Турыстычны ход гасціннасці. У Ляхавіцкім раёне прайшоў абласны турзлёт

Пасля доўгага перапынку Ляхавіччына стала месцам правядзення абласнога турзлёту школьнікаў, сціслая інфармацыя аб якім – калі пачаўся, дзе праходзіў, якое рэгіянальнае прадстаўніцтва меў і некаторыя іншыя моманты – ужо была прадстаўлена “ЛВ”.

Дзве брэсцкія, гарадоў Баранавічы, Пінска і, за адным выключэннем, усіх раёнаў вобласці каманды разбілі бівак у лясным масіве недалёка ад Лабузоў. На 4 дні, між іншым, што таксама ў немалой ступені характарызуе злёт як падзею сур’ёзную. Лабузы таму, што ландшафтныя ўмовы гэтых мясцін (лес, выпрацаваны кар’ер у якасці “гор”) нядрэнна адпавядаюць і могуць быць выкарыстаны ў якасці неабходнай для правядзення спецыялізаваных выпрабаванняў і турыстычных тэхнік натуры. Распрацавана і падрабязная маштабная карта мясцовасці, што з’яўляецца абавязковым патрабаваннем да пляцовак правядзення турыстычных спаборніцтваў.

Атлетычная падрыхтоўка, валоданне разнастайнымі тэхнікамі, музычнымі навыкамі, веданне берасцейскага краю – пры адсутнасці ў камандным арсенале хоць нечага з пералічанага разлічваць на роўнае праходжанне няпростай чатырохдзённай дыстанцыі злёту не даводзілася. Два блокі іспытаў – турыстычны, куды ўваходзілі спартыўнае арыентаванне, тэхнікі горна-пешаходнага і веласіпеднага турызму, і конкурсны (дартс, краязнаўчая віктарына, конкурсы турыстычных вузлоў, быту, песні) наводзяць іменна на такую думку.

У напружанай барацьбе галоўную перамогу атрымала каманда Камянецкага раёна. Лепшыя ў мінулым годзе баранавіцкія гараджане сёлета апусціліся на прыступку ніжэй, а каманда аднаго з раёнаў абласнога цэнтра замкнула тройку прызёраў. У каманды гаспадароў спаборніцтваў у складзе старшакласнікаў Дараўскай, Конькаўскай і Крывошынскай школ шостае месца ў асноўнай намінацыі і прызавое трэцяе па выніках конкурснага блока злёту. Такі вынік, што рабяты дасягнулі пад кіраўніцтвам настаўнікаў Валерыя Кендыша, Вячаслава Ксёнжыка, Ігара Вітко, можна лічыць здавальняючым.

Прысвечаны Году гасціннасці і 70-годдзю вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў, абласны турзлёт школьнікаў, па словах дырэктара раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Уладзіміра Погаса, прайшоў на належным арганізацыйным узроўні. А дождж, што здарыўся на нейкім прамежку часу, нават на настроі не пакінуў ніякага адбітку. “Выпадковых там не было. Ведалі, на што збіраліся, усе удзельнікі мелі адпаведную падрыхтоўку, былі належным чынам экіпіраваны і гатовы да рознага”, — падвёў вынік Уладзімір Погас.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *