Выбірай і давярай. Ужо дзесяцігоддзе медыкі Ляхавіцкага раёна давяраюць кіраваць сваім прафсаюзам Васілію Гарбачову

Васілій Гарбачоў разам са сваімі калегамі-аднадумцамі Вольгай Дубоўскай, Тамарай Страшук, Таццянай Маляр, Аленай Сокал, Валянцінай Лабейка.

За 110-гадовую гісторыю існавання прафсаюзы былі і застаюцца самымі масавымі арганізацыямі працуючых. На іх долю выпала нямала цяжкасцей і, у той жа час, нямала поспехаў і перамог у пытаннях сацыяльнай абароны інтарэсаў і патрэб сваіх членаў.

Прафсаюз работнікаў аховы здароўя Беларусі ўсяго на 2 гады маладзейшы за агульнарэспубліканскі прафсаюзны рух.

Пярвічка Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы аб’ядноўвае больш за 600 чалавек. 10 гадоў запар яе ўзначальвае ўрач-оталарынголаг Васілій Гарбачоў – прынцыповы, адказны, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу.

—Галоўная задача для членаў прафкама і мяне як прафсаюзнага лідара – абарона законных правоў і інтарэсаў усіх супрацоўнікаў медустаноў раёна. Асноўны інструмент, што дапамагае гэтаму, – калектыўны дагавор. Можна сказаць, гэты дакумент – першая прыступка на шляху сацыяльнага партнёрства. Лічу важнымі і значнымі распрацаваныя і зацверджаныя на канферэнцыі працоўнага калектыву дамоўленасці паміж адміністрацыяй райбальніцы і прафкамам на бліжэйшыя гады, — расказвае Васілій Гарбачоў.

Ахова працы – адно з галоўных пытанняў, на якім бальнічны прафсаюз акцэнтуе сваю ўвагу. Нездарма ляхавіцкая пярвічка ў гэтым накірунку ўваходзіць у тройку лепшых сярод медпрафсаюзаў Брэстчыны, а ў мінулым годзе і ўвогуле заняла першае месца.

—Без надзейнай падтрымкі членаў прафкама, канешне ж, нават дзясятую частку ўсяго нельга было б вырашыць. Пашчасціла, што побач такія калегі, якія падкажуць, падтрымаюць. У нас вельмі дружная, зладжаная арганізацыя. Марына Вармахоўская, Валянціна Лабейка, Тамара Страшук, Алена Сокал, Наталля Піскун,Святлана Бурвель,Вольга Дубоўская, Таццяна Маляр — вельмі лёгкія на пад’ём, ініцыятыўныя, актыўныя і, бадай самае галоўнае, — нераўнадушныя, — гаворыць старшыня прафкама.

Прафсаюзнае жыццё ў медустановах раёна кіпіць. На працягу каляндарнага года пярвічкі арганізуюць мноства мерапрыемстваў, з гатоўнасцю далучаюцца да ўсіх добрых спраў. Пярвічка — ініцыятар і самы сапраўдны Дзед Мароз падчас навагодніх і калядных святаў, салодкі падарунак абавязкова атрымліваюць не толькі дзеці супрацоўнікаў, але і яны самі, нават тыя, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку.

Без матэрыяльнай падтрымкі прафсаюза штогод не застаюцца працуючыя маці, якія адны выхоўваюць дзяцей, тыя, хто доўгі час хварэе. Работнікі ўстаноў аховы здароўя, якія атрымалі пуцёўку ў прафсаюзныя здраўніцы, маюць права на 15-працэнтную скідку ад кошту пуцёўкі, а таксама грашовую падтрымку ад прафкама і ад адміністрацыі бальніцы.

Яшчэ задоўга да пачатку лета прафсаюзны камітэт райбальніцы сумесна з камісіяй па аздараўленні высвятляе планы бацькоў, куды адправіць на адпачынак дзяцей падчас канікул, і вызначае колькасць пуцёвак у летнікі. Жаданне падарыць дзецям радасць правесці частку лета на прыродзе не заўсёды супадае з фінансавымі магчымасцямі бацькоў. На пачатку сезона прафкам прыняў рашэнне пагасіць бацькоўскую даплату ў большым аб’ёме ці ўвогуле яе кампенсаваць. Частка сродкаў на гэта выдзелена абласным камітэтам прафсаюза.

Сабраць дзіця ў першы клас нятанна. А калі сям’я шматдзетная? І зноў на дапамогу прыходзіць прафсаюз. Згодна калектыўнага дагавора, бацькі першаклашак таксама атрымаюць дапамогу на гэтыя мэты – не застаюцца ў баку ні прафкам, ні адміністрацыя. Сёлета, падзяліўся планамі Васілій Гарбачоў, плануецца не проста ўручыць грошы, але і арганізаваць канцэртную праграму напярэдадні Дня ведаў. Працягваючы дзіцячую тэму, нельга не ўзгадаць і сёлетні конкурс малюнкаў да Міжнароднага дня абароны дзяцей.

Плюс да вышэйпералічанага — канцэртныя праграмы да Дня жанчын, Дня медыцынскага работніка, спаборніцтвы па шашках і шахматах, конкурс прафмайстэрства сярод медыцынскіх сясцёр. І тут прафсаюз у якасці аднаго з арганізатараў і галоўнага спонсара.

На адкрыццё новай паліклінікі прафкам прыйшоў не з пустымі рукамі, а з вельмі патрэбным падарункам — пральнай машынай-аўтаматам.

Прыязджае ў райцэнтр зорка эстрады — прафсаюз абавязкова купіць дзясятак-другі білетаў для найбольш актыўных у грамадскім жыцці работнікаў аховы здароўя. Моладзь, якая ўліваецца ў калектыў, таксама прымае актыўны ўдзел у прафсаюзным жыцці. Сярод медыкаў нават знайшліся свае вядучыя святочных праграм, напрыклад, загадчык рэнтгеналагічнага аддзялення Сяргей Памазанскі.

Асобная размова – падарожжы і экскурсіі. Дзе толькі ні пабывалі члены медыцынскай прафсаюзнай арганізацыі. Жыровічы, Гродна, Мінск, Мір, Нясвіж, — далёка не поўны пералік ужо наведаных мясцін. А колькі планаў наперадзе!

Васілій Гарбачоў уваходзіць у склад камісіі райбальніцы па размеркаванні прэмій, камісіі па працоўных спрэчках. І ніколі не баіцца выказаць сваю думку. На красавіцкім пленуме прэзідыума прафсаюза работнікаў устаноў аховы здароўя краіны Васілію Гарбачову быў уручаны нагрудны знак “За ўмацаванне галіновага прафсаюза”.

—Тая зладжанасць, якая ёсць цяпер у нашым вялікім калектыве, склалася не сама па сабе. Гэта вынік мэтанакіраванай работы і адміністрацыі, і сённяшняга прафкама, і маіх папярэднікаў Яраслава Лойчыца, Леаніда Лапіча, Сяргея Бяляева, кожнага работніка. Разам – мы адно цэлае, — разважае Васілій Гарбачоў і дадае: — Сапраўдным дэвізам ў прафсаюзнай рабоце сталі словы былога старшыні абкама прафсаюза работнікаў аховы здароўя Людмілы Паспелавай: “Каб людзі табе давяралі, трэба абавязкова ўважліва выслухаць чалавека”.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *