Хлебам адзіным…


Жніво — назва той пары. І, між іншым, мінула ўжо больш за тыдзень часу, як аграрыі раёна жывуць у неверагодным напружанні і рытме яе касмічнай хуткасці. Увогуле, касмічнасць, як сінонім нечага вялікага, значнага і важнага — ва ўсім, што тычыцца ўборкі хлябоў. Пафаснасць тут толькі чытаецца, варта асэнсаваць, — і становіцца зразумелым факт яе абсалютнай у тым адсутнасці.
Калі ў якасці арыенціру разглядаць уборачныя плошчы, відавочна, што СВК “Дарава” далёка не самы буйны збожжавытворца раёна. Група зерневых і зернебабовых культур на пачатак жніва размяшчалася тут на 550 гектарах.
Заметным і важным плюсам з’яўляюцца і 80 гектараў рапсу, для якога перазімоўка стала выпрабаваннем, што не магло не адбіцца на паказчыку ўраджайнасці. На сярэдзіну тыдня – момант нашага наведвання гаспадаркі – уборка рапсу ў “Дараве” была завершана. У сухім астатку атрымалася дзесьці каля 19 цэнтнераў насення на круг.

Зерняток гаспадаркі акуратна завяршаў дапрацоўку самых апошніх яго аб’ёмаў. У выкарыстанні быў італьянскай вытворчасці мабільны сушыльны агрэгат. Летась аналагічнае абсталяванне папоўніла сушыльную гаспадарку СВК “Ляхавіцкі”, і вось “Дарава”, якое стала яшчэ адным у нашым раёне яго ўладальнікам. Набытак, па словах старшыні СВК Уладзіміра Пятроўскага, пацягнуў на 220 мільёнаў “крэдытных” рублёў. Дзень на ўстаноўку-прыкатку, і сушылка прыступіла да выканання сваіх вытворчых задач – у прыватнасці, сушкі рапсавага насення. Практычная – можа быць усталявана амаль на любой пляцоўцы. Механічная частка сушылкі прыводзіцца ў дзеянне як з дапамогай электрасілкавання, так і ад вала адбору магутнасці трактара. Гэта азначае, што, у прынцыпе, можа быць “разгорнута” фактычна на любым участку поля. Досыць эканамічна: цеплавы генератар працуе на дызельным паліве, і для паніжэння вільготнасці тоны зерня на 1 працэнт расходуе яго ў межах літра. Увесь ураджай дараўскага рапсу, а гэта каля паўтары сотні тон, перш прайшоў іменна праз новую сушылку.

Зернесушыльны арсенал СВК “Дарава”, які, дарэчы адзначыць, не спыняе свой бег ні на хвіліну на працягу сутак, уключае таксама і ЗСК М-819. Апошні зараз заняты даводкай піваварнага ячмяню да прадугледжаных стандартам характэрных паказчыкаў. Мэтавыя пасевы названай культуры займалі ў гаспадарцы 110-гектарны кавалак, які, па стану на 22 ліпеня, ужо звузіўся амаль на 30 працэнтаў. З пункту гледжання прадукцыйнасці ўбраныя плошчы паказалі нядрэнную прадукцыйнасць: ураджайнасць кожнага гектара даволі шчыльна наблізілася да 6 дзесяткаў цэнтнераў. Наколькі стабільнай застанецца гэтая лічба – пакажа блізкі час. Выключна важна, аднак, каб усе неабходныя ў даным выпадку характарыстыкі ячменнага зерня адпавядалі жорсткаму піваварнаму стандарту.

З вуллем у меданосны час пік хочацца, паназіраўшы, параўнаць дараўскі зерняток. І ў сэнсе рухавай напружанасці ён мала чым адрозніваецца ад сабе падобных у любым з іншых сельгаспрадпрыемстваў не толькі Ляхавіччыны. Рытмічнай каруселлю “стукае” ворахапункт, магутныя МАЗы, бы пчолы нектар, дастаўляюць сюды ўраджайнае золата палёў, людзі – усе дзеля агульнай справы, аднак, кожны на сваім працоўным участку. Дарэчы, тут можна сустрэць і вельмі вопытнага работніка, і таго, чый працоўны шлях толькі пачынаецца. Як у “Дараве”, дзе працуюць людзі і “запенсіённага”, і школьнага ўзросту.
На пярэднім жа рубяжы хлебаўборачнай аперацыі СВК “Дарава” задзейнічаны квінтэт камбайнаў. У тым ліку і стары добра дагледжаны ДОН–1500, таксама Ліда–1300 і тройка КЗС–10К. На невялікую адметнасць цягне той факт, што ўсімі трыма гомсельмашаўскімі машынамі кіруюць маладзёжныя экіпажы. Да таго ж, адзін з іх у складзе старшага камбайнера Аляксандра Знаўца і яго брата камбайнера Паўла – з’яўляецца яшчэ і сямейным.
Па стану на 22 ліпеня СВК “Дарава” на 16 працэнтаў справіўся з уборкай свайго зерневага і зернебабовага кліна. Сярэднегектарны збор пры гэтым склаў за 55 цэнтнераў.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *