Кляшчы разбушаваліся. Парады даюць ляхавіцкія ўрачы

Як паведамілі ў райЦГіЭ, ужо сёлета больш за 40 чалавек у Ляхавіцкім раёне пацярпелі ад укусаў кляшчоў, прыкладна палова – дзеці.  За мінулы год паразіты “напалі” на 100 нашых землякоў. Тады з агульнай колькасці пацярпелых 5 захварэлі Лайм-барэліёзам (хвароба Лайма характарызуецца  парушэннямі апорна-рухальнай, сардэчна-сасудзістай і нервовай сістэм).

Ад кляшчоў можна заразіцца і іншымі інфекцыямі, сярод якіх энцэфаліт, што паражае ў асноўным нервовую сістэму.  Больш за ўсё кляшчоў сустракаецца абапал лясных дарог і сцяжынак, на зарослых высечках, у ярах, ля рэк. Па траве і хмызняках яны запаўзаюць на вышыню да 150 см, пры набліжэнні жывёлы ці чалавека падаюць на іх, чапляюцца за адзенне.

Чым пагражае сустрэча з небяспечным крывасмокам?

Загадчыца інфекцыйнага аддзялення райбальніцы Аліна Курловіч расказала:

– Часцей за ўсё клешч мацуецца да скуры валасістай часткі патыліцы, шыі, пад пахамі і ў пахавіне, пад лапаткамі і па пазваночніку, дзе адзенне не так шчыльна сутыкаецца з целам. Сліна насякомага абязбольвае месца ўкусу, таму чалавек можа яго не адчуць, пакуль клешч не нап’ецца крыві. Сверб з’явіцца толькі праз 6-12 гадзін. Пасля адпадання  кляшча на скуры застаецца балючы ачаг запалення да 5 мм у дыяметры, які захоўваецца 2-3 тыдні. Праз 10-14 дзён на яго месцы можа з’явіцца круглае пачырваненне, якое суправаджаецца павышанай тэмпературай, слабасцю, галаўным болем, ламотай у мышцах. У некаторых хворых павялічваюцца лімфавузлы, з’яўляюцца пакашліванне, насмарк. Магчыма і нетыповае праяўленне—без пачырваненняў скуры, але з павышэннем тэмпературы цела і павелічэннем лімфатычных вузлоў. Вострая стадыя доўжыцца да 30 дзён. Калі не лячыцца, захворванне можа перайсці ў хранічную форму з развіццём менінгаэнцэфаліту, паражэннем нерваў, сэрца, суставаў.

Заражэнне адбываецца не толькі праз укус кляшча ў лесе ці парку. Калі вы прынеслі насякомых дамоў разам з кветкамі, травой, на адзенні ці з хатнімі жывёламі, кляшчы могуць перапаўзці на чалавека і прысмактацца. Заразіцца можна таксама, калі вірус трапляе на слізістыя абалонкі праз забруджаныя рукі пасля раздушвання кляшча, пры ўжыванні сырога казінага малака. Гаспадарам, якія трымаюць коз, непажадана пасвіць іх у лясной зоне, малако неабходна ўжываць толькі кіпячонае.

Каб засцерагчыся ад бяды, як мага хутчэй звярніцеся да ўрача. Чым раней пачаць  прызначаны (медыкамі, а не знаёмымі і інтэрнэтам) прыём антыбіётыкаў, тым меншая рызыка захварэць. Любое павышэнне тэмпературы на працягу месяца пасля “сустрэчы” з кляшчом, боль у мышцах і суставах, ліхаманкавы стан павінны насцярожыць і прымусіць звярнуцца за меддапамогай.

Што рабіць, калі выявілі кляшча, а да медустановы не блізка?

Вось што раіць Аліна Курловіч:

– Трэба  асцярожна абматаць вакол яго нітку і павольнымі рухамі расхістаць, паступова выцягнуць. Можна скарыстацца пінцэтам. Важна не разарваць кляшча, бо частка, якая засталася ў скуры, можа выклікаць запаленне і нагнаенне.  Месца ўкусу апрацуйце ёдам ці перакісам вадароду, а кляшча дастаўце ў  Баранавіцкі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, каб высветліць, ці з’яўляецца ён пераносчыкам хваробы.

Як трэба сябе паводзіць, каб папярэдзіць укус кляшча?

Парады дае памочнік урача-паразітолага райЦГіЭ Пётр Рамейка:

– Выкарыстоўвайце рэпеленты.  Насіце адзенне з доўгімі рукавамі, шчыльнымі манжэтамі, каўнярамі. Запраўляйце штаны ў шкарпэткі, а кашулі ці майкі ў штаны. Калі няма капюшона – насіце галаўны ўбор. Гэта не дасць магчымасць кляшчу дабрацца да цела. Абавязкова  рэгулярна аглядайце сябе і сваіх спадарожнікаў, каб скінуць крывасмокаў. Калі рабіць такі агляд кожную гадзіну, то можна выявіць практычна ўсіх кляшчоў яшчэ да ўкусу.

Увогуле, уздым біялагічнай актыўнасці кляшчоў адзначаецца двойчы за сезон: у маі — чэрвені і ў жніўні — верасні. Аднак, напрыклад, сёлета  яны пабілі ўсе рэкорды папярэдніх гадоў:  актывізаваліся значна раней (першыя пацярпелыя ў Брэсцкім і Кобрынскім раёнах звярнуліся за медыцынскай дапамогай у другой палове лютага).

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *