«Няхай сэрцы саграе вера»

Для ўсіх, хто звяртаецца да яго, ён знаходзіць добрыя і абнадзейлівыя словы, сардэчныя пажаданні. Да яго цягнуцца вернікі, прагна ловяць кожнае слова гэтага надзвычай шчырага і добрага чалавека. Ён шчодра аддае, адорвае, радуе, нічога не патрабуючы ўзамен.

Гэта пра архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Стэфана (у свеце Іван Пятровіч Корзун). Яго жыццё прысвечана служэнню Богу і людзям. Амаль 25 гадоў ён — на чале Пінскай епархіі.

Даволі часта Уладыка бывае ў Ляхавічах. Адзін з нядаўніх прыездаў – падчас адкрыцця духоўна-асветніцкай праграмы “Сям’я – Яднанне – Айчына”. Нягледзячы на занятасць, ён знайшоў час, каб паразмаўляць з карэспандэнтам “ЛВ”, паразважаць пра галоўныя каштоўнасці нашага жыцця, пра веру, патрыятызм, пра тое, што робіць чалавека чалавекам.

– Шаноўны Уладыка, якім быў Ваш шлях да веры, да царквы?

– Нарадзіўся я ў сялянскай сям’і. Бацькі былі простыя людзі, марылі, каб я вывучыўся. Атрымаў сельскагаспадарчую спецыяльнасць у мар’інагорскім тэхнікуме, працаваў аграномам на Пастаўшчыне. У той час мясцовыя жыхары ўпотай дзяліліся рэлігійнымі кнігамі. Як і ўсе хлопцы, адслужыў у арміі. Да Бога ж прыйшоў сам, з Божай міласцю выношваў гэта рашэнне.

У 1975 годзе закончыў Маскоўскую духоўную семінарыю, праз 4 гады – духоўную акадэмію.

Выконваў послух у Жыровічах, потым служыў там жа благачынным, быў намеснікам у Свята-Успенскім манастыры, першым рэктарам Мінскай духоўнай семінарыі. І заўсёды яго спадарожнікамі былі і застаюцца глыбокая вера, чалавекалюбства і добразычлівасць, вельмі адказныя адносіны да справы.

– Вера і патрыятызм — наколькі гэтыя паняцці адзіныя, і што тут першаснае?

Лічу, што гэтыя паняцці неаддзельныя. Без веры мы нічога не можам зрабіць і дасягнуць. Патрыятызм – другая важная рыса чалавека пасля веры. Мы жывём у дзяржаве і павінны быць патрыётамі сваёй зямлі.

Уладыка, Вы не першы раз у Ляхавічах. Што змянілася за апошні час у духоўным жыцці нашых землякоў?

Мне ёсць з чым параўнаць. Бачыў, з чаго ўсё пачыналася 25 гадоў назад, і ведаю, што ёсць сёння. Мне прыемна назіраць за змяненнямі, якія адбываюцца: Ляхавічы выраслі, узняліся на высокую духоўную прыступку, у многім дзякуючы і намаганням благачыннага цэркваў Ляхавіцкай акругі Георгія Жытко.

На сённяшні дзень царква свабодна нясе сваю місію, сваё служэнне. У Беларусі грамадзяне свабодныя ў веравызнанні, і самая шматлікая канфесія – праваслаўная. Адраджаюцца і будуюцца новыя храмы, вяртаюцца царкоўныя каштоўнасці, усё больш дзяцей наведваюць нядзельныя школы. А бацькі вядуць сваіх сыноў і дачок да прычасці. Мноства дзіцячых твараў у царкве – гэта выдатная абнадзейваючая рэальнасць.

Сёння ў склад Пінскай епархіі ўваходзіць 157 царкоўных прыходаў. Засмучае, што так было не заўсёды. Можна сказаць, “згубілася” пакаленне паміж сталымі і маладымі, не поўнасцю перадалася практыка, уклад царкоўнага жыцця. Але, дзякуй Богу, многае змянілася ў гэтым плане ў лепшы бок, мы ўсё роўна становімся лепшымі, удасканальваемся і годна нясём сваю місію. Улада ўзаемадзейнічае з царквой. Святароў запрашаюць у школы, у студэнцкія аўдыторыі, у воінскія часці, на ўрачыстасці і для ўдзелу ў радыё- і тэлепраграмах…

Радуе, што адкрыліся духоўныя школы, дзе рыхтуюцца кадры для царквы.

– Чым захапляецца Уладыка Стэфан у вольны час, якой літаратуры аддае перавагу?

– Калі ёсць вольная хвіліна, люблю чытаць класічную беларускую літаратуру, духоўную, газеты рэспубліканскія і царкоўныя. Мой любімы пісьменнік Якуб Колас – я з ім заўсёды, мы з ім адной веры.

Вось адкуль гэта меладычная і сакавітая родная мова, на якой свабодна размаўляе архіепіскап Пінскі і Лунінецкі.

Па Вашым бласлаўленні, Уладыка, у Ляхавічах нядаўна прайшла рэспубліканская дзяржаўна-царкоўная духоўна-асветніцкая праграма “Сям’я – Яднанне – Айчына”. Гэта – частка вялікага ва ўсіх сэнсах сюжэту. Як Вы ацэньваеце яго, вобразна кажучы, ляхавіцкую старонку?

Веру, што падобныя праграмы патрэбны людзям і іх правядзенне прыносіць вялікую карысць. Падчас такіх сустрэч вернікі могуць пакінуць усе дрэнныя думкі, пачуцці і выйсці з чыстым сэрцам, напоўненым радасцю і святлом, зрабіць высновы, як стаць лепшым, дабрэйшым. Успомніце чаргу да мошчаў святой Матроны і адухоўленыя твары людзей, якія хацелі датыкнуцца да святыні. Хіба трэба нешта гаварыць, калі відавочна галоўнае: чалавек моцны верай.

Уладыка Стэфан, у апошні час многа сем’яў распадаюцца, скасоўваюць шлюб. Што Вы параіце маладым, каб гэтага пазбегнуць?

Шлюбы заключаюцца на нябёсах. І што злучыў Бог – не разлучыць чалавек. Маладым людзям, якія вырашылі ісці па жыцці разам, трэба папярэдне добра прыглядацца адзін да аднаго і выбіраць – рабіць выбар свядома і адказна, на ўсё жыццё. Тады сям’я будзе моцнай і дружнай, а значыць моцнай будзе і дзяржава.

Няхай нараджаюцца дзеці, з’яўляецца як мага больш шматдзетных сем’яў – значыць, ёсць і будзе ў нас заўтра, будучыня. Няхай сэрцы людскія саграе вера.

Беражы Божа нашу зямлю і ўсіх людзей.

Гутарыла Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *