«Лагоня» прынесла серабро. 9-класнік з Ляхавіцкага раёна заняў 2 месца ў рэспубліканскім конкурсе

На завяршальным этапе рэспубліканскага юніёрскага ляснога конкурсу “Квітней, мой лес” Ляхавіччыну прадстаўляў 9-класнік Тухавіцкай СШ Павел Палуян. З 38 прэтэндэнтаў, якія занялі пераможныя месцы ў абласцях, для ўдзелу ў фінале ў 3 намінацыях (“Устойлівае лесакіраванне”, “Экалогія лясных раслін” і “Экалогія лясных жывёл”) было адабрана 15 лепшых праектаў. І сярод іх – работа эколага-краязнаўчага гуртка Тухавіцкай СШ “Мой край” (кіраўнік Тамара Васько ) “Заказнік мясцовага значэння “Лагоня” і яго наваколлі”.

Журы, у склад якога ўвайшлі вядучыя вучоныя і спецыялісты ў сферы лясной гаспадаркі і экалогіі, ацэньвала работы па шматлікіх крытэрыях. Адзін з іх – навізна і практычная значнасць навукова-даследчых праектаў для лясной гаспадаркі. Работа нашых землякоў у намінацыі “Устойлівае лесакіраванне” заняла 2 месца.

– У гуртку мы займаемся з 1998 года. За гэты час неаднойчы станавіліся пераможцамі розных конкурсаў. Стварэнню “сярэбранага” праекта папярэднічала экалагічная экспедыцыя на раку Мышанка, у заказнік “Лагоня” і лясны масіў “Шушанскі”. Школьнікі склалі эколага-турыстычную сцяжыну “Заказнік “Лагоня” і яго наваколлі”, распрацавалі правілы паводзін на ёй, – расказвае Тамара Васько.

Павел Палуян дастойна і ўпэўнена прадставіў сумесную працу гурткоўцаў. За што атрымаў грашовую прэмію і планшэт для школы.

– Вельмі ганарова і цікава паўдзельнічаць ў рэспубліканскім конкурсе. Тым больш, што з Брэсцкай вобласці былі адабраны толькі дзве работы – з нашага і Ганцавіцкага раёна. Спадабалася атмасфера конкурсу – добразычлівая і паважлівая. З інтарэсам пазнаёміўся з дасягненнямі юных лесаводаў з іншых абласцей, пасябравалі, – падзяліўся ўражаннямі старшакласнік.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *