Малако ад Мілкі


Вясковыя ранкі нязменна пачынаюцца з таго, што людзі выганяюць на пашу жывёлу, вёдрамі ці бідонамі выстаўляюць вячэрняе і ранішняе малако, якое тут жа збіраецца ў малакавоз і адвозіцца на пера-працоўку. Адно толькі мяняецца: тых вёдраў з сырадоем становіцца ўсё менш і менш. Сёлета за паўгоддзе закуплена 2617 тон (пры базіснай тлустасці 3,6 працэнта) лішкаў малака з асабістых гаспадарак грамадзян. У параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года гэта на 506, 8 тоны менш. На кожную карову (а іх на 1 студзеня налічвалася 1967) прыпадае па 1330,5 кілаграмаў малака. Калі параўноўваць з леташнім паказчыкам за гэты ж перыяд, то атрымліваецца, што кожная рагуля недадала па 84,3 кілаграма… Тэндэнцыя да змяншэння закупу малака з асабістых падсобных гаспадарак грамадзян становіцца ўстойлівай: толькі 2 сельсаветы – Падлескі і Навасёлкаўскі – за паўгоддзе крыху прыбавілі ў надоях на карову, астатнія маюць трывалы “мінус”. Напрыклад, у Ганчароўскім сельсавеце ён склаў 339,6 кілаграма малака, у Куршынавіцкім – 258,8, Начаўскім – 220,4, у Жарабковіцкім закуплена на 141,7 кілаграма малака менш, чым летась.
Тлумачэнне сітуацыі практычна ва ўсіх старшынь сельвыканкамаў адно: змяншаецца пагалоўе кароў на падвор’ях грама- дзян, маўляў, не імкнуцца вяскоўцы трымаць кароў. Але адразу хочацца ім пярэчыць: многія, і ў тым ліку маладыя гаспадары, трымаюць па некалькі кароў, іншыя даглядаюць па адной, але ў перспектыве думаюць павялічыць сваю падсобную гаспадарку. У якасці прыкладу – вёскі Жарабковічы, Нача, Зубелевічы, Канюхі, Набярэжная, Востраў… Значыць, прычына крыецца ў нейкіх іншых момантах.
Разам са старшынёй Ганчароўскага сельвыканкама Сяргеем Вараб’ёвым мы імкнуліся высветліць некаторыя праблемы яго рэгіёна.
Трымаюць кароў у асноўным людзі старэйшага ўзросту, многія з якіх яшчэ маюць на падвор’ях і коней (на тэрыторыі сельсавета іх налічваецца 46), і свіней, і птушку. Лішкі малака здаюць дзяржаве, але ў асноўным трымаюць гаспадарку, каб дапамагчы дзецям і ўнукам, якія жывуць у горадзе, па выхадных дапамагаюць бацькам ва ўсіх справах. Ёсць гаспадарлівыя вяскоўцы і больш маладога ўзросту. Напрыклад, у Сяргея Баўтрукевіча з Набярэжнай 5 кароў. Ён працуе паштальёнам, аднак, паспявае спраўляцца з гаспадаркай, штодзень здае па 75-80 літраў малака. Прадаюць лішкі прадукцыі са сваіх гаспадарак Таццяна Ходар, Наталля Барысевіч, Генрых Свірэпа. Гадоў 10 назад у асабістых падвор’ях налічвалася 400 кароў: пасля банкруцтва мясцовай гаспадаркі для многіх гэта быў рэальны шанц атрымліваць даход. Але абставіны вымусілі да перамен, у выніку якіх давялося зводзіць амаль 300 кароў – аказаліся хворымі на лейкоз. Аднавілі свае гаспадаркі толькі 20 працэнтаў грамадзян: большасць людзей з Ганчароў ўладкавалася на працу за межы сельсавета, і даглядаць кароў стала немагчыма. Сёння на падвор’ях налічваецца толькі 49 кароў.
Не ўсіх, дарэчы, задавальняе закупачная цана на малако. Некаторыя наладжваюць самастойную перапрацоўку (робяць масла, сыры, смятану), маюць сваіх пастаянных спажыўцоў і наяўныя грошы. І ўсё ж, як ні круці, той, хто трымае на падвор’і карову, мае і выгаду. Тым больш, як адзначыў старшыня сельвыканкама, цяпер удосталь кармоў, якія дапамагае нарыхтоўваць і сельсавет, выдзелена добрая паша. Райпо арганізавала збор малака без перабояў, для зручнасці раздзяліўшы тэрыторыю на 3 зоны.
У Начаўскім сельсавеце таксама некаторыя мясцовыя жыхары збываюць кароў, хоць іх і не закранулі праблемы суседзяў. Як зазначае старшыня сельвыканкама Вячаслаў Новік, з пачатку года шасцёра грамадзян звярнуліся за даведкамі з выпадку збыту жывёлы. Але ў асноўных малаказдатчыкаў усё без перамен. Напрыклад, Іван і Надзея Таранды з Начы маюць 2 каровы. 14 гадоў яны апрацоўвалі 2,5 гектара зямлі, з дапамогай сына і яго сям’і нарыхтоўвалі кармы. Цяпер, праўда, ужо ўзрост шаноўны, і Таранды вырашылі адмовіцца ад тых гектараў, але кароў трымаюць, па-ранейшаму здаюць малако дзяржаве. Надзея Самуілаўна пры-зналася, што летась яна занатоўвала кожны прададзены літр і заробленыя грошы: аказалася, што за год зарабіла 7 мільёнаў рублёў. Па 500 тысяч рублёў у месяц атрымлівае за здадзенае малако сям’я Ірыны Чалядка. Маладыя гаспадары трымаюць карову, і Ірына мае намер купіць яшчэ адну – выгадна. Тым больш, як зазначае гаспа-дыня, выдзелена выдатная паша для прыватнага статка, а сёлета, як ніколі раней, сельгаспрадпрыемства забяспечыла сенам, па сабекошце плануюць набыць канцэнтраты. Сярод лепшых малаказдатчыкаў вёскі за паўгоддзе вызначаны таксама Юрый Ксёнжык, Людміла Бадзеева, ды і іншыя вяскоўцы стараюцца.
Але такіх гаспадароў няшмат, у асноўным, па-ранейшаму лічаць карову сваёй карміцелькай людзі “старой загартоўкі”. Некаторыя маладыя сем’і, што атрымалі катэджы, маюць намер завясці гаспадарку, але на ся-дзібах вельмі ж маленькія гаспадарчыя пабудовы. Абжыцца па першым часе ў новым доме, а яшчэ і расшырыць ці пабудаваць хлеў не ўсім удаецца. Аднак, Уладзімір Падгурскі, Генадзій Манько з ліку навасёлаў, напрыклад, ужо маюць на ўласных павор’ях кароў, лішкі малака прадаюць дзяржаве.
Па сутнасці, праблемы аднолькавыя ў кожным сельсавеце. Аднак, здалося, што і вясковай уладзе, і кіраўнікам сельгаспрад-прыемстваў патрэбна больш настойліва прапагандаваць і заахвочваць вядзенне асабістых падсобных гаспадарак. Тым больш, што на дзяржаўным узроўні прыватнікаў чакае падтрымка. Нарыхтаваць кармы, прычым не на адну карову, як гэта было вызначана раней, а на ўсё пагалоўе, якое знаходзіцца на прыватным падвор’і, перазалужыць, падсеяць удабрэннямі пашу, без праблем вырашаць пытанні здачы малака або лячэння кароў з асабістых гаспадарак – не павінна быць клопатам толькі самога гаспадара. Чаму б ні дазволіць, скажам, пажылой жыхарцы Шчаснавіч Алене Высоцкай пасвіць карову літаральна за хатай (ёсць такая магчымасць), каб не гнаць рагулю ў другі канец вёскі – на хворых нагах не находзішся. Лішні раз наведацца да чалавека, праявіць зацікаўленасць яго справамі – дарагога вартае. І калі прааналізаваць падрабязна сітуацыю ў кожнай вёсцы, то такіх, на першы погляд, дробязных, але надзвычай важных пытанняў набярэцца нямала.
Даўно вядома, што праяўленыя клопаты заўсёды ўзнагароджваюцца вялікай аддачай.
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *