Ляхавічы: лён у шохах лічаць

У  раёне сёлета павялічаны пасяўныя плошчы пад лён. Мадэрнізуецца і вытворчасць на ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”: новы ўраджай будзе перапрацоўвацца ў новым цэху. Цяпер вядзецца мантаж высокапрадукцыйнага абсталявання, магутнасць якога значна перавышае тую, што была раней. Ды і ўмовы працы ўжо нельга будзе параўнаць з тымі, што ў старым цэху.

Як расказаў дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Скакун, для таго, каб забяспечыць перапрацоўчы сезон, спатрэбіцца 10 тысяч тон ільнотрасты — мінімум на 3 тысячы больш, чым назапашвалі ў папярэднія гады.

Ільнозавод арганізаваў свой мехатрад, стаў нарыхтоўваць большую частку сыравіны самастойна. Сёлета, напрыклад, з 1900 пасеяных у раёне гектараў ільну 1435 – клопат прадпрыемства. Астатнія 465 гектараў — уладанні тых, хто перакананы, што лён можа прыносіць прыбытак: нездарма спрадвеку ільнасеючыя гаспадаркі называлі “манетнымі дварамі”.

Заўсёды атрымліваюць заслужаныя бонусы канюхоўскія льнаводы, паспяхова вырошчваюць даўгунец у СВК “Шлях новы”, “Тальмінавічы”, ільнонасенстанцыі.

Дзеля захавання севазвароту на палях, што належаць ільнозаводу, некаторыя сельгаспрадпрыемствы раёна прадаставілі свае зямельныя ўгоддзі для пасеваў даўгунцу. Найбольш – 300 гектараў — адвёў ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, 255 – СВК “Тальмінавічы”, на 260 гектарах у СВК “Жарабковічы” вырошчвае даўгунец ільнонасенстанцыя.

Настала пара цвіцення льну – прыгожая і рамантычная. Яго называюць сінявокім, чараўніком, а відовішча, калі ён гайдаецца пад лёгкім ветрыкам, параўноўваюць з марскімі хвалямі… Спецыялісты ж па шчодрасці цвіцення, насычанасці колеру, вышыні парасткаў, вызначаюць якасць і робяць прагнозы на ўраджай. Начальнік аддзела вытворчасці прадукцыі раслінаводства райсельгасхарчу Мікалай Каплыноў прыехаў з ільнянога поля і прывёз на паказ некалькі сцяблінак даўгунцу:

— Абследавалі ўсе пасевы: ураджай павінен быць добрым, — разважае спецыяліст. — Вышыня сцябла ўжо больш як 60 сантыметраў, расліна развіваецца моцнай, несумненна дасць добры ўраджай ільнасемя і льнотрасты. Асабліва прыгожая плантацыя льнонасенстанцыі ў Жарабковічах – на гэтых землях заўсёды рос лён, а сёлета ён выдатны…

Спецыяліст зазначыў, што пры сучасных тэхналогіях вырошчвання можна дабіцца значных ураджаяў амаль паўсюдна, калі захоўваць культуру земляробства, тэрміны пасеву, догляду. Сёлетні лён іменна таму прыгожы і перспектыўны, што своечасова амаль на ўсёй плошчы былі праведзены дзве хімпраполкі, апрацоўкі супраць хвароб, падкормкі. На вызначаных участках унесены мікраўдабрэнні – бром і цынк — для паляпшэння якасці валакна і льнасемя. Спецыялісты трымаюць на кантролі і яшчэ адзін момант: калі надвор’е будзе такім жа вільготным, то абавязкова спатрэбіцца апрацоўка супраць палегласці даўгунцу.

На льнозаводзе свае клопаты:

— Мы сканцэнтраваны на тым, каб да вызначанага часу запрацаваў новы цэх. Адначасова рыхтуем ільноўборачную тэхніку, каб пасля не было аўралу. Памятаем: ураджай не той, што ў полі, – зазначыў Дзмітрый Скакун.

Аліна ЛАПІЧ.

ФОта Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *