З пазіцый любві. У Ляхавічах прайшоў «круглы стол», прысвечаны ролі сям’і ў грамадстве

Роля сям’і ў сучасным жыцці, выхаванне падрастаючага пакалення на прынцыпах гуманізму, патрыятызму, любві да блізкіх; кансалідацыя грамадства, арганізацыя вольнага часу дзяцей, моладзі, дарослых, далейшае аб’яднанне намаганняў дзяржавы і царквы ў вырашэнні агульных задач — далёка не поўны пералік тэм абмеркавання за “круглым сталом”, што праводзіўся падчас рэспубліканскай дзяржаўна-царкоўнай духоўна-асветніцкай праграмы “Сям’я — Яднанне — Айчына”.

У пасяджэнні прынялі ўдзел старшыні райвыканкама і райсавета Вячаслаў Сельмановіч і Яўгеній Юрлевіч, настаяцель Святакрыжаўзвіжанскай царквы протаіерэй Георгій Жытко, педагогі, медыкі, работнікі ўстаноў культуры, ідэолагі.

Кіраўнік раённай выканаўчай улады падзякаваў за ўдала арганізаваную і надзвычай насычаную праграму. Не толькі на выставе, дзе праходзілі літургіі, малебны, можна было датыкнуцца да ўзвышанага, пабачыць факсімільныя выданні, але і ва ўстановах адукацыі, аховы здароўя (прэзентацыі кніг, семінары, сустрэчы са свяшчэннаслужыцелямі і інш.). “Сям’я – гэта першааснова, тое, што складае дабрабыт як некалькіх чалавек, так і ўсяго рэгіёну. За эканамічнымі паказчыкамі ні ў якім разе нельга забываць пра духоўныя складальнікі. Ад таго, якая атмасфера пануе ў сям’і, залежыць, з якім настроем, з якімі думкамі прыйдзе чалавек на работу ці вучобу і як будзе выконваць свае прафесійныя абавязкі. Неабходна знайсці індывідуальны падыход да кожнага, толькі тады можна чакаць ад яго выніку”, — адзначыў Вячаслаў Сельмановіч.

Шмат агульных прыярытэтаў у школы і царквы: прапаганда здаровага ладу жыцця, выкарыстанне культурнай спадчыны ў фарміраванні духоўна-маральных каштоўнасцей, выхаванне міласэрнасці, суперажывання, дабрачыннасці, супрацьдзеянне распаўсюджванню насілля, наркаманіі, алкагалізму. Пра гэта і пра важнасць захавання ідэалаў сям’і гаварыла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Зубік. У якасці прыкладу прыводзілася работа Дараўскага ДС-СШ: тут ва ўсіх мерапрыемствах бяруць удзел як праваслаўныя, так і каталіцкія служыцелі культу.

Куратар духоўна-асветніцкага праекта “Школа бацькоўства” дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Кірпіч спыніўся на ўнікальнасці ролі і месцы бацькі ў сям’і, адзначыў, што сучасныя мужчыны павінны несці адказнасць не толькі за матэрыяльную паспяховасць сям’і, але і за духоўную адукацыю сваіх дзяцей, іх унутраны свет. Асноўныя функцыі бацькі – абаронца, кармілец, лідар, настаўнік і сябар. У гэтым кантэксце было ўзнята пытанне арганізацыі дня татаў.

Хрысціянскі пункт погляду на выхаванне падрастаючага пакалення, выключную ролю сям’і ў грамадстве выказаў благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі айцец Георгій: «Сям’я – гэта нібы малая царква, якая жыве па законах любві, даверу, спагады і разумення. Менавіта тут павінны закладвацца хрысціянскія каштоўнасці маралі. Малітоўна жадаю, каб у сем’ях бацькі былі не не проста кантралюючай інстанцыяй, але і праваднікамі дзяцей да ідэалаў дабра, справядлівасці, веры”.

Яўгеній Юрлевіч адзначыў: ад таго, як у сям’і бацька і маці адносяцца адзін да аднаго, да сваіх бацькоў, залежыць і тое, як да іх будуць ставіцца дзеці. Важна, каб гэтыя адносіны былі толькі пазітыўнымі, узаемапаважлівымі, без усякага вяршэнства з пазіцыі сілы. Тады не будзе ні абыякавасці ў адносінах, ні здрады, а толькі лад і дабрабыт.

Напрыканцы сустрэчы Вячаслаў Сельмановіч выказаў спадзяванне на больш цеснае супрацоўніцтва і з праваслаўнай царквой, і з іншымі рэлігійнымі канфесіямі, якія зарэгістраваны ў раёне.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *