Курыць нельга кінуць. 31 мая – Сусветны дзень без тытуню

Наўрад ці хто паспрабуе аспрэчыць, што коску ў гэтым загалоўку трэба ставіць пасля другога слова. Нават дашкольнік ведае: цыгарэта – гэта шкодна і для таго, хто курыць, і для тых, хто знаходзіцца побач з ім. Ведаюць усе, а “забойнае” сяброўства многія працягваюць.

31 мая – Сусветны дзень без тытуню. “ЛВ” пацікавіўся, як да шкоднай звычкі ставяцца нашы землякі — тыя, хто курыць, хто знайшоў у сабе сілы адмовіцца ад цыгарэты, і тыя, хто ніколі не спрабаваў дыміць.

Іосіф КАРПЫЗА, журналіст:

– Кінуць курыць для мяне, курца з 40-гадовым стажам, было асэнсаваным валявым рашэннем. Не прыбягаў ні да якіх дыет, трэнінгаў, кадзіравання. Сказаў цыгарэце “не” — і як адрэзаў. Пасля таго неаднойчы задаваўся пытаннем, як мог калечыць сябе столькі гадоў. Сёння гляджу на тых, хто курыць, і не разумею, навошта яны гэта робяць. Асабліва негатыўна стаўлюся да дзяўчат-падлеткаў з цыгарэтай – яны ж будучыя маці, пра які здаровы працяг роду можна гаварыць…

Святлана, індывідуальны прадпрымальнік:

– Мне гэта тэма даволі блізкая, бо куру даўно, гадоў 14. Але ніколі не запалю цыгарэту ў прысутнасці дзяцей ці людзей, якія не маюць гэтай звычкі. Ні ў якім разе не буду курыць на аўтобусным прыпынку, гэта выглядае, на маю думку, неэстэтычна. Дома я таксама абмежавана: па-першае, дзіця, я ж яму не вораг; па-другое, не хочацца ўсё “загазоўваць” дымам, шкада дарагой мэблі. Выхад знайшла ў электроннай цыгарэце. Але разумею – трэба кідаць.

Міхаіл КУЛЯШОЎ,

намеснік галоўнага ўрача райбальніцы:

– Як урач, як чалавек вельмі адмоўна стаўлюся і да курэння, і да курцоў. Бальніца даўно аб’яўлена зонай некурэння, і лічу, што медыкі павінны ўласным прыкладам паказваць пацыентам свае негатыўныя адносіны да гэтай звычкі. Дзень без тытуню, які штогадова адзначаецца 31 мая, – яшчэ адна нагода нагадаць пра шкоднасць курэння. Я ніколі не курыў, ні хвіліны пра гэта не шкадую і нікому не раю. У сям’і таксама ніхто не сябруе з цыгарэтай – ні сыны, ні жонка. Напомню: курцы найбольш рызыкуюць захварэць анкалагічнымі, сардэчна-сасудзістымі, іншымі хваробамі. Ды і кошт цыгарэт не танны.

Георгій ЖЫТКО,

благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі:

– Гэта, несумненна, грахоўная звычка. У першую чаргу, у адносінах да сябе. Бо курэнне – гэта павольнае самазабойства. Да таго ж яно прыносіць шкоду наваколлю і іншым людзям. Таксама гэта звычка – вялікая спакуса. Апостал Павел сказаў: “Калі ежа спакушае брата майго, не буду есці мяса ніколі, каб не спакусіць брата майго”. Лічу, што такія ж адносіны павінны быць і да курэння.

Аляксандр САРОКА,

электраманцёр-вадзіцель раёна электрасетак:

– Вазьму на сябе смеласць сказаць, што большасць мужчын адмоўна ставіцца да гэтай шкоднай звычкі ў прадстаўніц прыгожай паловы. Паверце, гэта сапраўды непрыгожа. Горш п’янай жанчыны тая, якая яшчэ і курыць. Што датычыцца асабіста мяне, то цяпер нават пах цыгарэты выклікае ваніты. Курыць пачаў яшчэ ў школе, класе ў сёмым. Тады курылі “астру”, “прыму”, потым больш дарагія цыгарэты. Калі працаваў у Маскве, адзін ваенны сказаў: “Каб ты збіраў грошы, якія аддаў на цыгарэты, то даўно ўжо меў бы дарагі аўтамабіль”. Не паленаваўся, падлічыў – так і ёсць. Вырашыў, што кіну. Трое сутак было надзвычай цяжка. Затое ўжо гадоў 12 адчуваю сябе сапраўдным чалавекам.

Галіна ТРЫБУХОЎСКАЯ,

інспектар па кадрах кансервавага завода:

– Сама не куру, а вось аматараў гэтай звычкі вакол мяне нямала. Выходжу з кватэры — суседзі па пад’ездзе то на адным паверсе, то на другім кураць на лесвічнай пляцоўцы. Неаднойчы рабіла заўвагі, што нельга курыць у грамадскіх месцах. Чаму, выходзячы са сваёй кватэры, мы павінны ўдыхаць тытунёвы дым? Большасць на такія заўвагі рэагуе адэкватна. Але ёсць і такія, каму ўсё роўна. І скардзіцца на іх у міліцыю няёмка, жывём побач не адзін год, але і атручвацца мала прыемнага…

Калі хочаш змяніць свет, пачні з сябе. Так што імкніцеся зрабіць свет лепшым. Зрабіце сваё жыццё і тых, хто побач, больш здаровым, чыстым і прыгожым.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *