Віртуозы бензапіл. У Ляхавіцкім раёне прайшоў конкурс вальшчыкаў лесу

23 мая 8 лесарубаў з 4 каманд ад лясніцтваў Ляхавіцкага лясгаса спаборнічалі ў прафесійным майстэрстве. Традыцыйна конкурс “Лесаруб-2014” праходзіў у 5 этапаў: валка дрэў, мантаж ланцуга, распілоўка камбінаваным рэзам, распілоўка на дакладнасць, абрэзка сукоў. Некалькі гадзін у Мядзведзіцкім лясніцтве, дзе пачаліся іспыты па валцы лесу, разносіўся гул бензапіл.

Прадоўжыліся спаборніцтвы ў Ляхавіцкім лясніцтве. Ацэньвалі практычныя навыкі канкурсантаў іх жа калегі – работнікі лясніцтваў.

Па словах намесніка дырэктара лясгаса Наталлі Адаменка, удзельнікі спаборніцтваў прадэманстравалі не толькі прафесійныя навыкі, але і бездакорнае веданне нормаў аховы працы і пажарнай бяспекі. У індывідуальным заліку ў выніку ўпартай барацьбы лідзіраваў вальшчык з Востраўскага лясніцтва, пераможца мінулагодняга конкурсу Аляксандр Лешык. На другім месцы —Аляксандр Сельмановіч з гэтага ж лясніцтва, трэцім стаў Валерый Корзун з Ляхавіцкага лясніцтва. Пераможцы атрымалі падарункі і дыпломы лясгаса, яны будуць прадстаўляць Ляхавіччыну ў падобным абласным конкурсе. У камандным заліку найбольшую колькасць балаў набрала Востраўскае лясніцтва, на другім месцы – Ляхавіцкае, на трэцім — Навасёлкаўскае.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота прадастаўлена лясгасам г. Ляхавічы .

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *