай Куліцкі (у другім радзе ў цэнтры) з арлянятамі і ветэранамі Узброеных Сіл СССР.

Ініцыятыўнага выхавальніка заўважылі, і колішні дырэктар СШ №1 Іван Дзегелевіч запрасіў яго на працу піянерважатым. Колькі кіламетраў па месцах баявой славы прайшлі разам вучні і настаўнікі! Побач з піянерважатым былі яго галоўныя памочнікі – атрадныя важатыя, сярод якіх Аляксандр Скалабан, Анатолій Кіеня, браты Анатолій і Васілій Клімовічы.

Зусім маладым Мікалай Куліцкі ўзначаліў раённы Дом піянераў, які тады размяшчаўся ў невялікім драўляным будынку па вуліцы Камсамольскай. У 60 і 70-я гады мінулага стагоддзя там кіпела жыццё. Падлеткаў і моладзі збіралася столькі, што ў памяшканні не ўмяшчаліся, танцы ладзіліся нават на двары. І ў гуртках было сапраўднае паломніцтва, бо працавалі тут людзі, сапраўды захопленыя сваёй справай: Анатолій Рагоўскі – фота-кіназдымкамі, Ніна Сіліцкая – ігрой на мандаліне і гітары, Іван Купрык – шахматамі і шашкамі, Надзея Бацкалевіч – харавымі і сольнымі спевамі, Валянціна Турко – танцамі, Анатолій Коктыш вёў радыёгурток.

Работа выхавальнікам і выкладчыкам у Ляхавіцкім саўгасе-тэхнікуме – асаблівая старонка ў жыцці Куліцкага, і не толькі яго. Адзін з вызначальных момантаў – краязнаўчы пошук.

– Мікалай Мікалаевіч, прыгадайце, калі ласка, як гэта было?

— Я не толькі сам захапіўся пошукавай работай, але і зацікавіў ёй навучэнцаў і выкладчыкаў. Дарэчы, у розны час дырэктарамі гэтай навучальнай установы былі Кацярына Інтарынава, Павел Тупіца, Мяфодзій Пабягайла, пры якіх па крупінках збіраліся экспанаты. Сотні кіламетраў пройдзена па партызанскіх сцяжынках, вёсках, якія ў гады вайны былі пад фашысцкай акупацыяй.

У 1977 годзе прыняў першых наведвальнікаў музей саўгаса-тэхнікума. Толькі ўявіце: былі сабраны звесткі і наладжаны сувязі з 1418 удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны – жыхарамі нашага раёна. Калі пераходзіў на работу ў райкам партыі, па акце перадаў свайму пераемніку 2950 музейных экспанатаў. За кожным з іх свая гісторыя.

Многія наведвальнікі з асаблівым інтарэсам слухалі расказ экскурсаводаў, напрыклад, пра герб Савецкага Саюза, выкладзены з зерня. Над гэтым шэдэўрам цэлы год працавала лабарантка тэхнікума Ірына Кліменка.

— Якія формы работы з моладдзю Вы б вылучылі?

— Помніцца двухтыднёвы лыжны паход, прысвечаны юбілею Узброеных Сіл краіны падчас месячніка ваенна-патрыятычнага выхавання. На лыжах мы з рабятамі праехалі па маршруце Ляхавічы — Івацэвічы — Бяроза, Кобрын – Брэст — Вядомля — Пружаны — Ружаны — Жыровічы — Баранавічы — Ляхавічы. Сустракаліся з ветэранамі вайны, генераламі і радавымі Узброеных Сіл. Пабывалі ў музеі піянера-героя Колі Гойшыка. Уражанняў і ўспамінаў засталося шмат.

Ён умеў знайсці падыход да навучэнцаў, і яны адказвалі яму павагай. Вось вытрымка з аднаго пісьма, якое прыйшло на імя дырэктара тэхнікума Кацярыны Інтарынавай ад былога выпускніка Мікалая Квятко: “Куліцкі адыграў у маім лёсе вялікую ролю. Без яго выхаваўчай работы я не стаў бы сапраўдным чалавекам. Быў бы вельмі рады, каб Мікалай Мікалаевіч узяў шэфства над маім братам, які цяпер вучыцца ў тэхнікуме”.

У тэхнікуме акрамя выхаваўчай работы Мікалай Куліцкі вёў і гурток “Разьба па дрэве”, удзельнікі якога ладзілі цудоўныя выставы. А пасля перамогі на рэспубліканскім конкурсе “Творчасць моладзі” 15 самых таленавітых узнагародзілі паездкай у Маскву на знакамітую ВДНГ СССР. Каб паказаць тэхнікумаўцам славутасці сталіцы, дня не хапіла, і тады Мікалай Мікалаевіч адважыўся на начную вылазку разам са сваімі выхаванцамі: з гасцініцы не выпускалі, таму давялося спускацца з вокнаў па прасцінах. Канешне, рызыкавалі, затое ўдосталь паблукалі па начной Маскве.

Яшчэ юнаком Куліцкі ездзіў да сваякоў у Польшчу. Там у дзядзькі, прафесара Варшаўскай сельскагаспадарчай акадэміі, убачыў рукапіс на польскай мове. А ў ім – разнастайныя звесткі пра вёску Мыслабаж, сярод якіх — расказ пра ўзвядзенне дотаў, дзотаў перад пачаткам Першай сусветнай вайны. Вось тады ён зацікавіўся тэмай абарончых умацаванняў, якіх на тэрыторыі цяперашняга Ляхавіцкага раёна засталося даволі шмат – каля 400.

Мікалай Мікалаевіч, пытанне да Вас як да калегі: калі адбылася проба пяра, і як склалася далейшае супрацоўніцтва з прэсай?

– За сваё жыццё спрабаваў сябе ў многім, у тым ліку ў якасці карэспандэнта. Проба пяра адбылася падчас службы ў арміі: радавым напісаў заметкі пра сваіх саслужыўцаў. Потым былі артыкулы ў абласной газеце “Заря”, рэспубліканскіх “Настаўніцкай газеце”, “Знамя юности”, “Физкультурнике Белоруссии” і, канешне ж, у родным і горача любімым “Будаўніку камунізму”, потым – “Ляхавіцкім весніку”.

Ён пісаў пра выхаванне і адукацыю, пра цяжкіх падлеткаў, пра сваіх землякоў. І цяпер беражліва захоўвае пажоўклыя ад часу газетныя старонкі.

Мікалай Мікалаевіч шчыра любіць сваю малую радзіму і лічыць, што няма ў свеце прыгажэйшых мясцін. Ён перакананы, што прыгажосць заўсёды можна знайсці побач: у Грушаўцы ці Рэпіхаве, у мясцовых лясах ці на воднай гладзі Шчары і Ведзьмы.

Выдатнік народнай асветы, уладальнік нагруднага знака МУС “За самаадданую службу”, удзельнік піянерскіх і камсамольскіх усесаюзных і рэспубліканскіх канферэнцый, Усебеларускага народнага сходу… А яшчэ вось ужо на працягу 35 гадоў Мікалай Куліцкі стаіць на чале райкама прафсаюза работнікаў культуры – арганізоўвае прафсаюзнае жыццё работнікаў устаноў культуры, і газетчыкаў у тым ліку, прычым на грамадскіх пачатках.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА

і з архіва Мікалая КУЛІЦКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *