Подзвіг у граніце. На тэрыторыі Ляхавіччыны памяць пра герояў Вялікай Айчыннай для многіх пакаленняў нашчадкаў захоўваюць простыя абеліскі з чырвонымі зоркамі на магілах невядомых салдатаў

Памяць пра герояў Вялікай Айчыннай для многіх пакаленняў нашчадкаў захоўваюць не толькі Брэсцкая крэпасць і «Лінія Сталіна», але і простыя абеліскі з чырвонымі зоркамі на магілах невядомых салдатаў.

Навечна ў памяці нашчадкаў жыхары вёскі Альхоўцы, расстраляныя ў ліпені 1941 года.

Цішыня. Нават дрэвы застылі, не калышацца лісце. У піянерскім салюце рукі хлопчыкаў і дзяўчынак – нашчадкаў ветэранаў Вялікай Айчыннай. Побач з імі ў ганаровай варце — сённяшнія абаронцы Радзімы. Ім выпала пачэсная місія несці вахту памяці ля помнікаў, абеліскаў, мемарыялаў – подзвігу, увасобленага ў граніце.

Бязмежны смутак у сэрцы напамінам пра вялікую трагедыю пад назвай “вайна”… Колькі разоў праходзім ля помніка героям нават не спыняючы крок. А спыніцца, азірнуцца трэба — гэта жывая гісторыя, усе старонкі якой не прачытаны і праз дзесяцігоддзі пасля залпаў доўгачаканай Перамогі 9 мая 1945 года.

Імёны, прозвішчы на мемарыяльных дошках… Хто яны? І нават калі герой невядомы, ён не забыты…

Зоркі на помніках і абелісках не згаснуць ніколі, бо іх запалілі цаною жыцця тыя, хто адстаяў свабоду і незалежнасць не толькі краіны, сваіх родных, але і вызваліў свет ад фашызму.

На тэрыторыі Ляхавіцкага раёна больш за паўсотні такіх помнікаў, брацкіх магіл, абеліскаў, мемарыяльных дошак. Ёсць у нас і Курган Славы. 12 памятных месцаў на тэрыторыі Крывошынскага сельсавета, 11 — Альхоўскага, 9 — Навасёлкаўскага, па 6 — Жарабковіцкага і Востраўскага, 4 — Ганчароўскага, 3 — Конькаўскага, 2 — Начаўскага сельсаветаў.

…Не зарастае сцяжынка да іх, сюды нясуць кветкі нашчадкі герояў. І так будзе заўсёды.

Ля помніка ахвярам вайны ў вёсцы Жарскія ганаровую вахту нясуць піянеры

Апошні летні месяц 1941 года стаў чорным у гісторыі вёскі Літва. Раніца 15 жніўня. Роў машын разбудзіў мясцовых жыхароў. Фашысты і іх прыспешнікі-паліцаі ўрываліся ў хаты савецкіх актывістаў і прыкладамі аўтаматаў гналі іх па вёсцы. Паўдня нелюдзі здзекаваліся над шасцю мужчынамі ў склепе недалёка ад будынка старой школы. А потым перад аднавяскоўцамі збітых да паўсмерці

расстралялі… Імя здрадніка, які выдаў актывістаў, не вядома. Але не забыты імёны тых, хто загінуў ад рук ворагаў.

У 1985 годзе на будынку Дараўскай СШ, якая знаходзіцца ў некалькіх сотнях метраў ад месца жудасных падзей 73-гадовай даўнасці, устаноўлена мемарыяльная дошка ў памяць расстраляных жыхароў вёскі Літва. Запомніце іх імёны: Міхаіл Іванавіч Гарбаты, Пётр Восіпавіч Канько, Уладзімір Мікалаевіч Марчык, Сцяпан Міхайлавіч Серада, Міхаіл Васільевіч Палуда, Антон Міхайлавіч Палонскі.

Ніцая вярба апусціла галінкі над брацкай магілай у Дараве.

За дзень да праваслаўнага свята – Ражства Іаана Прадцечы – у ліпені 1941 года трагедыя ўварвалася і ў Альхоўцы. Раз’юшаныя карнікі выганялі з хат, двароў людзей, сагналі ўсіх у адно месца. І загадалі: “Іван, выходзь!”. Пяцёра выйшлі. Але “галоўны “ фашыст запатрабаваў яшчэ трох моцных маладых мужчын. Ніхто не верыў у горшае, многія думалі, што гітлераўцам проста спатрэбіліся рабочыя для чаго-небудзь. Васьмярых з паднятымі рукамі пад дуламі аўтаматаў павялі за вёску. Там і расстралялі. Потым – яшчэ дваіх. Малодшы — 1922 года нараджэння, старэйшы – 1910… Толькі позна вечарам родныя расстраляных адкапалі целы сваіх блізкіх і пахавалі на могілках у вёсцы Петухоўшчына. На месцы расстрэлу стаіць помнік, на ім імёны і прозвішчы: Бортнік Іван Канстанцінавіч, Піліпчык Іван Міхайлавіч, Страмавус Іван Раманавіч, Піліпчык Іван Іванавіч, Смаршчок Іван Андрэевіч, Страмавус Аляксандр Аляксандравіч, Ажаль Іван Фёдаравіч, Кулік Іосіф Андрэевіч, Маслоўскі Іван Міхайлавіч, Маслоўскі Васіль Мікалаевіч.

Няпоўныя 2 гады, як вёска Жарабковічы разам з іншымі населенымі пунктамі, была вызвалена Чырвонай Арміяй ад улады панскай Польшчы. Толькі-толькі пачалі абжывацца, гаспадарыць на зямлі, стварылі калгас. І вось новае выпрабаванне — Вялікая Айчынная вайна. Акупанты адразу паказалі, хто ў доме гаспадар, – здзекаваліся, забіралі ўсё – ад свойскай жывёлы да маёмасці. Але самае жудаснае – забівалі мірных жыхароў. Цішыню аднаго з летніх вечароў разарвалі аўтаматныя чэргі. Атрад фашыстаў у поўным узбраенні, з кулямётамі і аўтаматамі акружыў Жарабковічы. Усіх вяскоўцаў сагналі ў будынак былога сельсавета. Перакладчык перадаў загад выйсці ўперад савецкім актывістам. І яны, не чакаючы пакуль фашысты пачнуць расстрэльваць землякоў, выйшлі – 12 маладых, здаровых, поўных жыццёвых сіл, мар і надзей на будучыню. Іх расстралялі на світанку 11 ліпеня 1941 года. Праз некалькі тыдняў здраднікі назвалі карнікам прозвішчы яшчэ двух актывістаў, якіх чакала тая ж доля. Толькі пасля вызвалення вёскі летам 1944 года астанкі 14 патрыётаў былі перапахаваны ў брацкай магіле, дзе пазней устанавілі помнік. Дарэчы, нядаўна ён рэканструяваны. А ў памяці нашчадкаў навечна застануцца прозвішчы загінуўшых землякоў: Фёдар Аляксеевіч Бельскі, Адам Сідаравіч Войтуль, Надзея Сідараўна Войтуль, Захар Лаўрэнцьевіч Грамак, Міхаіл Лукіч Грамак, Лук’ян Сцяпанавіч Грамак, Аляксей Іосіфавіч Грамак, Фама Сцяпанавіч Новік, Кацярына Фамінічна Новік, Сяргей Сільвестравіч Новік, Павел Андрэевіч Праневіч, Ігнат Андрэевіч Праневіч, Васілій Піліпавіч Русак, Павел Паўлавіч Русак.

Помнік на скрыжаванні дарог каля Падсаколля нібы заклікае: спыніся, чалавек, пакланіся тым, хто заваяваў Перамогу…

У  гады Вялікай Айчыннай у жорны фашысцкай машыны знішчэння трапілі амаль 90 тысяч яўрэяў. Такі ж трагічны лёс напаткаў і каля 6 тысяч прадстаўнікоў гэтай нацыянальнасці, якія напачатку вайны жылі ў Ляхавічах і паблізу. З першых дзен так званага нямецкага парадку ўсе ўбачылі, што такое генацыд у адносінах да яўрэйскага народа. Яўрэям было загадана абавязкова насіць на вопратцы нашытую жоўтую зорку. У 1941 годзе пачаліся і першыя масавыя расстрэлы. Свой апошні прытулак 4725 яўрэяў (мужчын, жанчын, дзяцей, старых) знайшлі ў кар’еры за вуліцай Кастрычніцкай (тады Малая Лотва). Знясіленых, са страхам і безнадзейнасцю ў вачах людзей гналі па горадзе, каля кар’ера прымушалі распранацца і расстрэльвалі. Цяпер на гэтым месцы брацкая магіла і помнік, устаноўлены ў 1993 годзе. Ёсць пахаванні забітых яўрэяў і ў вёсках Мядзведзічы, Востраў, каля станцыі Рэйтанава.

Не проста лета, а вызваленчае. Такое яно было для нашага раёна ў 1944 годзе. Супраць фашыстаў і іх прыспешнікаў змагаліся ўсе: салдаты і афіцэры дзеючай арміі, партызаны, падпольшчыкі, мірныя жыхары. Недалёка ад вёскі Шавялі размяшчаўся ў той час ваенны шпіталь. З усёй акругі сюды дастаўлялі параненых. Нягледзячы на намаганні ваенных медыкаў, многія паміралі ад ран, гангрэны. Свой апошні прытулак забітыя і памёрлыя знайшлі ў агульных магілах. А ў 1952 годзе ўсіх загінуўшых пры вызваленні Падлесся і бліжэйшых вёсак перапахавалі ў брацкай магіле. Праз 4 гады на гэтым месцы ўстанавілі помнік. Сярод 139 прозвішчаў, выбітых на пліце, прадстаўнікі розных нацыянальнасцей: рускія, беларусы, украінцы, грузіны, армяне — усе яны змагаліся за Радзіму і загінулі за шчасце будучых пакаленняў.

Абеліск у двары Крывошынскай СШ нагадвае крыло самалёта. На ім выгравіраваны назвы 16 вёсак раёна, у небе над якімі прынялі свой апошні бой савецкія экіпажы.

Гэта толькі некалькі прыпынкаў на маршруце памяці і смутку, якому раёнка дала назву “Ад абеліска да абеліска”. Аднайменны праект быў прымеркаваны да 60-годдзя Вялікай Перамогі. Прайшло амаль 10 гадоў. Пра векапомную гісторыю Вялікай Айчыннай вайны могуць расказаць шматлікія экспанаты нямногіх школьных і ЛДАКаўскага музеяў. Надзвычай багатая крыніца гістарычных звестак, успамінаў сведкаў той вайны і расказаў пра яе ўдзельнікаў – падшыўкі раённай газеты ад першых, падпольна-ваенных выпускаў “Совецкага патрыёта” да сённяшніх нумароў “Ляхавіцкага весніка”. І цяпер зноў мы ідзём ад абеліска да абеліска. Удзячна схіляем голавы перад памяццю герояў. Ніхто не забыты, нішто не забыта.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

16 студзеня 1944 года карнікі расстралялі васьмярых ліпчан і дваіх партызан. Пасля вайны на гэтым месцы ўстаноўлены помнік.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *