Подых навальніцы. На Ляхавіччыне «гасцявала» навальніца

Вечарам у аўторак чуліся грымоты. Хоць у прыроды, як пяецца ў песні, і няма дрэннага надвор’я, але навальніца не на жарт напалохала жыхароў райцэнтра. У некаторых перастаў працаваць тэлефон, у нейкага выйшаў са службы электракацёл… Асноўны “ўдар” стыхіі прынялі электроніка і электрапрыборы.

Як паведамілі ў РАНС, падчас навальніцы 27 мая адбылося адключэнне электраэнергіі ў шасці населеных пунктах, на тэрыторыі якіх работнікі аварыйнай службы раённых электрасетак да 21 гадзіны поўнасцю аднавілі асвятленне.

У дзіцячым садзе № 2 ад разраду маланкі спрацаваў аўтаномны пажарны апавяшчальнік – падраздзяленні РАНС выязджалі па сігналу, але ўзгаранне не пацвердзілася.

Больш за ўсё зваротаў у вечар аўторка было з вуліцы 60 гадоў Кастрычніка райцэнтра. Тут у дом ляхавічанкі ўляцела шаравая маланка. У выніку яе “гасцявання” прабіты дах на верандзе, пашкоджаны дымаход ацяпляльнага катла, электраправодка. Людзі не пацярпелі. На гэтай жа вуліцы ў трох дамах адзначаліся праблемы з работай бытавой тэхнікі.

Выратавальнікі рэкамендуюць: каб пазбегнуць пашкоджання электрапрыбораў, у непагодлівае надвор’е іх трэба адключаць з разеткі, закрываць вокны.

З-за маланкавага разраду адбылося адключэнне блока станцыі АТС, з-за чаго паўтары гадзіны была заблакіравана сувязь з аварыйнымі службамі горада і раёна, не працаваў ні адзін аператар сувязі, больш як 200 абанентаў былі адрэзаны ад тэлефоннай сувязі.

Такім чынам, надвор’е выявіла значную праблему ў магчымасці людзей у выпадку знікнення сувязі, паведаміць пра надзвычайную сітуацыю па “гарачых” тэлефонах. Неабходна, каб на такі выпадак існаваў запасны варыянт. Працэс павінен быць кіруемым.

Навальніца вывела са строю і 2 святлафора. Брыгада электрыкаў, аварыйная служба камунгаса адзін адрамантавалі адразу. Другі на вуліцы Леніна на перакрыжаванні вуліц Цітовіча і Раганава, пакуль не паддаецца. Камунальнікі спрабуюць справіцца сваімі сіламі, кансультуюцца з адпаведнымі спецыялістамі. У “дарожнага паставога”, напэўна, згарэў электронны механізм.

Узніклі праблемы і з вулічным асвятленнем, з водазабеспячэннем. Але дзякуючы зладжанай рабоце камунгасаўцаў многія спажыўцы гэтых акалічнасцей і не заўважылі.

А вось у прыватным сектары па вуліцах 60 гадоў Кастрычніка, Пташука дарога падчас стыхіі адразу стала непраезнай. На вуліцах, дзе ёсць натуральныя пад’ёмы, паміж Першамайскай і Мінскай, нягледзячы на ўмацоўванні іх шчэбенем, быў змыты гравій.

Якасць рамонту дахаў дамоў, які вёўся падчас падрыхтоўкі да абласных дажынак, была праверана надвор’ем – пасля моцнага дажджу не паступіла ні аднаго звароту і тэлефанавання з нараканнямі.

Прыбавілася работы і сувязістам. Былі перабоі ў рабоце лічбавага інтэрактыўнага тэлебачання “Zala”, перагаранні мадэмаў. Як адзначылі ў РВЭС, усе пытанні вырашаюцца аператыўна.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *