Сотня смачных прапаноў.Не губляе прыхільнікаў прадукцыя Ляхавіцкага кансервавага

ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод”

Вуліца Дзесюкевіча, дом № 8. Па гэтым адрасе размяшчаецца старэйшае прадпрыемства раёна ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод”. Хоць, дарэчы, і так усе ведаюць, а многія маюць непасрэднае дачыненне: нехта прыхільнік яго прадукцыі, іншыя – акцыянеры прадпрыемства, а для немалой колькасці нашых гараджан і жыхароў раёна гэта іменна тая заводская прахадная, што вывела ў людзі… Як, напрыклад, Таццяну Папко — яна адпрацавала на кансервавым 52 гады. Па сутнасці, на яе вачах адбывалася нараджэнне, развіццё і станаўленне прадпрыемства. У жніўні 1955 года яна прыехала ў Ляхавічы пасля заканчэння Сімферопальскага тэхнікума харчовай прамысловасці. Маладога спецыяліста сустрэў дырэктар Іван Белы, які змяніў на гэтай пасадзе Кудзінава. Як успамінае Таццяна Несцераўна, завод тады размяшчаўся ў будынку былой сінагогі, які прыстасавалі пад немудрагелістае абсталяванне. Па сутнасці, быў час пасляваеннай разрухі, і людзі радаваліся, што можна працаваць і зарабляць на хлеб.

Дырэктар кансервавага завода Леанід Лейчанка.

Калектыў завода складаўся з 43 рабочых, 6 інжынерна-тэхнічных работнікаў і 2 служачых. Неўзабаве прадпрыемства ўзначаліў новы дырэктар – адстаўны афіцэр Георгій Маскалёў. Прыбыў ён па партыйным накіраванні, не меў спецыяльнай адукацыі, але валодаў выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі. Пад яго кіраўніцтвам завод пачаў ажываць: пашырыўся кансервавы цэх, з’явіліся ачышчальныя збудаванні, пачала дзейнічаць падсобная гаспадарка, пабудавалі інтэрнат для рабочых. Для развіцця прадпрыемства шмат зрабіў дырэктар Павел Валодчанка. Ён разумеў, што свая сыравіна для завода – надзейная падтрымка, якая дасць магчымасць прадпрыемству працаваць не сезонна, а ўвесь год. На падсобнай гаспадарцы з’явілася ферма, а на вытворчасці – сокавы цэх, на чыгуначнай станцыі пабудавалі склады: стала зручней адгружаць прадукцыю. А некаторыя работнікі атрымалі першае заводскае жыллё.

Механізатары Уладзімір Бакун, Мікалай Дуброўка і Аляксандр Андрусевіч.

Сапраўдны росквіт прадпрыемства, многія яго поспехі і дасягненні, заслужанае прызнанне прыйшлі тады, калі дырэктарам стаў Леанід Лейчанка. У 1979 годзе ён прыняў прадпрыемства, на якім пераважала ручная праца. Размяшчэнне вытворчасці ў цэнтры горада абмяжоўвала магчымасці далейшага развіцця. Аднак Леанід Паўлавіч узяўся за рэканструкцыю і будаўніцтва. На ўліку кожны квадратны метр заводскай тэрыторыі, і яе не хапае, каб пашырыць кансервавы цэх. Падацца ўшчыльную да вуліцы Першамайскай – магчымасць зрабіць значную дабудову, але не дазваляюць санітарныя нормы, і праект не прымаецца… Малады дырэктар бярэ на сябе адказнасць, у імгненне вока дабудова ўзводзіцца. Няхай сабе вымова па партыйнай лініі, ушчуванні і папрокі – гэта засталося ў мінулым, а пашыраны кансервавы цэх, у якім тады размясцілі новае абсталяванне, і сёння працуе. Расшырыліся вытворчыя плошчы, з’явіліся дадатковыя рабочыя месцы, павялічыўся выпуск прадукцыі. Тэхнолагі распрацоўвалі ўсё новыя віды кансерваў. Падсобная гаспадарка завода таксама стала павялічваць свае ўладанні. У 1997 годзе прадпрыемства ператварылася ў адкрытае акцыянернае таварыства “Ляхавіцкі кансервавы завод”, на якім працавалі 187 чалавек.

Афарміцель гатовай прадукцыі Ірына Чарнабай

Попыт на прадукцыю ўзрастаў. Ляхавіцкія кансервы з задавальненнем куплялі не толькі жыхары Беларусі, але і Расіі, Казахстана, Узбекістана, Туркменіі: партыя адгрузкі – некалькі вагонаў слоікаў. Аднак ва ўмовах рыначнай эканомікі патрэбна было вучыцца выжываць, бо канкурэнты таксама не драмалі. У разлік сталі брацца не толькі смакавыя якасці прадукцыі, але ўпакоўка, і, зразумела, цана. Прафесіяналізм, вопыт, прадпрымальнасць, ініцыятыўнасць і іншыя дзелавыя якасці спецыялістаў прадпрыемства і, канешне, дырэктара, які беспамылкова робіць стаўку на абнаўленне вытворчасці, дазволілі заводу ўтрымацца на плаву. Будуецца яшчэ адзін цэх з новым сучасным абсталяваннем, на якім наладжваецца выпуск прадукцыі ў папулярнай тары з покрыўкай “твіст-оф”, аздобленай яркімі этыкеткамі.

Зрабіць прадукцыю канкурэнтаздольнай дапамагла і ўласная падсобная гаспадарка. На 177 гектарах завадчане збіраюць за год па некалькі ўраджаяў усялякага зяленіва, у тым ліку шчаўя, вырошчваюць моркву, бульбу, сталовыя буракі, кабачкі, цыбулю. Падсобная гаспадарка дае магчымасць прыкладна на 30 працэнтаў патанніць сабекошт прадукцыі.

Апаратчык стэрылізацыі кансерваў Дзмітрый Койпіш.

У асартыменце завода сёння 95 найменняў агароднінных, таматных і садавінных кансерваў. Прычым, у гэты пералік уваходзіць вялікая колькасць прадукцыі, кансерваванай натуральным спосабам, якая валодае лепшымі смакавымі якасцямі: павідла, розныя соусы і таматны сок, абедзенныя стравы, салаты, закускі, гарніры, багаты асартымент нектараў і бярозава-купажыраваных сокаў. На заводзе арганізаваны дакладны кантроль за якасцю сыравіны і захаваннем тэхналагічных працэсаў вытворчасці прадукцыі. Ляхавіцкія кансервы сертыфікаваныя. Усё гэта гаворыць на карысць прадпрыемства, якое выйграе адзін за другім тэндары на пастаўку прадукцыі. Яе заказваюць Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, Акадэмія МУС, паступаюць заяўкі з медыцынскіх устаноў, аптовых баз з розных куткоў краіны, з блізкага замежжа. За год выпускаецца 26 мільёнаў умоўных слоікаў кансерваў. Прычым, на складах можна ўбачыць хіба што “закаткі”, выпушчаныя ў сезон перапрацоўкі, напрыклад, цяпер – бярозава-купажыраваныя сокі, на якія яшчэ абавязкова знойдуцца спажыўцы.

Трактарыст Іван Лапіч.

Лічбы, факты, падзеі… За імі – людзі, якія, па сутнасці, і стваралі гэтыя перамены, — адданыя справе, прафесіяналы, для якіх гонар прадпрыемства – іх гонар. Сярод іх галоўны эканаміст завода Вольга Бурак, Сафія Болтуць, пад кіраўніцтвам якой працуе група тэхнолагаў, майстар змены старанных і вопытных работнікаў Алена Хмарук, вядучы механік Уладзімір Веруцін, пад камандай і пры ўдзеле якога ператвараюцца ў жыццё шматлікія рацпрапановы, Святлана Зязюля ўзначальвае службу маркетынгу, галоўны бухгалтар Ала Жагунь, загадчык падсобнай гаспадаркі Васілій Маліхтаровіч…

Леанід Лейчанка разам са сваім калектывам прайшоў не адно выпрабаванне і дабіўся трывалай эканамічнай стабільнасці прадпрыемства, асабліва не любіць гаварыць пра поспехі. Ды і не варта многа разважаць, дастаткова канстатаваць: ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод” – адно з найбольш стабільна працуючых сярод аналагічных прадпрыемстваў, што ўваходзяць у склад канцэрна “Брэстмясамалпрам”.

…Старэйшае прадпрыемства раёна – наш кансервавы – хоць і мае багатую гісторыю, але не старое. І таму, што яго вытворчасць адпавядае сучасным патрабаванням, і таму, што сярэдні ўзрост працуючых 44 гады. Усё гэта дае падставу меркаваць, што гісторыя, пачатая 65 гадоў назад, будзе паспяхова працягвацца. Знакавымі старонкамі ў ёй застанецца ўклад першапраходцаў, выдатных працаўнікоў. І яшчэ не адзін радок упіша ў біяграфію прадпрыемства дырэктар Леанід Лейчанка – кавалер ордэнаў “Знак Пашаны” і Айчыны ІІІ ступені.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Вядучы механік Уладзімір Веруцін (справа) са сваёй камандай.

Майстар кансервавага цэха Галіна Патоцкая.

Ведаюць сваю справу інжынерна-тэхнічныя работнікі прадпрыемства.

Лепшыя работніцы кансервавага цэха Тамара Яршова, Ганна Чыркова, Марыя Рулінская і Людміла Дыдышка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *