Зажыначны спеў сёлета гучаў на начаўскім палетку Ляхавіччыны /фота/

Першы сноп – гаспадару. Дырэктар ДП «Нача» Мікалай Тарлюк з камбайнерамі.

Асцярожнае абяцанне, што ўрачыста-святочная і, сучаснай мовай кажучы, брэндавая падзея пад назвай “Зажынкі” адбудзецца ў сераду, спраўдзілася. Нарэшце горача. Гаркаваты на смак букет палявых пахаў усяго-толькі аздабленне галоўнага водару падзеі, дня, вёскі на бліжэйшыя тыдні – водару хлеба. Ён жа галоўны зараз і ўвогуле клопат большасці тых, хто сабраўся на ячменным палетку дзяржпрадпрыемства “Нача” — кіраўнікоў і галоўных спецыялістаў сельгасарганізацый раёна, райсельгасхарчу. Старшыня райсавета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч жартам, але ўсур’ёз пацікавіўся вастрынёй сярпоў у жанчын-зажыншчыц – спявачак Падлесскага фальклорнага калектыву. Адна з іх – Кацярына, – у якой “ручка шчаслівая, ніўка ўрадлівая”, цудоўна справілася з роллю першай жняі: “сноп на сто коп, на тысячу мерак” традыцыя абавязвае ўручаць гаспадарам.

— Вырашчаны добры ўраджай. Да жніва трэба падысці адказна, з душою, завяршыць своечасова. Важна ўбраць усё да зернетка, не дапусціць страт, – звяртаючыся найперш да ўдзельнікаў жніва, адзначыў старшыня райсавета.

Зажынай!

Наперадзе ў хлебаробаў напружаныя будні, у якія аўтаматычна пераўтворацца і каляндарныя выхадныя і “чырвоныя” дні. І так – некалькі тыдняў. У прыватнасці, дырэктар “Начы” Мікалай Тарлюк узгадаў пра 2 тыдні, на працягу якіх пры ўмове спрыяльнага надвор’я магчыма завяршыць уборку збожжавых (без познеспелых кукурузы, грэчкі) і рапсу. Уборачныя магутнасці гаспадаркі фарміруць 4 камбайны. 2 з іх магчыма даабсталяваць для работы на рапсавым – 240 гектараў – кліне. Акрамя названай культуры, пад уборку ў “Начы” паспелі або даспяваюць 920 гектараў збожжавых і зернебабовых.

Удзельнікі жніва атрымалі царкоўнае блаславенне. Быў адслужаны кароткі малебен “на пачатак усякай добрай справы”.

Але адной толькі зажыначнай лірыкай перадуборачная палявая планёрка аграрыяў раёна, канешне ж, не абмежавалася: разглядаліся таксама пытанні якаснай і (на гэтым слове зробім асаблівы націск) бяспечнай эксплуатацыі тэхнікі, занятай на жніве, зернесушыльных комплексаў і г.д., паколькі здароўе было, ёсць і будзе галоўным для кожнага багаццем.

У добры шлях, хлебаробы!

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея  ВАРАНОВІЧА.

Старшыня райсавета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *