Прамарудзіш- прайграеш. На Ляхавіччыне працягваецца касавіца

Хто косіць, а хто яшчэ вырашае: больш карысці ад зялёнай масы, убранай з расой, ці пасля таго, як яна спадзе. Самы правільны адказ на гэтае пытанне той, які заклікае касіць увесь дзень. Так, як робяць у СВК “Шлях новы”. Пакуль дэбаты вядуць многія аматары паразважаць, у гэтай гаспадарцы ўжо закладваецца другая сянажная траншэя. Распачалі корманарыхтоўкі ў ДП “Нача”, СВК “Ляхавіцкі”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”. Дарэчы, апошняя арганізацыя стараецца як для сябе, так і для іншых, напрыклад, на сенажацях ЗАТ “Белпрампрыбор” здалёк віднеюцца спрасаваныя рулоны зялёнай масы, абцягнутыя плёнкай. Усё больш гаспадарак раёна пераконваецца ў рацыянальнасці прымянення перадавых тэхналогій пры нарыхтоўцы кармоў. Вось і гэтае сельгаспрадпрыемства закупіла ўсё неабходнае для забеспячэння работы агрэгата і цяпер арандуе яго ў райаграсэрвісе. Механізаванае звяно райаграсэрвіса прыступае да касавіцы ў СВК “Тальмінавічы”.

Але некаторыя гаспадаркі яшчэ ўсё марудзяць, а калі і пачалі сенакашэнне, то вельмі нізкімі тэмпамі. Як растлумачыў галоўны спецыяліст па корманарыхтоўках райсельгасхарчу Ігар Яварчук, у іх усё менш шанцаў мець кармы спажыўныя і якасныя: раннія злакавыя травы ўжо “выкінулі мяцёлкі”, пасля чаго трава пачынае грубець. У фазе бутанізацыі знаходзіцца канюшына – самы час для касьбы, які ўпусціць непажадана.

На ўчарашні дзень у раёне скошана 1859 гектараў травастою — 16 працэнтаў да плана, убрана 576 гектараў. Плошча ўсіх лугапашавых угоддзяў Ляхавіччыны, уключаных у план першага ўкосу, — 11600 гектараў.

Часу на раскачку не даецца. Хто першы – той будзе з кармамі, а, значыць, з малаком і мясам.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *