«Не ўяўляю жыцця без веры»

Касцёл святкуе юбілей.

У мінулую суботу ляхавіцкія католікі ўрачыста адзначылі 20-годдзе асвячэння храма Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса.

Гэта дата не пазначана чырвоным у календары каталіцкай канфесіі, але яна святочная для ўсіх прыхаджан ляхавіцкай парафіі. 20 гадоў назад кардынал Казімір Свёнтак асвяціў храм Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса.

12 ліпеня 2014 года ў касцёле панавала атмасфера шчасця, натхнення, веры і любві.

І загучалі пад купалам храма галасы ўдзельнікаў хора настаўнікаў Ляхавіцкага раёна. Урачыста і радасна сустракалі вернікі біскупа Пінскага Антонія Дзям’яненку, іншых каталіцкіх святароў. Біскуп Пінскай епархіі падчас імшы заклікаў усіх падзякаваць Богу за тое, што мясцовыя вернікі на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў маюць магчымасць у любы дзень у гадзіны радасці і смутку прыходзіць у храм. Духавенства і вернікі разам памаліліся за будаўнікоў касцёла і людзей, якія дапамагалі, ахвяравалі, за мясцовую ўладу, якая падтрымлівае ў вырашэнні пытанняў, і за ўсіх жыхароў раёна.

Гэты дзень стаў асаблівым для 46 вернікаў, якія падчас таінства канфірмацыі, праведзенага біскупам, сталі “рыцарамі Хрыста” і будуць падтрымліваць веру, несці дабро і рабіць богаўгодныя справы. Напрыканцы імшы адбылося ўрачыстае адкрыццё і асвячэнне мемарыяльнай дошкі, прымеркаванай да 100-годдзя з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтака. На ёй выгравіраваны надпіс: “Я не ўяўляю сваё жыццё без веры ў Бога”. Дарэчы, у Ляхавіцкім касцёле ёсць яшчэ 2 памятныя дошкі, прысвечаныя нашым землякам палітычнаму дзеячу Тадэвушу Рэйтану і пісьменніку Сяргею Пясецкаму.

Ва ўрачыстасцях прыняў удзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч, які павіншаваў прыхаджан з юбілейнай датай і адзначыў, што і ўлада і духавенства вырашаюць адну важную задачу — выхоўваюць грамадзян у духу патрыятызму, любві і веры.

Да вечара ў касцёле Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса было ўрачыста і шматлюдна. Людзі спяшаліся сюды, каб падзякаваць Богу, памаліцца за сябе, сваіх родных і блізкіх, краіну, у якой мірна жывуць прадстаўнікі розных канфесій.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота Алёны ТКАЧЭНКА.

Біскуп Пінскі Антоній Дзям'яненка бласлаўляе вернікаў

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *