Язда без правіл у Ляхавіцкім раёне не пракаціць

З пачатку года на тэрыторыі Брэстчыны з удзелам двухколых транспартных сродкаў зарэгістравана 27 ДТЗ, з якіх 21 – па віне матацыклістаў (5 былі ў стане алкагольнага ап’янення). У гэтых здарэннях 6 чалавек загінулі, 23 атрымалі траўмы. На тэрыторыі нашага раёна такіх здарэнняў сёлета не было.

Асноўныя прычыны, якія прывялі да аварый на дарозе, — незахаванне скорасных рэжымаў, кіраванне транспартам у нецвярозым стане, парушэнне правілаў абгону і манеўравання. І ў нашым раёне рэдка які дзень абыходзіцца без трывожных паведамленняў пра тое, што па вуліцах і дарогах горада і вёсак лётаюць на вялікай скорасці матацыклы.

Матацыкл — транспарт скорасны. Аднак, гэта мала-ўстойлівая машына, прычым, вадзіцель і пасажыр практычна не абаронены, што ў шмат разоў павялічвае ступень цяжкасці наступстваў пры ДТЗ. Як сведчыць статыстыка, з усіх аварый з удзелам матацыклістаў у 70 працэнтах выпадкаў вінаваты вадзіцелі “сталёвых коней”.

З 21 па 30 мая на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна праходзіць дэкада “Матацыкліст” па папярэджанні ДТЗ сярод вадзіцеляў матацыклаў, мапедаў і іншых двухколых транспартных сродкаў.

Нялішнім будзе нагадаць, што за кіраванне транспартным сродкам без права на гэта кіраванне, як і за перадачу кіравання аўтамабілем ці матацыклам асобе без вадзіцельскага пасведчання прадугледжаны штраф у памеры ад 5 да 20 базавых велічынь. А калі на працягу года такія парушэнні паўтараюцца, то кашалёк вінаватага можа палягчэць на суму ад 20 да 50 БВ.

Мікалай ДЫЛЕЎСКІ,

старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *