На канікулах школьнікі, а не школа. На пытанні «прамой лініі» «ЛВ» адказваў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Ляхавіцкага райвыканкама

Школьны званок абвясціў заканчэнне 2013/2014 навучальнага года. Традыцыйна напрыканцы мая “ЛВ” арганізаваў “прамую лінію”. На ўсе хвалюючыя пытанні бацькоў, вучняў і выхаванцаў адказваў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Леанід КАЛБАСА.

– Скажыце, калі ласка, ці будзе скарачацца колькасць навучальных устаноў у нашым раёне, калі будзе, то якіх?

Міхаіл Антонавіч, г. Ляхавічы.

– Так, аптымізацыя ў тым ліку і на адукацыйнай прасторы Ляхавіччыны працягваецца. З 1 верасня гэтага года ў сувязі з малой колькасцю вучняў будзе спынена дзейнасць Альхоўскай сярэдняй, Зубелевіцкай базавай і Русінавіцкай пачатковай школ. Зменіць свой статус і Падлескі вучэбна-педагагічны комплекс ”дзіцячы сад-сярэдняя школа” на ”дзіцячы сад-базавая школа”. Адразу хачу сказаць, што бацькам дзяцей (у трох школах іх было 87 чалавек) хвалявацца няма патрэбы, будзе арганізаваны падвоз вучняў у іншыя навучальныя ўстановы на транспарце аддзела. Амаль усіх педагогаў, якія не дасягнулі пенсіённага ўзросту, са скарачаемых устаноў адукацыі працаўладкуем. Растлумачу і эканамічную мэтазгоднасць аптымізацыі. Толькі за 4 месяцы (з верасня па снежань уключна) эканомія ад закрыцця Альхоўскай СШ складзе больш за 595 мільёнаў рублёў, Зубелевіцкай БШ — больш за 508 мільёнаў рублёў, Русінавіцкай ПШ — больш за 180 мільёнаў рублёў.

– Добры дзень, Леанід Іосіфавіч, мяне цікавіць, якія лагеры будуць працаваць летам, і як адправіць туды дзяцей на адпачынак?

Святлана, аграгарадок Навасёлкі.

– Лета для рабят абяцае быць насычаным. На канікулах школьнікі, а не школа. Плануецца, што больш як 1000 дзяцей атрымаюць пуцёўкі ў лагеры: 440—з кругласутачным знаходжаннем, 575 – з дзённым, плюс яшчэ 230 – у спартыўна-аздараўленчы лагер “Колас” на базе ДЮСШ. Як і штогод, запросіць дзетак аздараўленчы лагер “Чайка” (за сезон у 4-х зменах тут адпачне 380 чалавек). Пуцёўка ў папулярны летнік каштуе ад 2344000 рублёў да 2467000 рублёў, пры гэтым бацькоўская даплата складае ўсяго 10 працэнтаў, астатняе —датацыя дзяржавы і аплата прадпрыемстваў і арганізацый, дзе працуюць бацькі, ці іншых органаў.

Для падлеткаў ва ўзросце ад 15 да 18 гадоў арганізаваны лагеры па профілях і накірунках дзейнасці. Для тых, хто ў далейшым жадае прыняць удзел у прадметных алімпіядах – калі ласка, запрашаем у “Эўрыку” ( фізіка-матэматычны і лінгвістычны профілі), а таксама “Выратавальнік” — абаронна-спартыўны летнік, арганізаваны сумесна з РАНС. Асаблівай папулярнасцю сярод падлеткаў карыстаецца перасоўны палатачны турыстычны лагер “Рабінзоны”. Увага і клопат – дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Як і ў папярэднія гады, на базе цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі для іх будзе арганізаваны летнік. Для 44 дзяцей-сірот выдаткаваны бясплатныя пуцёўкі ў “Чайку”. Акрамя таго, яны маюць права на атрыманне пуцёвак у лагеры з дзённым знаходжаннем.

– У мінулым годзе мая дачка — вучаніца гарадской школы – з задавальненнем наведвала працоўны лагер. Там рабяты не толькі зараблялі грошы, але і з карысцю бавілі вольны час. Ці будзе ў яе такая магчымасць сёлета?

Марыя Пятроўна, г. Ляхавічы.

– Марыя Пятроўна, вы не першая з бацькоў, хто задаволены такой формай арганізацыі вольнага часу старшакласнікаў. Сапраўды, лагеры працы і адпачынку для рабят ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў зарэкамендавалі сябе толькі з лепшага боку, і трапіць туды жадаючых шмат. Гэтым летам 70 старшакласнікаў з гарадскіх школ, гімназіі, Начаўскай і Тухавіцкай СШ папрацуюць і адпачнуць такім чынам. Акрамя таго 20 вучняў Ліпскай і Крывошынскай СШ атрымаюць магчымасць таксама зарабіць грошы ў рамках праграмы другаснай занятасці.

– Леанід Іосіфавіч, майму ўнуку 6 гадоў спаўняецца 10 верасня. Ці могуць яго прыняць у школу?

Людміла Паўлаўна, г. Ляхавічы.

– Згодна палажэння аб агульнаадукацыйнай установе, прыём дзяцей у 1 клас адбываецца з 6 і больш гадоў. Аднак, калі бацькі лічаць, што іх дзіця, якому на 1 кастрычніка не споўнілася 6 гадоў, праяўляе схільнасць да вучобы, валодае дастатковым ці нават высокім узроўнем інтэлектуальнай, матывацыйнай падрыхтаванасці, пры адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў можа быць залічана ў выключным парадку. Для афармлення дакументаў бацькам трэба звярнуцца ва ўстанову адукацыі. Згодна Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, па жаданні аднаго з законных прадстаўнікоў дзіцяці дапускаецца прыём у першы клас дзіцяці, якому 6 гадоў спаўняецца ў перыяд з 1 па 30 верасня адпаведнага навучальнага года.

– Добры дзень. Мяне хвалюе пытанне, дзе, акрамя школы, рабятам можна развіваць свае здольнасці?

Яўгеній, г. Ляхавічы.

– Сёння ў дзяцей ёсць шырокі выбар у гэтым плане. Галоўнае, вызначыцца са схільнасцямі і жаданнем. У вучэбным плане выдзяляюцца гадзіны для правядзення факультатыўных заняткаў. Яны прызначаны для паглыбленага вывучэння прадмета, для правядзення падтрымліваючых заняткаў з вучнямі. Усе факультатыўныя заняткі бясплатныя. І, канешне, працуюць гурткі і студыі па інтарэсах, дарэчы, не толькі ў школах і дзіцячых садах, але і ў цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Многія гурткі там працуюць і летам. А для рабят, якія захапляюцца спортам, ёсць прапановы ад дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы.

– Калі сёлета адбудуцца выпускныя школьныя балі?

Ніна Віктараўна, г. Ляхавічы.

– З 1 па 12 чэрвеня ва ўстановах адукацыі раёна – выпускныя экзамены як за курс базавай, так і сярэдняй школы. Дзевяцікласнікі здаюць 4 экзамены: беларуская і руская мовы (пісьмова), матэматыка (пісьмова), гісторыя Беларусі (вусна). Столькі ж іспытаў і ў адзінаццацікласнікаў – руская ці беларуская мовы (па выбары), матэматыка (пісьмова), замежная мова і чацвёрты па выбары школьніка (вусна). З 14 чэрвеня пачнецца цэнтралізаванае тэсціраванне па вучэбных прадметах. З 2 па 10 чэрвеня для рабят, якія жадаюць стаць гімназістамі, праводзяцца ўступныя экзамены. На наступны навучальны год у пяты клас ляхавіцкай гімназіі плануецца набраць 48 вучняў.

Школьныя выпускныя вечары пройдуць 11-12 чэрвеня, раённы выпускны баль – 11 чэрвеня. Пачатак свята – у 17 гадзін, месца правядзення – плошча Леніна.

– Ці ўлічваецца жаданне бацькоў пры выбары настаўніка? Ці могуць бацькі прысутнічаць на ўроку?

Мікалай, в. Задвор’е.

– Пажаданні па выбары настаўніка могуць быць улічаны, калі ёсць магчымасць такога выбару. А на ўроку бацькі могуць прысутнічаць з дазволу адміністрацыі школы.

– Леанід Іосіфавіч, колькі сёлета прыедзе ў раён маладых спецыялістаў-педагогаў і якія ўмовы ствараюцца для іх?

Пытанне ад “ЛВ”.

– Пачну з другой часткі пытання. Па-першае, усе маладыя спецыялісты акрамя пад’ёмных ужо ў жніўні атрымаюць матэрыяльную дапамогу. Па-другое, на працягу двух гадоў яны атрымліваюць штомесячна суму ў памеры 2 базавых велічынь. Па-трэцяе, установамі адукацыі, у адпаведнасці з іх калектыўнымі дагаворамі, часткова кампенсуюцца затраты, звязаныя з наймам жылых памяшканняў ці расходамі на грамадскі транспарт. Па папярэдніх даных, са жніўня прыступяць да работы маладыя настаўнікі, выхавальнікі, кіраўнікі гурткоў. Іх нямнога. Таму па-ранейшаму адчувальным застанецца недахоп настаўнікаў фізіка-матэматычнага, хіміка-біялагічнага профілю, а таксама псіхолагаў. Але і гэту праблему спрабуем вырашаць.

На “прамой лініі”

працавала Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *