Бацькоўская мудрасць і юнацкія амбіцыі – стваральны саюз


Моладзь – гэта будучыня нашай краіны, рухавік прагрэсу, навейшых тэхналогій у навуцы, адукацыі, прамысловасці, культуры. У маладых свой, свежы погляд на жыццё. І ў многім ад іх залежыць дабрабыт краіны і ўсіх яе жыхароў. Старэйшаму пакаленню хочацца спадзявацца, што моладзь забяспечыць яму заможную старасць. А каб так і было, моладзь трэба выхоўваць.
Сёння я і мае равеснікі стаім перад выбарам прафесіі. Часта наш выбар не супадае з выбарам бацькоў з-за таго, што яны бачаць нашу будучую работу з добрай зарплатай, падыходзяць да яе з практычнага боку. А мы пра гэта яшчэ не думаем, нам хочацца вучыцца там, дзе падабаецца, і атрымліваць тую прафесію, пра якую марыў з дзяцінства. Так у сем’ях пачынаюцца канфлікты. Добра, калі ў бацькоў хапае мудрасці саступіць настойлівасці сына ці дачкі. А калі не? Пасля пачынаюцца праблемы з вучобай, стасункамі з бацькамі, паміж імі і дзецьмі расце сцяна непаразумення.
Я хачу закрануць праблему запытаў маіх равеснікаў. Чаго яны хочуць яшчэ, акрамя ўзаемаразумення з бацькамі? Яны хочуць выкарыстоўваць добры вопыт старэйшага пакалення, мець мудрых старэйшых суразмоўцаў, справядлівых настаўнікаў, якія б дапамагалі сваімі парадамі і пры гэтым цанілі нашу ініцыятыву, неардынарнасць, творчы падыход да справы.
Часта можна пачуць, што раней моладзь была намнога лепшая. Многія сталыя людзі баяцца, што іх дзеці вырастуць няўдзячнымі і забудуцца пра сваіх бацькоў. Але гэта зусім не агульныя рысы пакалення, а хутчэй тое, што залежыць ад сямейнага выхавання, ад тых жыццёвых прыкладаў, якія сённяшнія юнакі і дзяўчаты бачылі перад сабой з дзяцінства.
Большасць маіх сучаснікаў выбірае здаровы лад жыцця. Праўда, ёсць і такія, хто не дбае пра сваё здароўе і марнуе яго цыгарэтамі, алкаголем, наркотыкамі. Не апошнюю ролю ў гэтых “прыхільнасцях”, трэба прызнаць, адыграла пазіцыя бацькоў, іх звычкі.
Сучасная моладзь выбірае жыццё, напоўненае духоўнымі каштоўнасцямі, кіруецца ў сваіх паводзінах не толькі юрыдычнымі законамі, але і законамі маралі. Мы хочам бачыць сваю краіну квітнеючай, моцнай, з высокім узроўнем жыцця. І разумеем, што ад нас на самай справе залежыць вельмі многае.
Алеся БЕЛІКАВА,
выпускніца гімназіі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *