Для тых, хто сябруе са спортам і для тых, хто хоча пасябраваць


Як расказала начальнік лагера Валянціна Русакевіч, 4 яго змены (кожная па 9 дзён) сёлета набылі больш вузкую спецыялізацыю: на 1-й адпачывалі рабяты, якія займаюцца лёгкай атлетыкай і гандболам, зараз – юныя дзюдаісты і футбалісты, а вось 3-я і 4-я змены аб’яднаюць прадстаўнікоў усіх відаў спорту.
Занятак па інтарэсах тут знаходзіцца для ўсіх 40 адпачываючых: і для 9-гадовых хлопчыкаў і дзяўчынак, і для 16-гадовых юнакоў і дзяўчат.

Кожную змену – першынства лагера па тых відах спорту, што культывуюцца, спартландыі. Літаральна днямі рабяты, якія адпачываюць на 2-й змене, спаборнічалі ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі і з захапленнем святкавалі Дзень Нептуна (праўда, водная праграма апошняга з-за адсутнасці вадаёма, дазволенага для купання, абмежавалася абліваннем вадой на стадыёне). А яшчэ кожную змену, напрыклад, рабятам прапануюць паўдзельнічаць у сеансе адначасовай гульні ў шахматы з кіраўніком адпаведнага гуртка ФСК “Колас” і энтузіястам шахматнай справы Іванам Купрыкам.

У распараджэнні адпачываючых – трэнажорная зала і лёгкаатлетычны манеж, наогул уся база ДЮСШ. З “неспартыўнага інвентара” – 2 тэлевізары і 2 DVD-прайгравальнікі, каб пасля трэніроўкі паглядзець любімыя фільмы і перадачы.

Трэба дадаць, што лагер – кругласутачнага знаходжання з 5-разовым харчаваннем. Бацькоўская даплата за пуцёўку складае 35 тысяч рублёў, астатняе (прыкладна ў 3 разы больш) – дзяржаўная датацыя.
Ужо 26 ліпеня “Колас” прыме 3-ю змену, а 6 жніўня – 4-ю. Пуцёўкі на іх, дарэчы, яшчэ ёсць, і ў лагеры будуць рады бачыць не толькі тых, хто ўшчыльную займаецца спортам, але і тых, хто пакуль проста хоча пазнаёміцца з базай, выбраць для заняткаў той ці іншы від спорту. Святлана БЕЛЬМАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *