“Ляхавічок” з эфектам эканоміі

Прыемная навіна: у прынятым днямі рашэнні аб прысуджэнні прэмій Брэсцкага аблвыканкама за лепшыя вынікі ў галіне эканоміі і беражлівасці за 2013 год ёсць і ляхавіцкі адрас. Пераможцам конкурсу ў групе сярод прамысловых арганізацый і арганізацый паліўна-энергетычнага комплексу прызнана СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”. Дарэчы, вынікі мінулагодняй работы дазволілі нашаму малочнаму апярэдзіць у спаборніцтве па эканоміі і беражлівасці ААТ “Бярозаўскі сыраробны камбінат” і ААТ “Савушкін прадукт”, якія сталі лаўрэатамі конкурсу на саісканне прэміі аблвыканкама ў згаданай групе.

У чарговай перамозе Ляхавіцкага малочнага завода нічога выпадковага. Яна – заканамерны вынік пастаяннай мадэрнізацыі – мэтанакіраванай, прадуманай і да дробязяў пралічанай.

Літаральна некалькі вельмі красамоўных прыкладаў. Па інфармацыі эканамічнай службы завода, за мінулы год у параўнанні з папярэднім затраты на вытворчасць прадукцыі знізіліся на 12,8 працэнта. Удзельная вага паліўна-энергетычных рэсурсаў у сабекошце вырабленай прадукцыі склала 2,94 працэнта – на 9,3 менш, чым у 2012 годзе. Летась на прадпрыемстве мадэрнізавана кацельня, што дазволіла эканоміць 23 працэнты газу. Мэтавы паказчык па энергазберажэнні замест мінус 7,5 склаў мінус 12,5. Зразумела, гэта далёка не ўсё, што зроблена і робіцца.

Дырэктар Ляхавіцкага малочнага завода Вячаслаў Жукоўскі перакананы: дасягнуць поспеху і крочыць наперад прадпрыемства можа толькі тады, калі кожны яго работнік на сваім месцы працуе шчыра, сумленна, прафесійна.

Атрымаць такую аддачу няпроста. А вось на СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” даўно знайшлі надзейную “формулу” і няўхільна яе прытрымліваюцца. Складальнікі не сакрэтныя – сучасная вытворчасць, дастойная зарплата, спрыяльны мікраклімат у калектыве, зручныя і бяспечныя ўмовы працы.

Што датычыць апошняга, то па выніках мінулага года прадпрыемству ў раёне прысвоена званне “Лепшая арганізацыя па ахове працы”, а тутэйшы прафкам (старшыня Вольга Анікей) прызнаны лепшым у вобласці па ажыццяўленні грамадскага кантролю за захаваннем заканадаўства аб ахове працы.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *