Рапс — сіла. У Ляхавіцкім раёне трэцяя частка пасеваў гэтай культуры ўжо ўбрана

Старшы камбайнер Генадзій Калбаса (справа) і камбайнер Віктар Буцько – адзін з васьмі экіпажаў, занятых на ўборцы рапсу ў СВК "Жарабковічы”.

Але справядлівым будзе і сцвярджэнне ў процівагу загалоўку: фактычна ўсе сілы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў “кінуты” зараз на ўборку іменна рапсу. Прамарудзіш – частка ўраджаю застанецца на полі, чаго ніхто ні сабе, ні іншым, канешне ж, не жадае. Апошнімі камбайнаванне каштоўнай тэхкультуры распачалі традыцыйныя “вытрыманыя” на старце, моцныя па ходу ўборачнай дыстанцыі і выніковыя на фінішы СВК “Ляхавіцкі”, “Жарабковічы”. І адразу ж абазначылі свае лідарскія пазіцыі. У першых гектар сыпле пад 50 цэнтнераў насення, у другіх – за 40. На фоне 30 сярэднераённых цэнтнераў прывабнасць лічбаў відавочна.

Для карэспандэнтаў “ЛВ” уборка ў СВК “Жарабковічы” пачалася з наведвання цэнтральнага зернесушыльнага комплексу і з гутаркі з намеснікам старшыні Леанідам Варвашэвічам. “Рапс сёлета шчуплы, не ў прыклад мінуламу году. Хоць яго і многа”, — расставіў акцэнты Леанід Адамавіч. На таку, тым часам, работа вялася роўным, чытай – безаўральным, тэмпам. Даводку насення да патрэбнага паказчыка вільготнасці выконвалі дзве М-819. Але перш, чым сюды трапіць, ураджай праходзіў “праз” пляцоўку папярэдняй ачысткі, пры гэтым паралельна, дзякуючы ветру-сонейку, губляў і 1—1,5 працэнта вільгаці. “У рабоце дапамагаюць хлопцы і дзяўчаты. У асноўным студэнты, у якіх зараз канікулы”, – заўважыў у адрас працуючых на пляцоўцы маладых людзей Леанід Варвашэвіч.

Да інтэграцыі, што здарылася нядаўна, гэта быў палетак СВК “Канюхі”. Яны сеялі, а вось увесь далейшы клопат за якасным ростам культуры выканалі працаўнікі “Жарабковіч”. Задзейнічаныя ў працэсе 8 камбайнаў працавалі вельмі кампактна. У пэўныя хвіліны, калі іх жніўныя шляхі набліжаліся асабліва, поле здавалася цесным. У тым была свая эстэтыка, адчуваўся ўборачны драйв. “Камбайнаў на полі, як мурашак”, – такі вобраз прачытаў ва ўбачаным Леанід Варвашэвіч.

Палявы кансіліум: начальнік участка Уладзімір Адаська і намеснік старшыні Леанід Варвашэвіч.

Наступаючы практычна на “пяты” камбайнам, іржышча паласаваў дыскатар. Каб справакаваць рост нязбежнай пры камбайнаванні падаліцы, пасадзейнічаць затрымцы ў глебе вільгаці і, магчыма, з іншай нагоды дыскатар у “Жараб-ковічах” не пакідае поле круглыя суткі. Адзіна толькі – з мэтай тэхабслугоў-вання, а так работа арганізавана ў дзве змены.

І да таго, тым больш пасля аб’яднання з “Канюхамі” з’явіліся дадатковыя пазіцыі, дзе “Жарабковічы” з’яўляюцца самымі-самымі ў раёне. Тут самы шырокі рапсавы клін – 630 гектараў, найбольшыя пасяўныя плошчы збожжавых каласавых – 3122 гектары, іншае.

На дзень учарашні, на пні ўжо не заставалася больш за 30 працэнтаў рапсавых плошчаў.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

На супрацьпажарнай варце Іван Сергіеня.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *