Карыснае лета. Папрацавалі школьнікі Ляхавіччыны на славу /фота/

Удзельнікі працоўных атрадаў і іх педагогі з кіраўніком камунгаса Аляксандрам Мядзвецкім.

Лагер працы і адпачынку заваёўвае ўсё большую папулярнасць у ляхавіцкіх хлопчыкаў і дзяўчынак. На працягу чэрвеня гараджане з цікавасцю назіралі за “новымі” работнікамі камунгаса, якія кожны дзень шчыравалі на добраўпарадкаванні райцэнтра. У выніку працы старшакласнікаў у парку каля плошчы Перамогі з’явіліся дзве прыгожыя клумбы – вынік спаборніцтва, аб’яўленага камунгасам паміж працоўнымі атрадамі СШ №1 і гімназіі.

– Агляд-конкурс на лепшае афармленне клумбаў і кветкавых кампазіцый “Кветкавы вальс — 2014 ” паміж працоўнымі атрадамі школьнікаў камунгас праводзіць ўпершыню, – адзначае дырэктар прадпрыемства Аляксандр Мядзвецкі. – Мы прапанавалі, а рабяты з задавальненнем падтрымалі ідэю, падышлі да яе ўвасаблення творча і нераўнадушна. Па сутнасці, у гэтым конкурсе галоўнае не вынік, а выхаваўчы аспект. Гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі, уклаўшы душу ў сваю работу, будуць паважаць і чужую.

Падарунак “Авантажа” (атрад з СШ №1) Ляхавічам называецца “Time flower” (“Час кветак”). Натхняльнік праекта – вучаніца 8 класа Дар’я Буйкевіч. Дзяўчынка марыць звязаць сваю будучую прафесію з ландшафтным дызайнам. Яна дакладна прадумала ўсе дэталі азелянення, а атрадаўцы дапамаглі ўвасобіць іх у рэальнасць. З кветак рабяты “намалявалі” цыферблат гадзінніка.

Разбіўка клумбы патрабуе вялікага майстэрства. Гімназісты з “Рытма” – аўтары феерычнай кампазіцыі, што прапісалася недалёка ад рэстарана. Камандзір атрада Анастасія Сідор расказала, што варыянты афармлення шукаліся з улікам расліннага матэрыялу, прыдумвалі назву, натхнёныя атмасферай летніх вечароў.

У конкурсе перамагло сяброўства. Камунгас узнагародзіў кожную каманду грашовай прэміяй у памеры 2,5 мільёна рублёў і ўручыў дыпломы.

Дарэчы, варта згадаць, што камунальнікі не проста аб’явілі конкурс, а забяспечылі яго ўдзельнікаў неабходнымі матэрыяламі.

Пра такую неабыякавасць прадпрыемства да выхавання і занятасці моладзі мараць многія навучальныя ўстановы раёна.

Карэспандэнты “ЛВ” разам з метадыстам раённага вучэбна- метадычнага кабінета Надзеяй Сокал завіталі і ў Начаўскую СШ. Тут на працягу амаль трох тыдняў сумяшчалі працу з адпачынкам 10 мясцовых старшакласнікаў. Сродкі на аплату працы і матэрыялаў для работы начаўскага лагера былі выдзелены з пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Рабяты заўсёды актыўныя памочнікі ў добраўпарадкаванні сваёй школы. А сёлета работу “разбавілі” цікавымі гульнямі, спаборніцтвамі і справамі.

Натхняльнік праекта СШ №1 – вучаніца 8 класа Дар’я Буйкевіч

—У гэты час у сельгаспрадпрыемстве работы для школьнікаў няма. Таму лагер для нас – выдатная магчымасць падзарабіць. А яшчэ астравок радасці і весялосці. Атрад мы назвалі “Волаты” таму, што вельмі спадабаўся талісман нядаўняга чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску. Тут мы яшчэ больш пасябравалі, з карысцю правялі час і абзавяліся атраднымі традыцыямі. А як смачна нас кормяць!, – дзеліцца ўражаннямі камандзір атрада Кацярына Іваноўская.

Для сельскіх рабят любая справа па плячы. Яны спрытна валодаюць пілой, граблямі , пэндзлем: на месцы старога плота зрабілі новы і пафарбавалі яго, высушылі і зграблі сена, прапалолі не толькі градкі, але і спартыўныя пляцоўкі.

Кіраваў работай падлеткаў настаўнік тэхнічнай працы і чарчэння Алег Іваноўскі:

– Такая форма адпачынку аказалася запатрабаванай. Таму сёлетні першы вопыт спалучэння другаснай занятасці з лагерам адпачынку абавязкова выкарыстаем у наступным годзе.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

"Рытм" гімназіі

Камандзір атрада "Рытма "Анастасія Сідор

Начаўскія "Волаты"

Начаўскія школьнікі «профі» ў будаўніцтве і добраўпарадкаванні.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *