Ляхавічы: усё пачынаецца з парадку

Калі, нарэшце, будзе наведзены парадак на тэрыторыі (у прыватнасці, каля магазінаў, устаноў культуры і адукацыі, будынка сельвыканкама, на прыдарожных палосах і г. д.) сельсавета? Гэтае пытанне адрасаваў старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч старшыні Жарабковіцкага сельвыканкама Аляксандру Трыбухоўскаму падчас чарговай апаратнай нарады. На думку кіраўніка раёна, толькі нядбайнымі адносінамі службовых асоб да выканання сваіх абавязкаў можна растлумачыць той беспарадак, што давялося ўбачыць. У Зубелевічах пазарастала ўсё — ад дарожак да асфальту, бур’ян буяе і каля мясцовага СДК. У магазіне вёскі Патапавічы вельмі бедны асартымент тавараў, антысанітарыя, нямала пратэрмінаваных прадуктаў харчавання. Не радасная карціна назіраецца ў Дамашах і Сваятычах. Што гаварыць пра іншыя вёскі, калі мала парадку і на цэнтральнай сядзібе — у аграгарадку Жарабковічы. У кароткія тэрміны старшыні сельвыканкама неабходна наладзіць работу. Як адзначыла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Ірына Маляр, дапамагчы ў вырашэнні сітуацыі Аляксандру Трыбухоўскаму павінны іншыя супрацоўнікі сельвыканкама. Гэта справа агульнай важнасці і значнасці.

Таксама на апаратнай нарадзе была заслухана справаздача аб рабоце старшыні Востраўскага сельвыканкама Уладзіміра Тадры. На тэрыторыі гэтай адміністрацыйнай адзінкі справы ідуць лепш. Апошнім часам па добраўпарадкаванні вёскі нямала зроблена сіламі ААТ “ТБЗ Ляхавіцкі”. Але праблемы ёсць і тут. Напрыклад, даўно патрабуе рамонту тутэйшая плошча. Былі зроблены заўвагі адносна супрацьпажарнай бяспекі ў вёсцы Забер’е і добраўпарадкавання тэрыторыі каля магазіна ў Рагачах. Пастаўлены канкрэтныя тэрміны ўхілення гэтых заўваг.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *