Ліпскія замалёўкі /фота/

Адны з лепшых механізатараў СВК «Ліпнянка» Віктар Гачко і Іван Буйкевіч.

На пад’ездзе да Ліпска, здаецца, сонца высадзіла свой дэсант – такім асляпляльна-жоўтым рапсавым пейзажам сустракае аграгарадок. Тутэйшыя жыхары расказваюць, што некалі ў гэтых краях расла безліч ліпаў – адсюль і назва вёскі. Мясціны тут – залюбуешся, прырода –зачаруешся.

Населены пункт – адзін з самых вялікіх у раёне. Аграгарадок жыве, развіваецца, нараджаюцца і вылятаюць, як птушкі з гнязда, дзеці. Што ні чалавек – носьбіт гісторыі і традыцый Ліпска, яго багатай спадчыны і адметных падзей.

На мясцовай школе размешчана мемарыяльная дошка ў гонар славутага земляка – поўнага кавалера ордэна Славы Аляксандра Малевіча. Партызаніў у Вялікую Айчынную. На фронце камандзір стралковага аддзялення вызначыўся пры вызваленні Польшчы і ў баях на тэрыторыі Германіі. Вярнуўся з вайны, наладжваў мірнае жыццё, працаваў лесніком, займаўся пчалярствам. Памяць пра роднага чалавека свята захоўваюць чацвёра дзяцей (2 сыны і 2 дачкі, трое з якіх тут жа, у вёсцы), 7 унукаў і 5 праўнукаў. Дарэчы, у бацькоўскім доме жыве сям’я малодшага сына Аляксандра, якая сёння займаецца фермерствам. На чале фермерскай гаспадаркі “Ліпнянка-Агра” Наталля Малевіч – жанчына дзелавая і прадпрымальная. Стараннасці сям’і не займаць – вырошчваюць агародніну на плошчы 25 гектараў, трымаюць падсобную гаспадарку.

У Ліпскай СШ вучыўся кавалер трох ордэнаў Славы Аляксандр Малевіч.

Ветлівую і працавітую Зінаіду Дыдышка праславіла ўменне пячы смачны хлеб з іржаной мукі. Яна і сёння можа даць майстар-класс па хлебапячэнні, сакрэты якога ёй перадала бабуля. Для гэтага ў гаспадыні маюцца ўсе неабходныя прыстасаванні: драўляная кадушка, бляхі для выпякання і самае галоўнае – сапраўдная руская печ.

– Каб рашчыніць цеста, трэба наскрэбці зваранай бульбы і патаўчы яе, дабавіць вады, працадзіць. Лішняе выліць, усыпаць муку і паставіць на печ на дзень і ноч кіснуць. Раніцай вымесіць цеста, даць яму падысці, раскласці па формах – і ў печ, – дзеліцца сакрэтам смачнага хлеба Зінаіда Іванаўна.

Памяць яе захоўвае дзіцячыя ўспаміны пра вайну. Пяклі хлеб, перадавалі партызанам. Перад тым, як немцы спалілі Залужжа, бабуля, якая выхоўвала яе з сястрой, адправіла дзяўчынку да сваякоў… Сірата, з дзяцінства прывучаная да сялянскай працы, спаўна зведала горкую прозу жыцця. Малола зерне, пякла хлеб, прала, ткала. Сама часала воўну, прыдумвала мудрагелістыя ўзоры. Хадзіла ў Баранавічы па фарбы для нітак, каб абрус атрымаўся “жывым” і яркім. І за кросны. Ткаць, ткаць… Рана засталася ўдавой, адна расціла чатырох дачушак.

Смак хлеба Зінаіды Дыдышка ведаюць не толькі ў Ліпску.

– Жылося цяжка, але цікава. Людзі ў нас добрыя, шчырыя, падтрымлівалі адзін аднаго – а разам заўсёды спраўней, – жыццярадасна адзначае 79-гадовая жанчына. Яе багацце ў дочках, 8 унуках і 4 праўнуках.

Адрас педагога, у мінулым настаўніцы матэматыкі Ніны Вольскай ведаюць і не забываюць вучні, былыя выпускнікі. Ураджэнка Магілёўшчыны за амаль 60 гадоў стала сваёй у Ліпску. Прыйшла ў школу, не маючы педагагічнай спецыяльнасці. Настаўнікі сустрэлі дзяўчыну добразычліва і ветліва. Атрымала вышэйшую адукацыю, была арганізатарам, завучам па вытворчым навучанні. Кожны дзень у школу спяшаліся 650 вучняў, займаліся ў 3 змены. 11 гадоў Ніна Іванаўна была сакратаром партыйнай арганізацыі і тады ж яе абралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Яна і сёння асоба ў вёсцы паважаная.

…Ёй было 8 гадоў, калі бацька загінуў на вайне:

– З жахам успамінаю ваеннае дзяцінства. Нас у мамы было чацвёра. Калі прыйшла пахавальная на тату, умомант пасталелі. Трэба было выжываць…

– Дысцыпліна ў савецкі час была вельмі строгай. Хацела адмовіцца ад пасады арганізатара, бо дзіцяці быў месячык, – вызвалі на партбюро. Муж з сынам застаўся ў калідоры чакаць. Сказалі, што трэба, – успамінае Ніна Іванаўна.

Ветэран працы Ніна Вольская – нераўнадушны чалавек.

Так і працавала, сумяшчала школьныя абавязкі з удзелам у камісіі па народнай адукацыі, у пасяджэннях сесій, з сустрэчамі з выбаршчыкамі, з дапамогай землякам у вырашэнні спрэчных пытанняў і праблем… Трое сыноў радавалі бацькоў і вучобай, і паводзінамі. Жанчына беражліва захоўвае іх граматы і шматлікія падзякі, залаты медаль сярэдняга сына Міхаіла. Усе трое выраслі дастойнымі людзьмі, атрымалі вышэйшую адукацыю.

Двор ліпчан Віктара і Марыны Гатоўчыцаў уражвае дагледжанасцю. Для сваіх дзяцей Антона, Мішы і Надзі яны стварылі сапраўдны цуд. Тут і альтанка, і турнікі, і казачныя персанажы, і мноства кветак. Марына працуе настаўніцай у Ліпскай СШ, зараз у дэкрэтным водпуску з двухгадовай дачушкай. Усё ў іх доме прасякнута любоўю, павагай і ўзаемадаверам. Сям’я летась стала пераможцай раённага конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне двара. Трымаюць гаспадарку, вядуць здаровы лад жыцця. Галава сям’і – выратавальнік мясцовага пажарнага аварыйна-выратавальнага паста, удзельнічае ў бегавых марафонах і сяброўскіх забегах. У нацыянальным фестывалі бегу “Языльская дзясятка” ў мінулым годзе заняў 3 месца. Да фізічнай культуры ён далучае ўсю сям’ю.

Дружная сям’я Гатоўчыцаў.

Радуе, што і маладыя сем’і звязваюць сваё жыццё з вёскай. Як гавораць, “дзе нарадзіўся – там і згадзіўся”. Народ тут працавіты, энергічны, некаторыя маюць падсобную гаспадарку.

Стараста вёскі Валянціна Дыдышка, якая 9 гадоў на гэтай пасадзе, расказвае, што некалі толькі тыя, хто жыве ў шматкватэрніках, трымалі 82 каровы. Зараз, праўда, толькі 4. І ў гаспадарцы Валянціны Сцяпанаўны ў хляве суседнічаюць карова і конь.

У сельскім Доме культуры ладзяцца дыскатэкі, разнастайныя святочныя праграмы. Сапраўднай падзеяй штогод становіцца свята вёскі. Той, хто імкнецца і жадае, знаходзіць сабе справу па інтарэсе. Фальклорная група “Ліпчанка” – адпачынак у жыццёвым кругазвароце для яе ўдзельнікаў. Вера Здановіч, якая шмат гадоў спявае ў ёй, расказвае, што ў рэпертуары “Ліпчанкі” розныя песні, але па душы – народныя, песні бацькоў. У складзе народнага Ліпскага хору СДК як моладзь, так і людзі больш сталага ўзросту.

У чарадзе дзён узнікаюць пытанні, якія мясцовыя жыхары не могуць вырашыць самастойна. Пенсіянерам цяжка насіць на другі паверх дровы – патрэбна цэнтральнае ацяпленне. Просяць, каб доктар часцей прыязджаў на ФАП. А яшчэ хвалюе стан цэнтральнай і іншых вуліц.

Кацярына Дыдышка (справа)

Растуць у аграгарадку дзеткі. Іх у мясцовай школе 109. Яны ганарацца сваімі землякамі. Ведаюць і пра Сцяпана Бурбіцкага, які штурмаваў Зімні палац у Грамадзянскую вайну.

Развівае таленты хлопчыкаў і дзяўчынак філіял Тухавіцкай школы мастацтваў. Работа Кацярыны Дыдышка “Восень залатая” (настаўнік Васілій Грынь) прымала ўдзел у міжнародным конкурсе жывапісу і графікі “На сваёй зямлі”.

Працяг гісторыі роднай вёскі будуць пісаць яны, цяперашнія школьнікі. Няхай ён будзе цікавым і шчаслівым. Няхай мясцовая гаспадарка – СВК “Ліпнянка” – набярэ моцы, няхай у маладога старшыні Святланы Курэц і яе калег гэта атрымаецца.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Аператары машыннага даення Наталля Дыдышка і Таццяна Уліцкая

Вадзіцель Генадзій Івановіч па выніках мінулага года – лепшы па прафесіі ў раёне.

Стараста вёскі Валянціна Дыдышка і Вера Здановіч

Маладыя сем’і ў вёсцы – аптымістычная прыкмета

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *