Багатая Насця. Ляхавічанка стала лепшым бамбардзірам маладёжнага першынства Рэспублікі Беларусь сярод дзяўчынак

З 37 галамі ляхавічанка Анастасія Пабягайла стала лепшым бамбардырам маладёжнага першынства Рэспублікі Беларусь сярод дзяўчынак па праграме развіцця жаночага футбола ФІФА.

У мінулым годзе Міжнародная федэрацыя футбола ініцыявала яшчэ адзін праект, накіраваны на папулярызацыю і без таго самай распаўсюджанай у свеце гульні. На гэты раз – яе “прыгожай” версіі. Формула – дзіцяча-падлеткавы спорт як аснова будучых поспехаў – з’яўляецца ўніверсальнай і не мае выключэнняў. У верасні 2013 года быў дадзены старт першаму маладзёжнаму першынству Рэспублікі Беларусь сярод дзяўчынак па праграме развіцця жаночага футбола ФІФА. Спаборніцтвы праводзіліся па трох узроставых групах – сярод дзяўчынак 2000-2001, 2002-2003 і 2004-2005 гадоў нараджэння, якія вытрымалі адбор у склад каманд сваіх абласцей і дзвюх сталічных дружын. Турнір працяглы: распачаты, фактычна, з першым школьным званком летась, а фінальныя гульні праведзены зусім нядаўна – 27 мая, і, як усе папярэднія, у Мінску.

Наш найбольшы і самы прамы інтарэс тычыцца выступлення самай юнай дружыны Брэсцкай вобласці, з 9-10-гадовымі спартсменкамі ў складзе. Адной з іх была ляхавічанка, вучаніца гімназіі і выхаванка аддзялення футбола ДЮСШ Анастасія Пабягайла. Хоць, правільна будзе сказаць – была адной ці самай такой. Анастасія “капітаніла” у камандзе, была яе сапраўдным лідарам, стала лепшым бамбардзірам не толькі сярод сваіх, але і ўсяго турніра. З 49 галоў галоў, забітых у ходзе першынства брастаўчанкамі, 37 на рахунку нашай зямлячкі. Калі падзяліць гэту лічбу на 8 праведзеных на турніры матчаў – фантастычная выніковасць атрымліваецца.

Як расказаў настаўнік юнай спартсменкі трэнер-выкладчык ДЮСШ Васілій Бут-Гусаім, прыз “Лепшаму бамбардзіру” Насця атрымала з рук Міхаіла Вергіенкі – прадстаўніка АБФФ, вядомага некалі варатара мінскага “Дынама”. Але асабісты прыз – гэта ўсё ж такі прыемны бонус, а галоўнай узнагародай футбалісткам нашай вобласці стаў Кубак, медалі і дыпломы пераможцаў першынства за подпісам старшыні асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” Сяргея Румаса.

Безумоўны лідарам на працягу ўсёй турнірнай дыстанцыі – ні аднаго пройгрышу, 43 забітыя і толькі 3 прапушчаныя галы – сваю перавагу каманда выдатна пацвердзіла і ў “залатой” гульні. Усё, што здолелі супрацьпаставіць брастаўчанкам футбалісткі Магілёўскай вобласці, — арганізаваць 2 галы ў адказ на 6 прапушчаных. Трэцяе месца – у каманды Гродзенскай вобласці.

Віншуем таленавітую спарсменку, яе трэнера і чакаем працягу. А ён будзе, паколькі праграма ФІФА па развіцці жаночага футбола разлічана на 3 гады.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *