Квадратна-чаканыя метры. Нюансы будаўнічай галіны Ляхавіцкага раёна сталі тэмай разгляду на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама

Нюансы будаўнічай галіны раёна, а, дакладней, галоўныя адрасы сёлетніх рыштаванняў, ход спраў на іх сталі тэмай разгляду на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама ў мінулы панядзелак. Дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Андрэй Ляшчэня рабіў справаздачу аб будаўніцтве жылля ў горадзе і вёсках, рамонце ўстаноў адукацыі, ходзе работ на рэканструкцыі льнозавода.

Літаральна з першых дзён ліпеня пачынаецца будаўніцтва па дзяржаўным заказе 40-кватэрнага жылога дома ў мікрараёне вуліцы Інтэрнацыянальнай. Кошт пытання – 19 мільярдаў 389 мільёнаў рублёў. Квадратны метр без чыставой аддзелкі пацягне на 9799 тысяч рублёў. Ставіцца задача пабудаваць аб’ект за 4 месяца. Натуральна, для гэтага патрабуецца дакладная арганізацыя працэса і скаардынаванасць намаганняў усіх яго ўдзельнікаў. І ніякіх адкладаў, спазненняў і ўважлівых прычын для адтэрміноўкі.

Наступная прыемная навіна: у жніўні плануецца пачаць узвядзенне ў гэтым жа мікрараёне яшчэ аднаго шматпавярховіка. І, як падкрэсліў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, патрабуе актывізацыі праца на не менш неабходных гораду квадратных метрах жылля ў будынку былога студэнцкага інтэрната па вуліцы Леніна. Гэта сацыяльна значны аб’ект: на яго ўскладаюцца надзеі на вырашэнне кадравага пытання… у мясцовай медыцыне: прапанова добраўпарадкаванага жылля маладым урачам паспрыяе іх выбару нашага райцэнтра пастаянным месцам жыхарства.

Што датычыць будаўніцтва жылля ў вёсцы, то размова ішла пра ўзвядзенне трох домікаў у СВК “Жарабковічы”: яны павінны быць здадзены ў тэрмін.

Сярод найбольш буйных адрасоў рамонту і рэканструкцыі ва ўстановах адукацыі сёлета Крывошынская СШ. Будаўнічая праграма тут падзелена на некалькі частак. У прыватнасці, першая датычыць замены вокнаў і дзвярэй, другая – рамонту харчблоку, які павінен завяршыцца да 20 жніўня. Як запэўніў дырэктар УКБ, сродкі на гэтыя работы выдаткоўваюцца.

Старшыня райвыканкама засяродзіў увагу на ходзе будаўніцтва і рэканструкцыі льнозавода. Тэрмін увода аб’екта – 1 верасня. Задача фармулюецца лаканічна: новы ўраджай ільну павінен перапрацоўвацца ў новым цэху па новых тэхналогіях.

Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *