Факт-экспрэс-навіны


• З УЗНАГАРОДАЙ! Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу і ў сувязі з 60-гадовым юбілеем узнагароджаны вадзіцель райвыканкама Уладзімір ШАПЕЛЬ.
• ПРЫПЛЫЛІ! Як паведамляў «ЛВ», з 21 па 25 ліпеня ў абласным цэнтры пройдзе чэмпіянат свету па акадэмічным веславанні сярод спартсменаў да 23 гадоў. У спаборніцтвах прымуць удзел прадстаўнікі 55 краін. Сярод 1300 спартсменаў — 6 весляроў з Брэстчыны.
• НАШЫ Ў СПОРАВЕ. У мінулыя выхадныя ў вёсцы Спорава Бярозаўскага раёна прайшоў 4-ы абласны фестываль народнага гумару «Спораўскія жарты». Як расказала дырэктар раённага метадычнага цэнтра аддзела культуры Соф’я Марчык, у ім прымалі ўдзел і прадстаўнікі нашага раёна — народны тэатральны калектыў «Вастраўчане» Востраўскага СДК і ансамбль песні «Вечарніца» Навасёлкаўскага СДК. Праграма, якую яны прадставілі, называлася «У эфіры ляхаўчане». Дарэчы, ляхавіцкія гумарысты не засталіся без увагі гледачоў і без узнагарод: дыплом і каштоўны падарунак атрымала сямейная пара Таццяны і Івана Пішчоў. Дарэчы, у гэтыя дні ляхавіцкія самадзейныя артысты паспелі выступіць яшчэ і перад жыхарамі вёскі Пескі, што таксама на Бярозаўшчыне, — пад шчырыя апладысменты поўнай глядзельнай залы.
• З СЕРАБРОМ! Зборная Беларусі па мотаболу сёмы раз стала сярэбраным прызёрам чэмпіянату Еўропы. У паядынку за золата, які прайшоў 18 ліпеня ў Пінску, беларусы ўступілі расіянам. Зборная Беларусі ўдзельнічае ў чэмпіянатах Еўропы з 1994 года. У 2004 годзе беларусы заваявалі золата, а ў 1995, 1998, 2001, 2007, 2008, 2009 і 2010 гадах — серабро.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *