Любіць чалавека. Агульны стаж сямейнай дынастыі Саланенкаў у медыцыне – каля 240 (!) гадоў. Пакуль…

“ЛВ” распачынае новы праект – “Дынастыя”. Яго галоўнымі героямі стануць нашы землякі – вядомыя ў раёне людзі і тыя, пра каго чытачы, магчыма, пачуюць упершыню. Усіх іх аб’ядноўвае сямейная любоў да справы, якой яны займаюцца.

Пачынае праект – і гэта святочны падарунак “ЛВ” – дынастыя медыцынская.

Валерый Трафімавіч і Алена Вячаславаўна на рабоце і дома – з дочкамі.

З маім братам у школьныя часы ён ганяў у футбол. А наша колішняя суседка была яго першай настаўніцай. Выдатна памятаю ягоных тату, маму, старэйшых брата і сясцёр. І ўсё ж звяртаюся выключна з дабаўленнем імя па бацьку. На тое ёсць прычына, і прычына гэта – не штучнае дыстанцаванне, а павага – звычайная, шчырая.

…Урачоў многа, але не з кожным атрымліваецца адчуць сябе на адной хвалі. Памятаеце, у кінастужцы “Дажывём да панядзелка” юны герой сфармуляваў геніяльна простае вызначэнне: шчасце – гэта калі цябе разумеюць. Шчасце пацыента, ягоны выйгрышны латарэйны білет – урач, які разумее не толькі хваробу, але і хворага. Такая здольнасць роднасная таленту. Сёння праз інтэрнэт можна атрымаць безліч медыцынскіх парад, нават схемы лячэння, але ўважлівыя вочы ўрача, яго імкненне дапамагчы менавіта табе — тая кантактная акалічнасць, што часам з’яўляецца выратавальным кругам для чалавека. Доктарам, якому вераць, на якога спадзяюцца, становяцца не адразу — медыцынскі шлях спасціжэння цярністы, няпросты і бясконцы. Па гэтым шляху ўпэўнена крочыць больш за 40 гадоў (адлік – з паступлення ў медінстытут) наш зямляк Валерый Трафімавіч Саланенка. Даўно хацела расказаць пра яго, і вось сабралася. І як заўсёды гэта бывае, калі амаль усё жыццё ведаеш чалавека, разгубілася: з чаго пачаць. Пра тое, што ён высакакласны прафесіянал, не сумняваюцца тысячы пацыентаў урача рэаніматолага-анестэзіёлага Саланенкі, дакладна ведаюць гэта і ягоныя калегі. Пра тое, што ён надзвычай добразычлівы, дружалюбны чалавек, — тым больш. А як вам такая акалічнасць: Валерый Трафімавіч – адзін са шматлікай сямейнай дынастыі медыкаў акрамя яго яшчэ сямёра з роду ўрачы. Іх агульны стаж у медыцыне – каля 240 (!) гадоў. Пакуль… Як усё пачыналася і з каго? Давайце пагартаем сямейны альбом Саланенкаў.

Трафім і Вольга

Строгае паліто з каракулевымі каўняром і шапкай, начышчаныя да бляску боты, ваенная выпраўка – такім памятаю Трафіма Трафімавіча. Мініяцюрная жанчына з надзвычай добрым тварам і мілай усмешкай – гэта пра Вольгу Гаўрылаўну. А разам яны – бацькі чацвярых дзяцей Людмілы і Юрыя, якія нарадзіліся да вайны, Тамары і Валерыя – вельмі пасляваенных. Галава сям’і ў Ляхавічах працаваў у бытоўцы. Сам ён родам з Алтайскага краю. Да вайны скончыў чыгуначны тэхнікум, меў броню. Калі ў баях з фашыстамі загінулі двое ягоных братоў, тройчы пісаў заявы з просьбай адправіць на фронт. Пасля трэцяга ліста атрымаў дабро. Служыў у разведцы, быў цяжка паранены і камісаваны. Самай дарагой баявой узнагародай лічыў медаль “За адвагу”. Паспеў у ваенны час пасля фронту зарабіць і медаль “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне”.

У яго заўсёды быў надзейны тыл па імені Вольга. Самой дабратой называюць яе ўсе, хто ведаў. Пажаніліся ў Табольску ў 1937-ым. Першай нарадзілася Люся, у 40-ым – Юра.

У Беларусь пераехалі, таму што тут жыў малодшы брат Трафіма Трафімавіча. Ужо на Ляхавіччыне нарадзіліся Тамара і самы малодшы – Валерка.

Медсястра Рома Страмавус гаварыла, што і сёння памятае смак піражкоў, якімі яе і калег частавала Вольга Гаўрылаўна. Тут, у паліклініцы, яна працавала санітаркай, сюды пасля ўрокаў забягалі малодшыя Саланенкі. Ці не адсюль, дарэчы, “вырас” інтарэс да медыцыны ў сыноў?

І дабрата, інтэлігентнасць, прыстойнасць – спадчына, канечне, ад любімых бацькоў – светлай памяці Трафіма Трафімавіча і Вольгі Гаўрылаўны.

Юрый і Ала

У беласнежным халаце, з зайздроснай шавялюрай, вельмі спакойны і ўпэўнены, па-саланенкаўску дружалюбны – такім памятаю падлеткавага ўрача Юрыя Трафімавіча. Ля яго кабінета заўсёды было поўна і дзяцей, і бацькоў. Людзі хутка разабраліся “хто ёсць хто”: доктар быў надзвычай аўтарытэтны. Юрый Саланенка спачатку скончыў Брэсцкае медвучылішча, працаваў у Карэліцкім раёне, потым стаў студэнтам Гродзенскага медінстытута. Дыпламаваным спецыялістам прыехаў на сваю маленькую радзіму і прывёз з сабою жонку – Алу Аляксееўну, таксама ўрача: яна ўладкавалася загадчыцай лабараторыі. Прызнаюся, што “падпольна” ляхавіцкія дзяўчаты-падлеткі называлі яе паміж сабой Алачкай і лічылі эталонам моды і прыгажосці.

У нашай бальніцы Юрый Трафімавіч не толькі займаўся ўрачэбнай практыкай, але і сабраў матэрыял для дысертацыі, якую паспяхова абараніў у Маскве. Яго запрасілі на працу ў Гродна. Кандыдата медыцынскіх навук Юрыя Саланенку добра ведае не адно пакаленне студэнтаў Гродзенскага меда, дзе ён выкладаў, і ў тэрапеўтычным асяроддзі – як выдатнага спецыяліста і аднаго з аўтараў падручніка “Прапедэўтыка ўнутраных захворванняў”.

Але гэта яшчэ не ўсё. Абодва сыны Саланенкаў-старэйшых сталі ўрачамі: Міхаіл мае званне падпалкоўніка медыцынскай службы, Аляксандр скончыў клінічную ардынатуру па кардыялогіі.

Медыкамі не нараджаюцца – імі становяцца. А калі побач такі ўзорны прыклад бацькоў, – дзеці часта паўтараюць іх выбар.

Валерый і Алена

Валерый Трафімавіч і Алена Вячаславаўна Саланенкі

Але вернемся да ляхавіцкіх каардынатаў. Я рада, што ў нашай бальніцы ёсць такі класны ўрач і цудоўны чалавек. Што, дарэчы, першаснае ў сцвярджэнні? У даным выпадку гэта спалучэнне нераздзельнае. “Даны выпадак” – шаноўны Валерый Трафімавіч Саланенка. Звычайны для яго расклад у незвычайным, сказала б, – у экстрэмальным — рэжыме. Аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі – складанае па сваёй спецыфіцы. Праз яго праходзяць самыя цяжкія пацыенты. Тут кругласутачна дзяжурыць урач, тут самае дасканалае медабсталяванне, а яшчэ – вельмі цярплівы і чулы высокапрафесійны персанал. Калі ўрач, медсястра, малодшая медсястра, санітарка рэанімацыі (так называюць у размоўным варыянце аддзяленне) з міласэрнасцю не сябруюць, яны не затрымаюцца надоўга, не стануць незаменнымі. А Валерый Трафімавіч з самага “пачатку” аддзялення ў ім працуе.

Пасля інстытута практыкаваў у Крывошынскай участковай бальніцы тэрапеўтам. У раённую перайшоў на пасаду анестэзіёлага-рэаніматолага, калі яшчэ і аддзялення спецыялізаванага не было. Ён ды Станіслаў Аляксандравіч Папко пачыналі. Памятае хваляванне ад першай самастойна зробленай анестэзіі, і ўмовы, у якіх тады працавалі, памятае. Непараўнальныя з сённяшнімі. Але ў службе медыкаў-рэаніматолагаў заўсёдным застаецца найвялікшая адказнасць за здароўе і жыццё пацыентаў. Гэта ўрачэбная канстанта, і ёй падпарадкоўваецца праца людзей у белых халатах. Хаця белы халат сёння ўвасабляе хутчэй высокі сэнс прафесіі, класічны прыгожы вобраз – форма ўрачоў у аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі зеленавата-бірузовага колеру.

Дык вось з першага дня заснавання гэтага аддзялення ў ім нязменны Валерый Трафімавіч. Лечыць людзей, змагаецца за іх здароўе, вяртае да жыцця. Яму гавораць словы ўдзячнасці пацыенты і іх родныя, а ён, вельмі сціплы чалавек, сарамліва ўсміхаецца: гэта наша работа. І, здаецца, не стамляецца на заўсёды няпростых дзяжурствах, на аперацыях і пасля, калі за хворага ў адказе менавіта анестэзіёлаг. Не раздражняецца, не ”выпускае пару” на іншых у самых няпростых сітуацыях, без якіх не бывае наогул у медыцыне, тым больш – у яе рэанімацыйнай службе.

Адна сям’я: Вольга Гаўрылаўна і Трафім Трафімавіч з нявесткамі Аленай і Алай.

Ён проста любіць сваю работу, паважае калег, вельмі цёпла гаворыць пра тых, з кім поплеч працуе. Надзейны – гэта пра такіх, як ён.

Ну і для паўнаты сюжэта: мяркуйце самі, кім магла быць жонка Валерыя Трафімавіча, калі не ўрачом?! Алена Вячаславаўна – педыятр, і яе шматлікія маленькія пацыенты зусім не баяцца “цёцю Лену”: даюць згоду і тэмпературу памераць, і лёгкія паслухаць, і роцік паказваюць без лішніх угавораў.

Дома ў Саланенкаў без бальнічнай тэмы не абыходзіцца: два ўрачы пад адным дахам – гэтым усё сказана. Хаця не два і не ўсё: урачы ёсць яшчэ. Калі дачка Кацюша атрымала дыплом эканаміста, то Ірына пайшла па бацькоўскіх слядах, прычым, у дакладным варыянце. Яна ўрач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг аддзялення гемадыялізу Баранавіцкай гарадской бальніцы. А яе муж — урач-неўролаг, сёлета і клінічную ардынатуру заканчвае. Такая вось прафарыентацыя.

…Ці варта разважаць пра прызванне, калі жыццё адказвае: каб любіць — трэба ведаць; каб ведаць — трэба вывучыць; каб вывучыць — трэба зацікавіцца; каб зацікавіцца — трэба ўбачыць.

Юрый і Валерый з пляменнікам.

Наш доктар відушчы сэрцам, а яшчэ ён заўсёды ў дарозе – у жыццёвым шляху. Дарэчы, Валерый Трафімавіч, вобразна кажучы, абышоў вакол усёй планеты: яго звычайны расклад з маладосці – 2,5 тысячы кіламетраў у год – бегам, хадзьбой. Атрымліваецца, за два дзесяцігоддзі першы “круг” зроблены. А колькі кіламетраў пройдзена па аддзяленні, па бальнічных палатах, вымераць немагчыма, як немагчыма вымераць, колькі дабраты і спагады да людзей умяшчае яго душа – няма такіх адзінак вымярэння. Проста трэба быць чалавекам і любіць чалавека. Звычайная формула – у Саланенкаў яна ў крыві.

P.S. У нешматлікім аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі поплеч з Саланенкам працуе і ўрач Ігар Васілевіч. Ігар Аляксандравіч, дарэчы, таксама прадстаўнік слаўнай дынастыіі медыкаў. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота з сямейнага архіва і Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *