Лета ў каледжы – самы час працаваць


Прыемна, калі добрыя традыцыі маюць працяг. Сёлета ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы чарговы раз урачыста адкрыў летні працоўны сезон студэнцкі будаўнічы атрад “Флагман”. 15 юнакоў і дзяўчат – лепшых навучэнцаў, самых актыўных удзельнікаў грамадскага, культурнага і спартыўнага жыцця навучальнай установы – вытрымалі конкурс на права правесці 2 тыдні не дома, адпачываючы пасля вучэбнага года і напружанага экзаменацыйнага перыяду, а ў каледжы – у будаўнічых справах і клопатах. Рабяты будуць займацца атынкоўкай, пабелкай і афарбоўкай памяшканняў у інтэрнатах № 3 і 4, а таксама выканаюць некаторыя будаўнічыя работы на ферме “Каменка”. Зразумела, за сваю работу атрымаюць зарплату, большасць – першую ў жыцці.
Дарэчы, будатрад мае намер не толькі сур’ёзна папрацаваць, але і цікава адпачыць: у загадзя распрацаваным плане – спартыўныя мерапрыемствы і інтэлектуальныя гульні, дыскатэкі і гутаркі на актуальныя тэмы, экскурсія ў вайсковую часць, падрыхтоўка насценгазет і многае іншае. Працоўны і вольны час рабятам дапамогуць арганізаваць педагогі і выхавальнікі каледжа, а таксама райкам БРСМ.
Мікалай ДАБРЫЯНЕЦ,
намеснік дырэктара
Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *