Ляхавіцкае «Сузор’е» сабрала сяброў

Пераможцы намінацыі «Са спортам і турызмам па жыцці».

Фестываль “Сузор’е талентаў” за гады свайго існавання стаў у раёне сапраўдным святам і своеасаблівай прэзентацыяй дасягненняў рабят і педагогаў. 20 мая ў Ляхавічах чарговы раз ушаноўвалі навучэнцаў устаноў адукацыі, якія сталі пераможцамі другога і трэцяга этапаў прадметных алімпіяд, абласных і рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцый, спартыўных, турыстычных, творчых конкурсаў па выніках вучэбнага года.

Таленавітыя і крэатыўныя, актыўныя і працавітыя, на працягу года яны крок за крокам пераадольвалі іспыты, настойліва і цярпліва ішлі да выніку.

Віталі прысутных старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Леанід Калбаса, якія падзякавалі за дасягнутыя поспехі педагогам і іх выхаванцам.

Больш як 80 хлопчыкаў і дзяўчынак былі ўзнагароджаны граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму і грашовымі прэміямі райвыканкама. Сярод тых, каму апладзіравала зала, быў і дыпламант рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі гімназіст Дзмітрый Ракашэвіч (педагогі Міхаіл Курловіч, Марыя Зубрылава, Сяргей Старасцін), у якога ў скарбонцы дыплом ІІІ ступені па гісторыі. У гэтай жа намінацыі (“З навукай у будучыню”) вызначылася 11-класніца гімназіі Кацярына Салодкая, якая на абласной алімпіядзе атрымала дыплом III ступені па рускай мове (педагог Людміла Раманенка).

У намінацыі “Са спортам і турызмам па жыцці” сярод іншых “ззялі” пераможцы першынстваў рэспублікі па гандболе “Імклівы мяч” вучні Тухавіцкай СШ Таццяна Матчэня і Дзіяна Кіеня (трэнер Жанна Зенчанка), СШ №2 Паліна Шастак (трэнер Аксана Лойка).

Намінацыя “Адоранасць у творчасці” аб’яднала пераможцаў фестываляў, конкурсаў, выстаў. Так, вучаніца 6 класа СШ №2 Дар’я Коршун заваявала дыплом I ступені ў абласным этапе міжнароднага конкурсу юных дэкламатараў “Жывая класіка”.

Гонар педагогам, якія ідуць побач з вучнямі, дапамагаюць ім раскрыць здольнасці. Падчас урачыстасці яны былі адзначаны падзячнымі пісьмамі райвыканкама.

Напэўна, кожны школьнік захавае ў памяці на ўсё жыццё адным з яркіх яго імгненняў момант знаходжання на сцэне “Сузор’я талентаў”. У нашым раёне, як і ва ўсёй Брэстчыне, шмат робіцца для таго, каб такіх узнёслых, хвалюючых і радасных момантаў было больш у кожнага дзіцяці.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота прадастаўлена аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *