Шлюб – не свята, а адказнае рашэнне


Усе мы ведаем, якое вялікае значэнне мае сям’я ў жыцці кожнага чалавека, грамадства, дзяржавы. І артыкул 32 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у якім адзначаецца, што шлюб, сям’я, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства знаходзяцца пад аховай дзяржавы, яшчэ раз гэта пацвярджае. Менавіта сям’я – невычэрпная крыніца любові і падтрымкі. У сям’і закладваюцца асновы маральнасці і духоўнасці, фарміруюцца светаўспрыманне чалавека і яго сацыяльныя якасці. Здаровая, моцная сям’я – аснова стабільнасці і пра-цвітання грамадства.
Безумоўна, маладыя людзі, якія бяруць шлюб, не задумваюцца пра яго скасаванне, ім здаецца, што іх саюз будзе працягвацца вечна. Але далёка не заўсёды атрымліваецца так. У некаторых выпадках сям’я перастае дабратворна ўплываць на сваіх членаў і нават выклікае негатыўныя рэакцыі. Сямейным заканадаўствам прадугледжваецца магчымасць скасавання шлюбу. І, на жаль, усё часцей яно закранае сем’і, у якіх ёсць агульныя непаўналетнія дзеці.
Часцей, чым хацелася б, з тэлеэкранаў, са старонак папулярных глянцавых часопісаў гучаць словы пра так званы грамадзянскі шлюб, партнёрства, пробны і гасцявы шлюб. У свядомасць маладых лю-дзей укараняецца думка пра тое, што афіцыйнае афармленне адносін – лішняе, можна стварыць трывалы саюз і без яго, маўляў, зручней не звязваць сябе абавязкамі, што цягнуць прававыя наступствы.
Канешне, для тых, хто не гатовы браць на сябе адказнасць за лёсы іншых людзей, гэта зручна. Але ў такіх саюзах могуць нараджацца дзеці, і вось пра іх абароненасць варта думаць зараней.
Сацыёлагі, псіхолагі, юрысты вывучаюць прычыны скасавання шлюбаў, спрабуюць выявіць заканамернасці, выпрацаваць новыя падыходы да вывучэння праблемы, распрацоўваюць рэкамендацыі. А сем’і працягваюць распадацца.
І адна з асноўных прычын гэтага – несур’ёзныя адносіны да шлюбу. Некаторых у ім прыцягвае толькі тое, што ляжыць на паверхні, знешні бок – атрыбуты свята. Маладажонам здаецца, што так будзе заўсёды. Але свята даўжынёю ў жыццё – казка, хоць і вельмі прыгожая. Непазбежна наступаюць будні. І тут высвятляецца, што трэба чысціць гародніну і варыць суп, прыбіраць і прасаваць, паспяваць на работу і выконваць яшчэ вялікую колькасць спраў. “Трэба” ў жыцці становіцца больш, чым “хачу”. І вельмі добра, калі маладыя людзі да такіх перамен падрыхтаваны: тады іх пачуцці пераходзяць у новую стадыю, і ніякай трагедыі не адбываецца. А калі не? Не ў кожнага ёсць уважлівыя і спагадлівыя бацькі, здольныя дапамагчы, растлумачыць і супакоіць, падтрымаць. Не ўсім шанцуе на верных сяброў, гатовых даць мудрую параду. І, на жаль, не так развіта ў нас служба псіхалагічнай падтрымкі, каб любы чалавек мог звярнуцца да прафесійнага псіхолага і вырашыць узнікшую праблему, а не “заганяць” яе ўнутр, набліжаючы момант разрыву.
Калі ў сям’і ёсць непаўналетнія дзеці, мужу і жонцы абавязкова даецца трохмесячны тэрмін для прымірэння і дасягнення пагаднення аб дзецях. У гэты час ім часта бывае неабходна прафесійная дапамога.
У многіх выпадках шлюб скасоўваецца праз год-паўтара сямейнага жыцця. Змяніць сітуацыю магчыма, толькі змяніўшы адносіны да яе. Разводы не павінны станавіцца звыклай з’явай. А пра дружныя сем’і неабходна расказваць часцей, заахвочваць іх. І пачынаць вучыць будучаму сямейнаму жыццю варта, мусіць, з дзіцячага садка. Гутаркі прафесійных практыкуючых псіхолагаў (не эпізадычныя, а на пастаяннай аснове) дапамаглі б сфарміраваць навыкі ў вырашэнні сямейных праблем.
За першае паўгоддзе ў суд Ляхавіцкага раёна паступіла 58 іскавых заяў аб скасаванні шлюбу, па 41 з іх вынесены рашэнні, і шлюб ужо скасаваны; па 45 заявах даваўся трохмесячны тэрмін для прымірэння.
Аналізуючы іскавыя заявы, можна адзначыць, што самымі распаўсюджанымі прычынамі скасавання шлюбаў з’яўляюцца злоўжыванне спіртнымі напіткамі, амаральны лад жыцця, адмова ў аказанні матэрыяльнай падтрымкі, несумяшчальнасць характараў, сямейная здрада.
Вольга ЗЕЛЯНКО,
кансультант суда.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *