Даручана працаваць “заказчыкам”

– Любую пачатую справу неабходна даводзіць да лагічнага завяршэння, а не проста раздаваць абяцанні. Работу кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, раённай улады людзі ацэньваюць па зробленым. Таму бяздзейнасць, безыніцыятыўнасць, а тым больш абыякавасць і патуранне недапушчальныя, — адзначыў на апаратнай нарадзе старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч.

На гэты раз жорсткая размова ішла пра нездавальняючую работу райпо па арганізацыі вулічнага гандлю (неаднойчы гэтае пытанне ўздымалася і на старонках “ЛВ”) не толькі ў райцэнтры, але і, напрыклад, у зоне адпачынку ў аграгарадку Дарава. З’явілася вулічнае кафэ каля рэстарана “Ластаўка”, а наведвальнікаў не надта многа: бедны асартымент і нязручны для многіх графік. Ішла размова і пра работу магазінаў, асабліва ў выхадныя дні. Не заўсёды яна спрыяе пакупніцкай актыўнасці.

Нявырашаным, але вельмі актуальным кіраўнік раённай улады лічыць пытанне, дзе і як правесці вольны час і маладым, і дзецям, і сталым. Сапраўды, вечарам юнакам і дзяўчатам няма чым заняцца: дыскатэкі калі і праводзяцца, то, па словах самой моладзі, на іх нецікава, і жадаючых патанцаваць няшмат. На гэтым пералік культурных мерапрыемстваў заканчваецца. Тое ж самае датычыцца і дзённага адпачынку ў парку па вуліцы Дзесюкевіча ў райцэнтры. Аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі даручана ў кароткі тэрмін актывізаваць работу ў гэтым накірунку і найперш правесці апытанне сярод моладзі, чым бы яна хацела заняцца. А потым прадумаць мерапрыемствы, зрэжысіраваць іх такім чынам, каб яны сталі запатрабаванымі і папулярнымі.

Заўвага аб’яўлена старшыні Конькаўскага сельвыканкама Раману Бубену. На тэрыторыі сельсавета не арганізавана належным чынам работа па добраўпарадкаванні: не вывозіцца смецце з тэрыторый могілак, не праводзіцца ямачны рамонт, не грэйдзіруюцца дарогі. «Апошняй кропляй» стаў беспарадак у зоне адпачынку ў аграгарадку Дарава, дзе ў мінулую нядзелю прайшло раённае свята “Тройца”.

Навядзенне і падтрыманне парадку не толькі на цэнтральных вуліцах горада, але і на ўскраінах — у абавязках камунальнай службы раёна. Але тут без дапамогі ўсіх ляхавічан не абысціся. Як адзначыў Вячаслаў Сельмановіч, традыцыю чыстых чацвяргоў неабходна працягваць. Працоўныя калектывы павінны быць у адказе за добраўпарадкаванне падведамасных тэрыторый. Напрыклад, гаворка ішла пра падкошванне травы на тэрыторыі дзіцячых садкоў.

Работнікі камунгаса стараюцца і з большасцю ўскладзеных абавязкаў спраўляюцца добрасумленна, пра што сведчыць парадак на вуліцах і мноства кветак навокал. Але, як падкрэсліў старшыня райвыканкама, неабходна адзіная канцэпцыя і дызайнерскае рашэнне ў добраўпарадкаванні. Таксама дадзена даручэнне навесці парадак на былым ваенным палігоне каля вёскі Федзюкі.

Камунгасу, аддзелу архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, упраўленню капітальнага будаўніцтва даручана вярнуцца да пытання добраўпарадкавання прыдамавых тэрыторый у мікрараёне вуліц Южакова-Будаўнікоў.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *