Тут смеціць нельга. А там?

Такі малюнак штодзень назіраюць жыльцы дамоў №№ 15 і 17 па вул. Інтэрнацыянальнай.

Жылы мікрараён па вуліцы Інтэрнацыянальнай у раёне гімназіі – не толькі самы новы ў райцэнтры (пераважная большасць ЖБК і ЖБСК з’явілася ў апошняе дзесяцігоддзе), але і адзін са шматнаселеных. Вакол кожнай з новабудоўляў добраўпарадкаваная тэрыторыя, пешаходныя дарожкі, дзіцячыя пляцоўкі. Акрамя іншага, камунальнікі паклапаціліся і пра паасобны збор адходаў: абсталяваны пляцоўкі, устаноўлены спецыяльныя кантэйнеры. Уласна кажучы, пляцоўка для збору другаснай сыравіны і стала прычынай канфліктнай сітуацыі. Каля яе ўтварыўся стыхійны сметнік, які пасля камунальнай уборкі рэгулярна аднаўляецца. Па графіку амаль штодзень да дамоў прыязджае машына для збору бытавога смецця. Але некаторым грамадзянам лянота вынесці пакеты са смеццем з кватэр менавіта ў гэты час. Хтосьці сарваў на кантэйнеры для шкла замок, каб зручней выкідаць мяшкі. Нехта ж проста выносіць іх на пляцоўку. А побач гуляюць дзеці, адпачываюць пажылыя. Назіраць такую карціну не толькі непрыемна, але і небяспечна – антысанітарыя здароўю не на карысць. Зразумела занепакоенасць жыльцоў дамоў №15 і 17. Аднак шлях вырашэння праблемы, які яны прапануюць, мякка кажучы, не зусім гаспадарскі. “Просім, забярыце ад нас гэтыя кантэйнеры і перавязіце іх у кааператыўныя дамы”, — радкі з ананімнага пісьма (а такія, дарэчы, і не павінны разглядацца), атрыманага нядаўна рэдакцыяй. Ёсць і «грозная» дапіска, што копія скаргі накіравана ў камунгас, райЦГіЭ і нейкую “рэспубліканскую газету”.

Хто ж складзіруе непатрэбныя рэчы ля кантэйнернай пляцоўкі? Відавочна, не выпадковыя прахожыя...

Што ж атрымліваецца: каля нашага двара смеціць нельга, а каля іншых – калі ласка. Канешне, не павінны жыльцы “пакрыўджаных” дамоў вылоўліваць парушальнікаў парадку – менавіта такімі з’яўляюцца тыя, хто выкідвае смецце ў кантэйнеры, прызначаныя для збору другаснай сыравіны. Калі факт пацвердзіцца, такі грамадзянін можа быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і заплаціць штраф. Але, з іншага боку, парушальнікі не выпадковыя прахожыя, самі жывуць у гэтых і суседніх дамах – смецяць у сябе ж, што называецца, пад носам.

“ЛВ” звярнуўся за каментарыямі ў КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”. Намеснік дырэктара камунгаса Вячаслаў Кучэйка паведаміў: “Кантэйнеры для паасобнага збору адходаў, у прыватнасці, шкла, паперы, пластыку, устаноўлены і ў дварах шматкватэрнікаў па іншых вуліцах горада. Мы прапануем усім ляхавічанам далучыцца да рэспубліканскай акцыі “Здай другасную сыравіну”. Таму пераносіць кантэйнеры з вуліцы Інтэрнацыянальнай не плануецца. Іншая справа, што каля кожнага кантэйнера не паставіш нашага супрацоўніка ці ўчастковага. Уся надзея – на свядомасць грамадзян”.

Другасная сыравіна пасля пэўнай перапрацоўкі набывае другое жыццё і зноў пачынае прыносіць карысць. Паасобны збор смецця – цывілізаваны падыход да вырашэння экалагічнай праблемы. Кожны з нас можа і павінен унесці свой пасільны ўклад у справу агульнадзяржаўнай важнасці — не змешваць са смеццем шкло, ПЭТ-бутэлькі, макулатуру, а здаваць іх нарыхтоўшчыкам ці выкідваць у спецыяльныя кантэйнеры. Гэта не так ужо і складана.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Тут смеціць нельга. А там?

  • 16/07/2014 в 02:16
    Permalink

    К сожалению, те кто мусорит, в своём большинстве газет не читают. Их совесть спокойно спит. Да и не заморачиваются они и уборкой территории. Грустно, что одни ратуют за порядок, а другие создают полную противоположность ему/

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *