«Валянцінка» для Валянціны

Імя Валянціна азначае моцная, а ў нашай зямлячкі Валянціны Маліхтаровіч гэта сіла, памножаная на невычарпальную любоў і пяшчоту да блізкіх, павагу да калег, спагаду да родных і сяброў.

У 1983 годзе маладая выпускніца Львоўскага гандлёва-эканамічнага інстытута з папулярнай спецыяльнасцю “эканаміст-фінансіст” размеркавалася ў Сібір, а дакладней — горад нафтавікоў Ніжнявартаўск. Працаваць падабалася, але цягнула ў родную Беларусь. Як толькі атрымалася, Валянціна вярнулася дамоў, у Ляхавічы. І ніколі пра гэта не пашкадавала.

Пад якія працэнты можна атрымаць спажывецкі крэдыт? Каго ўзяць паручыцелем? Калі неабходна плаціць першы ўзнос? — на гэтыя і многія іншыя пытанні на працягу рабочага дня не аднаму дзясятку кліентаў дае дакладны адказ і тлумачыць, раіць, прапаноўвае Валянціна Маліхтаровіч. У сістэме Валянціна Іванаўна — чалавек паважаны, яе банкаўскі стаж – 22 гады. Пра крэдыты, працэнты, уклады, фінансы галоўны спецыяліст службы крэдытавання насельніцтва аддзела рознічнага бізнесу цэнтра банкаўскіх паслуг № 117 філіяла № 802 ААБ “Беларусбанк” ведае літаральна ўсё.

Акрамя таго, што Валянціна Маліхтаровіч класны і запатрабаваны спецыяліст (як з усмешкай гаворыць сама, крэдытавала амаль палавіну жыхароў Ляхавіччыны), яшчэ і неабыякавы, добразычлівы, шчыры чалавек, гатовы прыйсці на дапамогу. Яна ніколі не пройдзе міма чужой бяды.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *