Мой першы трэнер. 17 мая — Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту

Трэнер па дзюдо і самба Віктар Богуш

Прафесія трэнера значна адрозніваецца ад іншых тым, што арыентавана на пастаянны вынік і перамогу, своеасаблівы доказ вартасці. Уменне запаліць “зорку”, перадаць вопыт рабятам, якія толькі ступаюць на спартыўны шлях, – несумненна, вялікі талент. Кожны трэнер імкнецца, каб менавіта яго выхаванцы дасягнулі вышэйшай прыступкі алімпійскага п’едэстала. Вельмі прыемна і ганарова, калі гэта адбываецца.

На памяць прыходзяць радкі Роберта Раждзественскага:

Спортсмены возникают, вырастая

Из тренера, как ветви из ствола.

Час грянул! Чемпион на пьедестале!

А тренеру негромкая хвала.

Мне пашанцавала, бо не “насіла” з горада ў горад, ад трэнера да трэнера. 8 гадоў назад, калі ўпершыню прыйшла ў дзіцяча-юнацкую спартыўную школу, атмасфера спаборніцтва і дух сяброўства, якія тут убачыла, не пакінулі мяне раўнадушнай. У памяці застаўся момант захаплення ад прыгожай формы белага і сіняга колеру – кімано.

Мой першы настаўнік у спорце – Віктар Мікалаевіч Богуш. Прафесіянал сваёй справы, выдатны трэнер па дзюдо і самба, чалавек надзвычай адказны і добры, адкрыты і шчыры. Менавіта ён дапамог паверыць у сябе, раскрыць здольнасці, і я ніколі не пашкадавала, што пачала займацца менавіта дзюдо. Займаліся мы некалькі дзён у тыдзень, раніцай і вечарам на працягу навучальнага года. Дзякуючы трэнеру, мы сталі адной дружнай сям’ёй, у якой я была адзінай дзяўчынкай. Зразумела, здараліся розныя сітуацыі. Нават бывала, што і на выкладчыка крыўдзіліся, па-абывацельску, але без злосці ў сэрцы. Мы разумелі: усё, што робіць Віктар Мікалаевіч, – неабходна і правільна. Ведалі, за кожнага свайго падапечнага ён гарой, кожнаму забяспечыць максімальную падтрымку і дапамогу.

Усе мае перамогі (а іх больш за 30, рознай вартасці) — дзякуючы трэнеру. Сёння я вучуся і трэніруюся ў Мінску, але прыязджаю дадому і абавязкова іду ў сваю родную ДЮСШ .

Напярэдадні Дня работнікаў фізічнай культуры і спорту ад усёй душы дзякую свайму трэнеру-педагогу не толькі за спартыўныя сакрэты, якія ён раскрыў перад намі, але і за тое, што вучыў быць сапраўднымі людзьмі, адэкватна ацэньваць сябе, з павагай ставіцца да навакольных, цаніць жыццё.

Упэўнена, што да віншавання далучаюцца ўсе мае сябры па камандзе Ляхавіцкай ДЮСШ і кожны, хто праходзіў школу дзюдо і жыцця ў Богуша.

А я па-ранейшаму буду імкнуцца дабівацца жаданых вынікаў – так мяне навучыў мой першы трэнер.

Кацярына РАБЦЭВІЧ,

студэнтка Беларускага

дзяржаўнага педагагічнага

універсітэта імя Максіма Танка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *