Слова, якое набліжала Перамогу

Нумар "Совецкаго патрыёта" за 3 ліпеня1944 года. Яму роўна 70 гадоў

Яно можа быць пяшчотным, як маміны рукі. Выратавальным, як глыток вады ў пустыні. Вострым, як лязо. Трапным, як народная мудрасць. Прыгожым, як жніўнае поле, як гарлачыкі на чысцюткай рачулцы. Жаданым, як прызнанне ў каханні…  І яно можа быць зброяй. І яно было зброяй – у Вялікую Айчынную. Зброяй супраць фашысцкіх акупантаў і іх памагатых, супраць няволі і крывавага прыгнёту. Яно паражала мішэнь па-снайперску: карычневая чума трупянела ад лістовак партызанскіх, газет падпольных, надрукаваных ці перададзеных па радыё франтавых зводак, ад голаса Левітана, ад пяра ваенных карэспандэнтаў. Рэпартаж з перадавой… Інфармацыя з партызанскага атрада…Партыйны заклік… Кунсткамера фашысцкіх злачынстваў… Хроніка ўсенароднай барацьбы… Слова, якое набліжала Перамогу, — яго чакалі нашы людзі на акупіраванай тэрыторыі. У час вайны ў Беларусі выдавалася за 160 падпольных і партызанскіх газет. Ва ўнікальным факсімільным выданні падпольнага і партызанскага друку перыяду Вялікай Айчыннай “І паўстаў народ…” — ксеракопіі практычна ўсіх іх. Выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя” імя Пятруся Броўкі ў 2005 годзе выпусціла ў свет гэты гераічны летапіс, у якім слова, друкаваны радок знішчалі фашыстаў, помсцілі акупантам, білі ворагаў і даносілі праўду, такую жаданую, такую чаканую і жыццёва неабходную, да людзей, і клікалі іх на барацьбу, закліналі не здавацца, верыць у Перамогу і не скарацца.

Адным з такіх выданняў быў і орган Ляхавіцкага РК КП (б)Б“Совецкі патрыёт” – гераічны першапачатак нашай сённяшняй раёнкі. Над лагатыпам крыкам душы, самым галоўным жаданнем і мэтай жыцця словы “Смерць нямецкім акупантам!”. І побач яшчэ адны: “Прачытаў – перадай другому”. 24 кастрычніка 1943 года выйшаў першы нумар новага выдання. Месцам яго нараджэння быў лес Машукоўскі, партызанскі атрад імя Лазо. Самы просты друкаваны станок, немудрагелістыя шрыфты, жаўтаватая папера… Прозвішчы Якава Шавялёва, Паўла Вярбіцкага, Вікенція Бурло сёння мала каму вядомыя. А гэтыя людзі рэдагавалі газету ў падполлі. Імёны наборшчыкаў Мішні і Гурына не засталіся ў памяці. Як шкада, як непапраўна шкада, што мы не ўсё ведаем пра самыя гераічныя старонкі партызана “Совецкі патрыёт”. Паспрабуем жа не аддаць забыццю тое, што магчыма аднавіць і захаваць. У тым ліку і таму “ЛВ” распачынае новы творчы праект “Слова, якое набліжала Перамогу”. Мы раскажам пра сваіх калег, якія былі піянерамі ляхавіцкай журналістыкі, пра тое, як выдавалася падпольная газета, як дастаўлялася ў акупіраваныя вёскі, пра што пісала, да чаго клікала. Мы пагартаем старонкі партызанскага друку. Пастараемся прачытаць радкі ваенных часоў і расказаць пра тых, хто стаяў за імі – пра іх аўтараў. І не толькі нашай раёнкі. Наша – адна з многіх. Проста, як і належыць быць, свая – самая дарагая…

І ў дзень, калі ўдзячныя нашчадкі схіляюць галовы перад памяццю гераічных продкаў – тых, хто вынес на сваіх плячах, не шкадуючы жыцця, выпакутаваў сваім сэрцам, выплакаў горкімі слязамі наш мір, — успомнім людзей, хто ваяваў словам, чыёй зброяй было пяро. Яны таксама набліжалі Перамогу.

Вольга БАРАДЗІНА.

Вікенцій Ільіч Бурло быў адным з трох членаў рэдкалегіі, якія рыхтавалі да друку і выдавалі падпольную газету «Совецкі патрыёт»

Франтавік, партызан, рэдактар «Совецкага патрыёта» Аляксандр Фядотавіч Астапаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *