Творчасць “у дзясятачку”

Юбілейны, дзясяты, фестываль абласной прэсы прайшоў у Брэсце. Прайшоў незабыўна, святочна, урачыста, як і заўсёды гэта бывае. І, як у папярэднія разы, з журналістамі ў гэты дзень быў кіраўнік вобласці.

Менавіта старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар 10 гадоў назад падтрымаў ідэю абласнога аддзялення ГА «Беларускі саюз журналістаў» аб арганізацыі творчага конкурсу паміж рэдакцыямі абласных, гарадскіх і раённых газет, тэлебачання і радыё, прафесіянальных журналістаў. Як адзначыў Канстанцін Андрэевіч, прайшоўшае дзесяцігоддзе і для яго як для кіраўніка вельмі значнае — 10 гадоў назад ён быў прызначаны на пасаду старшыні Брэсцкага аблвыканкама: “Можна сказаць, што гэты перыяд часу мы з вамі прайшлі разам, разбіраючыся ў праблемах і вырашаючы пытанні, накіраваныя на развіццё Брэстчыны і павышэнне якасці жыцця людзей”.

Аргументы і факты на карысць гэтага красамоўныя. Умацоўваецца эканоміка. Аб’ём прамысловай вытворчасці павялічаны ў 3,3 раза і сёння складае амаль 6,7 мільярда долараў. 2,1 мільярда долараў – валавы аб’ём вытворчасці сельгаспрадукцыі. Старшыня аблвыканкама канстатаваў: вобласць стала лідарам у краіне па экспарце прадукцыі сельскай гаспадаркі і харчавання. Летась Брэстчына экспартавала харчавання на суму 1,4 мільярда долараў, а ў цэлым знешнегандлёвы абарот у мінулым годзе дасягнуў амаль 4,9 мільярда долараў. Мы гандлюем са 124 дзяржавамі. Штогод павялічваецца аб’ём прыцягнення замежных інвестыцый.

Дзякуючы шырокай геаграфіі ў тым ліку і фестываляў прэсы, выязных прэс-канферэнцый, творчых семінараў, журналісты на ўласныя вочы пераконваюцца, як прыгажэюць раёны, абласны цэнтр. Брэстчына расцвітае. Нельга не захапляцца нашым сёння! Хіба не падстава для гонару тыя вынікі працы, пра якія гаварыў Канстанцін Андрэевіч. 2 універсітэты (у Баранавічах і Пінску) адкрыты за гэты час. Сёння мы маем магчымасць рыхтаваць спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй практычна па ўсіх неабходных вобласці спецыяльнасцях, за выключэннем урачоў. Пабудаваны і рэканструяваны дзясяткі аб’ектаў аховы здароўя. Нашы медыкі асвоілі высокатэхналагічныя аперацыі на сэрца, па перасадцы нырак, печані.

Кіраўнік вобласці адзначыў, што такой колькасці і якасці спартыўных аб’ектаў, якія за апошнія гады пабудаваны на Брэстчыне, па-добраму можна пазайздросціць. І, мусіць, самы жыццесцвярджальны, аптымістычны факт нашага быцця – летась наша вобласць, адзіная ў краіне, выйшла на натуральны прырост насельніцтва.

Канстанцін Андрэевіч гаварыў пра падтрымку таленавітай моладзі, пра заснаванне стыпендый і прэмій студэнтам і адораным навучэнцам. Гэтае і многае іншае з’яўляецца праяўленнем дзяржаўнага клопату пра людзей.

Канстанцін Сумар падзякаваў журналістам за ўклад у летапіс стваральнасці і падкрэсліў, што “журналістыка Брэстчыны ва ўсе часы высока трымала творчую планку”.

Зала абласнога грамадска-культурнага цэнтра была паўнюткая. Акрамя пераможцаў творчага конкурсу на ўрачыстасць – і гэта цудоўна! – былі запрошаны ветэраны журналістыкі, а таксама нашы будучыя калегі, якія вучацца прафесіі ў Брэсцкім універсітэце. Мяркую па ўзрушанасці былога рэдактара “ЛВ” Іосіфа Карпызы, такая сустрэча многіх пакаленняў журналістаў пад адным дахам ды яшчэ са святочнай нагоды – тое, што трэба!

Хвалюючыя моманты аб’яўлення вынікаў абласнога конкурсу… Дыпломы пераможцам уручалі старшыня абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар, яго намеснік Леанід Цупрык, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў. Сярод пераможцаў і рэдакцыя “Ляхавіцкага весніка” – за арыгінальны творчы праект “Аповесць пра Ляхавічы ў маналогах ляхавічан”.

…Брэсцкая крэпасць патанала ў сонцы. Тут заўсёды бываеш, бы ўпершыню. Сціскаецца сэрца, і можна не хаваць слёзы. Кветкі да помніка загінуўшым у час Вялікай Айчыннай вайны абаронцам нашай святой і няскоранай зямлі, як і праз сэрца прапушчаныя друкаваныя радкі пра герояў вогненных гадоў, — так мы выказваем бязмежную ўдзячнасць за мір у нашым доме.

Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *