У ахове правапарадку памочнікі лішнімі не бываюць.У Ляхавіцкім раёне прайшло выязное пасяджэнне пастаяннай камісіі па пытаннях законнасці і правапарадку, дэпутацкай этыцы абласнога Савета дэпутатаў

Дэпутаты абласнога Савета на чале са старшынёй Сяргеем Ашмянцавым працавалі ў нашым раёне.

У Ляхавіцкім раёне прайшло выязное пасяджэнне пастаяннай камісіі па пытаннях законнасці і правапарадку, дэпутацкай этыцы абласнога Савета дэпутатаў. Народныя абраннікі на чале з кіраўніком дэпутацкага корпуса Брэстчыны Сяргеем Ашмянцавым наведалі Жарабковіцкі сельсавет, дзе на месцы пазнаёміліся са станам спраў, з работай добраахвотных дружын, вывучалі ўзаемадзеянне кіраўніцтва СВК “Жарабковічы”, сельвыканкама, старастаў, педагогаў у прафілактыцы негатыўных з’яў у грамадстве.

– Сельвыканкамы – бліжэйшая ўлада да людзей у вёсцы, яны знутры бачаць праблемы і павінны дапамагаць у іх вырашэнні, — падкрэсліў Сяргей Ашмянцаў.

Стан работы па каардынацыі дзейнасці добраахвотных дружын, меры стымулявання дружыннікаў дэталёва разглядаліся на выніковым пасяджэнні з удзелам прадстаўнікоў дэпутацкага корпуса Брэстчыны, старшыні Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў Яўгенія Юрлевіча, старшынь сельвыканкамаў, супрацоўнікаў РАУС і РАНС, адміністрацый гарадскіх школ, найбольш актыўных старастаў вёсак, прадстаўнікоў іншых структур. Старшыня пастаяннай камісіі па пытаннях законнасці і правапарадку, дэпутацкай этыцы начальнік абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Канстанцін Шаршуновіч акцэнтаваў увагу на неабходнасці кансалідаваць дзеянні ўсіх зацікаўленых службаў і ведамстваў супраць парушальнікаў грамадскага парадку.

Намеснік начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама Валерый Угляніца адзначыў, што на Брэстчыне самыя нізкія паказчыкі па колькасці злачынстваў на 10 000 насельніцтва (26,9), аднак з пачатку года іх зарэгістравана больш, чым за аналагічны перыяд 2013 года. 61 працэнт ад агульнай колькасці злачынстваў у грамадскіх месцах – крадзяжы. Востра стаіць пытанне рэцыдыўнай злачыннасці. Выклікаюць заклапочанасць парушэнне закона падлеткамі, рост колькасці дарожна-транспартных здарэнняў.

Валерый Пятровіч спыніўся на сумеснай рабоце аддзелаў унутраных спраў з добраахвотнымі дружынамі і грамадскімі пунктамі аховы правапарадку. Сёння ў вобласці налічваецца 556 добраахвотных дружын праваахоўнай накіраванасці (24 з якіх – маладзёжныя) – а гэта больш за 5000 чалавек. Працуе 241 пункт аховы грамадскага парадку (199 у сельскай мясцовасці). За 4 месяцы 2013 года дружыннікі спынілі 1633 адміністрацыйныя правапарушэнні, а за аналагічны перыяд сёлета – 3108. Ёсць вынікі і ў раскрыцці злачынстваў.

Сярод праблем Валерый Угляніца назваў недастатковае ўзаемадзеянне раённых аддзелаў унутраных спраў, якія павінны кантраляваць і каардынаваць дзейнасць дружын, з добраахвотнымі памочнікамі. Патрабуе павышэння эфектыўнасці работа саветаў па прафілактыцы пры сельвыканкамах. Уздымалася і пытанне страхавання членаў добраахвотных дружын.

Начальнік Ляхавіцкага РАУС Аляксандр Ермакоў спыніўся на шэрагу накірункаў прафілактычнай работы з насельніцтвам раёна. На Ляхавіччыне дзейнічаюць 8 пунктаў аховы правапарадку, 14 добраахвотных дружын (у складзе якіх 94 чалавекі). У асноўным яны нясуць дзяжурствы па пятніцах, суботах, нядзелях. З пачатку года адбыліся 10 пасяджэнняў савета па прафілактыцы – разгледжаны супрацьпраўныя дзеянні 23-х чалавек. Кожны месяц супрацоўнікі РАУС адпраўляюць у сельвыканкамы спісы асоб, якія пераступілі закон.

Што датычыцца мер стымулявання, то, напрыклад, члены добраахвотнай дружыны райаграсэрвіса па калектыўным дагаворы атрымліваюць у якасці платы за кожнае дзяжурства базавую велічыню. У іншых арганізацыях устанаўліваюцца дадатковыя дні да водпуску.

Адзначалася, што некаторыя зарэгістраваныя добраахвотныя дружыны дзейнічаюць фармальна, у якасці прыкладу былі названы каманды ПМС, ПМК-13. Накіравана хадайніцтва ў райвыканкам аб спыненні дзейнасці гэтых дружын па прычыне іх неэфектыўнасці.

Як адзначыў Сяргей Ашмянцаў, у рабоце па ахове правапарадку ні ў якім разе не павінна быць фармалізму, адпісак, абыякавасці. А добраахвотныя дружыны, саветы па прафілактыцы, пункты грамадскага парадку павінны дзейнічаць не на паперы, а на справе. На варце правоў і законных інтарэсаў грамадзян лішніх памочнікаў не бывае.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *