Лепшы сябар педагогаў

Святлана Бялецкая (у цэнтры) са сваімі калегамі – старшынямі пярвічак Аленай Бычкоўскай, Наталляй Усенка і Таццянай Абражэвіч.

Сёлета на пачатку сакавіка давялося сустрэць на вуліцы Ляхавіч сваіх былых настаўнікаў, цяпер пенсіянераў з СШ №2. Натхнёныя, у добрым настроі нешта актыўна абмяркоўвалі. Аказалася, яны вярталіся з роднай школы пасля агеньчыка з нагоды Дня жанчын. Гэта адно са шматлікіх мерапрыемстваў, якія ладзяцца сумесна райкамам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і раённым саветам ветэранаў педагагічнай працы для настаўнікаў, выхавальнікаў горада, якія па статусе – пенсіянеры, а па стане душы – па-ранейшаму маладыя, ініцыятыўныя і энергічныя.

– На такіх сустрэчах імкнёмся ствараць атмасферу душэўнасці, дабрыні, цяпла. Няма былых педагогаў, нашы шаноўныя ветэраны заўжды ў страі. Яны – галоўная дапамога, падтрымка. А колькі ідэй у кожнага з іх! — гаворыць старшыня райкама прафсаюза Святлана Бялецкая.

І падчас чарговай вечарыны панавала атмасфера свята і радасці. Запамінальным падарункам для ветэранаў педагагічнай працы (іх прысутнічала каля 70 чалавек) сталі песні, вершы, гумарэскі і танцы ад іх калег, тых, хто сёння сее разумнае, добрае, вечнае. Ганаровыя граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, райкама прафсаюза былі ўручаны самым актыўным і творчым.

Клопат пра ветэранаў працы – важны накірунак дзейнасці райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Яны – жаданыя госці не толькі ў школах, дзіцячых садах ці пазашкольных установах, дзе раней працавалі, але і на раённых мерапрыемствах. Напрыклад, штогод юбіляраў запрашаюць на ўрачыстасці, прымеркаваныя да Дня настаўніка. Актыўна кіпела ветэранскае жыццё, калі старшынёй савета была Галіна Ярац, цяпер грамадскую работу з былымі калегамі ўзначальвае яе пераемніца Людміла Рагацэвіч.

Па словах прафсаюзнага лідара, у кожнай навучальнай установе раёна ў калектыўным дагаворы ёсць пункт, у якім прапісана аказанне матэрыяльнай дапамогі ветэранам працы. І пункт гэты “працуе”, хаця матэрыяльныя магчымасці райкама прафсаюза абмежаваныя.

Развіццё і ўдасканаленне сацыяльнага партнёрства паміж адміністрацыяй і прафкамамі – на парадку дня. Менавіта на гэтым прынцыпе распрацоўваецца раённае пагадненне паміж аддзелам адукацыі, спорту і турызму і райкамам прафсаюза (дакумент мае абавязковую сілу для ўсіх наймальнікаў), а на месцах заключаюцца калектыўныя дагаворы.

Члены прафсаюза маюць дадатковыя гарантыі згодна раённага галіновага пагаднення. Напрыклад, у якасці дадатковай меры стымулявання для тых, хто працуе па кантракце, прадугледжа-на павышэнне тарыфных ставак не менш чым на 5 працэнтаў. Пры адсутнасці іншай работы, на якую неабходна перавесці работніка ў адпаведнасці з медыцынскім заключэннем, яму прадастаўляецца сацыяльны водпуск з частковым захаваннем зарплаты ў памеры не менш за 2/3 стаўкі (акладу). Дадатковы водпуск у памеры 5 дзён даецца работнікам, якія маюць 24, 30 і 42-дзённы асноўны водпуск, і дзень тым, у каго ён доўжыцца 56 дзён. Маці ці бацьку, якія выхоўваюць дваіх ці больш дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў, па іх заяве штомесячна прадастаўляецца дадатковы свабодны ад работы дзень з аплатай у памеры сярэднядзённага заробку.

Райкам прафсаюза актыўна падтрымлівае і аказвае дапамогу маладым работнікам сферы адукацыі. Сярод ільгот і гарантый — кампенсацыя за наём жылля ў памеры 2 базавыя велічыні кожны месяц. Штогод прэміі атрымліваюць пераможцы абароны стажорскай практыкі “Педагагічны дэбют” і іх кіраўнікі.

Сёння прафсаюзная сям’я работнікаў устаноў адукацыі адна з самых вялікіх на прафсаюзнай ніве Ляхавіччыны і налічвае 1200 чалавек (90,6 працэнта ад працуючых у галіне). На думку Святланы Бялецкай, гэта яскрава сведчыць, што работнікі ўстаноў адукацыі давяраюць прафсаюзу, спадзяюцца на яго. Такія адносіны сталі магчымыя дзякуючы і новым формам работы. Цяпер прафсаюз асацыюецца не толькі з віншаваннямі і падарункамі да святаў, але і рэальнай дапамогай, з’яўляецца гарантам прадугледжаных заканадаўствам і калектыўнымі дагаворамі льгот, сувязным звяном паміж адміністрацыяй і калектывам. Самыя шматлікія пярвічкі — у гарадскіх школах, гімназіі, дзіцячых садах № 1 і № 3. Дарэчы, нядаўна стала на адну пярвічку больш – да прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі далучылася ячэйка дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы.

Пра тое, што кіраўнікі пярвічак — сапраўдныя прафсаюзныя лідары, гаворыць і той факт, што сёлета ў час справаздачна-выбарнай кампаніі ва ўстановах адукацыі раёна з 36 старшынь памянялася толькі 12, астатнія пераабраны на наступны тэрмін. Пярвічку Зубелевіцкай БШ паспяхова ўзначальвае Алена Бычкоўская. Творчыя, апантаныя сваёй справай работнікі ў д/с № 3 (старшыня пярвічкі Людміла Мяжуева), тут ладзяцца разнастайныя фестывалі, конкурсы, агляды. Прафсаюзная ячэйка дзіцячага сада № 1, якую ўзначальвае старшыня Наталля Усенка, стала пераможцай абласнога агляду-конкурсу па грамадскім кантролі за выкананнем закона аб ахове працы. У пярвічцы СШ №1 (старшыня прафкама Таццяна Абражэвіч) вядзецца актыўная работа з ветэранамі калектыву. У прафарганізацыі Крывошынскай СШ на чале з Сяргеем Турчанкам можна павучыцца наладжванню сацыяльнага партнёрства з адміністрацыяй установы. У гэтым накірунку паспяхова дзейнічаюць і прафсаюзныя арганізацыі Дараўскага і Малагарадзішчанскага ДС-СШ (старшыні прафкамаў Святлана Горка і Вольга Пляшэвіч).

– З такімі калегамі можна вырашаць любыя, нават самыя складаныя задачы. Яны шмат робяць для стварэння спрыяльных умоў і для працы, і для адпачынку сваіх калег, — пераканана Святлана Бялецкая.

Разам з тым яна адзначае, што неабходна актывізаваць работу па ўдасканаленні санітарна-бытавых умоў працы і жыцця, арганізацыі харчавання працуючых у галіне, клапаціцца пра рост прафсаюзных радоў. І, канешне, аснова асноў прафсаюзнай работы — абарона прафесійных, працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў работнікаў сістэмы адукацыі Ляхавіччыны.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *