З прыродай на вы. 5 чэрвеня на Ляхавіччыне адзначаць Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя

На тэрыторыі Ляхавіцкага раёна “прапісалася” нямала чырванакніжнікаў – прадстаўнікоў флоры і фаўны: белая піхта і жоўты рададэндран, пярэсна еўрапейская і белы гарлачык, цёрн звычайны і чарамша; балотная чарапаха і рысь, шэры журавель і барадатая няясыць, малы і вялікі бугай, барсук і арлан-белахвост. Пералік, зразумела, далёка не поўны…

Як паведамілі ў райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, агульная плошча асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый на Ляхавіччыне складае 8517 гектараў. У яе ўваходзяць 2 паркавыя ансамблі, якія з’яўляюцца помнікамі прыроды, – “Рэпіхава” і “Савейкі” (дарэчы, вельмі цікавыя варыянты для арганізацыі турыстычных экскурсій), гідралагічны заказнік “Лагоня”, біялагічны заказнік “Ліпск”, а таксама каля 174 гектараў земляў у пойме Мышанкі (на тэрыторыі Востраўскага сельсавета) і Шчары (каля вёскі Федзюкі) – месца гнездавання і пражывання вяртлявай чаротаўкі.

У экалагічным календары больш як 100 краін свету 5 чэрвеня пазначана як Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя. Сёлета ён адзначаецца 41-ы раз, а з 2000 года гэта дата афіцыйна ўключана ў нацыянальны каляндар Беларусі. Прыцягнуць увагу грамадства да праблем навакольнага асяроддзя, падкрэсліць вострую неабходнасць у змяненні адносін чалавека да прыродных рэсурсаў – галоўныя, але не адзіныя мэты Дня.

Экалагічныя праблемы даўно выйшлі за межы асобных дзяржаў і набылі статус глабальных, усеагульных. Забруджванне вады і паветра, зямных нетраў, нерацыянальнае выкарыстанне прыродных багаццяў – на працягу стагоддзяў людзі былі ў дачыненні прыроды толькі спажыўцамі, будавалі і актыўна рэалізоўвалі планы яе пакарэння. Ходкая фраза пра тое, што чалавек – цар прыроды, доўгі час апраўдвала такія адносіны да яе.

Сёння на змену безальтэрнатыўнай думцы пра царстваванне прыйшло разуменне, што трэба жыць у згодзе з прыродай, карыстацца яе дарамі па-гаспадарску і прыкладаць сур’ёзныя намаганні, каб дапамагчы аднавіць прыродныя рэсурсы і захаваць іх для будучых пакаленняў. Распрацаваны і дзейнічаюць прыродаахоўныя дзяржаўныя і міждзяржаўныя праграмы розных накірункаў, створаны экалагічныя службы і арганізацыі, жорсткія патрабаванні па экалагічнай бяспецы прад’яўляюцца да вытворчасці прамысловых і харчовых тавараў, будаўніцтва і г.д. Вялікая роля адводзіцца шматлікім грамадскім арганізацыям прыродаахоўнага профілю, якія, у тым ліку, вядуць шырокамаштабную асветніцкую і агітацыйную работу сярод насельніцтва: без свядомага і актыўнага ўдзелу ў агульнай справе ўсіх і кожнага спадзявацца на поспех не даводзіцца.

“ЛВ” паведамляў ужо, што сёлета ў Дзень аховы навакольнага асяроддзя па ініцыятыве беларускага Мінпрыроды ў Беларусі, Расіі і Казахстане пройдзе сумесная акцыя па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні “Саюзнае прыбіранне”. Арганізатары запрасілі далучыцца да акцыі ўсе ведамствы, прадпрыемствы і арганізацыі.

Як расказаў начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Пятроўскі, у нашым раёне ідэю мясцовых эколагаў па добраўпарадкаванні Рэпіхаўскага парка падхапілі Крывошынская сярэдняя школа і СВК “Ліпнянка”. Але работы, як сцвярджае Уладзімір Пятроўскі, хопіць і для іншых: навесці парадак на падведамасных і замацаваных тэрыторыях, каля сваіх дамоў, у сваёй вёсцы – невялікі, але вельмі патрэбны ўклад у агульную вялікую справу.

Як, дарэчы, і самае элементарнае, што можа зрабіць кожны з нас – не смеціць, не шкодзіць, не ламаць і не забруджваць. Успомніце пра гэта, калі наступны раз надумаеце памыць на беразе рэчкі сваю машыну. Або калі вырашыце пазбавіцца ад бытавога ці будаўнічага смецця, непатрэбных рэчаў нетрадыцыйным і не зусім законным спосабам. А яшчэ калі падчас пікніка будзеце распальваць касцёр, не паклапаціўшыся папярэдне пра пажарную бяспеку. Ці падчас прагулкі па лесе кінеце пад ногі непатушаную запалку або недакурак… На жаль, такія негаспадарскія і несяброўскія ў адносінах да навакольнага асяроддзя паводзіны сярод нашых землякоў пакуль зусім не рэдкасць. Але ва ўсіх нас ёсць магчымасць рэабілітавацца: заўтра ж узяць у рукі граблі, рыдлёўкі, мётлы, іншы неабходны інвентар і далучыцца да “Саюзнага прыбірання”.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *