Ляхавічы:пад ляжачы камень інвестыцыі не цякуць

Рацыянальнае выкарыстанне водных рэсурсаў – адно з пытанняў, што разглядаліся на чэрвеньскім пасяджэнні райвыканкама. Кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч адзначыў, што недастаткова актыўна вырашаецца важная прабле-ма – забеспячэнне насельніцтва якаснай пітной вадой.

Справаздачу трымаў начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Пятроўскі. Сярод станоўчых момантаў прагучала інфармацыя пра тое, што зменшыліся страты і няўлічаныя расходы з сістэм камунальнага водазабеспячэння і пры транспартаванні вады. Не абышлося, праўда, і без “мінусаў”. Так, меліся выпадкі нерацыянальнага выкарыстання падземных вод. З-за няспраўнасці аўтаматычнага абсталявання свідравін выцякала вада з воданапорных вежаў. А райаграсэрвіс і ПМК-13 у мінулым годзе вадой карысталіся самавольна — тэрмін дазволу закончыўся. З парушэннем правілаў тэхнічнай эксплуатацыі дзейнічалі ачышчальныя збудаванні ў аграгарадках Русінавічы, Ліпск, вёсцы Дарава-Чыж. І, бадай, самае галоўнае — неэфектыўная работа ачышчальных збудаванняў у райцэнтры. Палепшыць “пітное” пытанне павінна ўвядзенне ў эксплуатацыю станцый абязжалезвання ў Ляхавічах і аграгарадку Нача.

Старшыня райвыканкама пацікавіўся ў начальніка прыродаахоўнай службы, дзе нармальна працуюць сельскія ачышчальныя збудаванні, падкрэсліўшы, што большасць з іх у даволі непрыглядным стане. Чаму, як толькі пачынаецца сезон, забараняецца купанне ў зоне адпачынку ў аздараўленчым лагеры “Чайка”? Хто адкажа за неўладкаванасць тэрыторый вакол водазабораў? Чаму не закансерваваны свідравіны пітной вады, што не выкарыстоўваюцца? Яшчэ адзін факт: амаль 6 гадоў, як зроблена ліўнёвая каналізацыя ў раёне вуліц Будаўнікоў-Южакова ў райцэнтры, і дагэтуль аб’ект дакументальна не здадзены ў эксплуатацыю. Нямала пытанняў да якасці ліўнёўкі і на рыначнай плошчы.

Галоўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў адзначыў, што па крыніцах водазабеспячэння , якія знаходзяцца на балансе камунгаса, пытаняў няма, у адрозненне ад свідравін у сельскай мясцовасці.

Калі не прымаць меры па выпраўленні, сітуацыя не зрушыцца з месца. Кіраўнік раёна запатрабаваў узмацніць каардынуючую работу прыродаахоўнай і санітарнай службаў.

Пра эфектыўнасць інвестыцыйнай дзейнасці суб’ектаў гаспадарання дакладвала намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Кацуба. Сёлета за студзень-сакавік аб’ём прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове склаў 680 тысяч долараў (пры прагнозе – 300 тысяч). Па словах Таццяны Кацуба, рэальных інвестыцый, якія змогуць прынесці рост рэальных даходаў няма, за выключэннем СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” і ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”.

Як падкрэсліў Вячаслаў Сельмановіч, Ляхавіцкі раён – датацыйны, ад колькасці інвестыцый залежыць напаўненне мясцовага бюджэту і, адпаведна, рост дабрабыту насельніцтва. Таму не зразумелая пазіцыя кіраўніцтва ПМК –17, якое не разглядае ўсур’ёз інтарэс замежных інвестараў да сваіх тэрыторый, што не актыўна выкарыстоўваюцца. І ўвогуле не зразумелая пазіцыя чакання большасці кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, якія нават і не спрабуюць пазмагацца за гранды ў замежных інвестараў.

Вельмі актуальнае пытанне — індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва і забеспячэнне яго неабходнай інжынерна-транспартнай інфраструктурай. Райвыканкам абавязаў землеўпарадкавальную службу забяспечваць пастаянны кантроль за своечасовым асваеннем і мэтавым выкарыстаннем зямельных участкаў для індывідуальнага будаўніцтва. Аддзелу архітэктуры і будаўніцтва даручана кантраляваць ход будаўніцтва, асваенне выдзеленых сродкаў, своечасовы ўвод у эксплуатацыю аб’ектаў інжынерна-транспартнай інфраструктуры. Неабходна наладзіць і сістэму па выяўленні выпадкаў і прыцягненні да адказнасці грамадзян за несвоечасовую здачу ў эксплуатацыю і дзяржаўную рэгістрацыю ўзведзенага жылля.

Разгледжаны і іншыя пытанні, па ўсіх іх прыняты адпаведныя рашэнні.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *