А па-за кабінетамі — турысты. У мінулыя выхадныя прайшоў першы турыстычны злёт работнікаў органаў дзяржаўнага кіравання раёна

Каманда пераможцаў

У мінулыя выхадныя ў лясным масіве каля вёскі Мінічы адбыўся першы турыстычны злёт работнікаў органаў дзяржаўнага кіравання раёна, прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў.

Ініцыятарам турзлёту стаў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, які на адкрыцці пажадаў усім поспехаў і выказаў спадзяванне, што гэта свята спорту і адпачынку стане традыцыйным. У ролі арганізатараў выступілі аддзелы адукацыі, спорту і турызму, а таксама ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Судзейства даверылі супрацоўнікам раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі на чале са старшынёй ФСК “Колас” Генадзіем Новікам.

У турыстычных спаборніцтвах прынялі ўдзел 5 каманд, 4 з якіх былі сфарміраваны з работнікаў аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, яшчэ адна прадстаўляла сельвыканкамы.

На працягу двух дзён каманды спаборнічалі ў 9 турыстычных конкурсах. Здаровы дух саперніцтва не сапсаваў агульнага настрою добразычлівасці, суперажывання і ўзаемадапамогі. Каманды шчыра радаваліся яркім момантам перамог, падтрымлівалі адна адну і, галоўнае, усё рабілі з задавальненнем!

Лепшай у конкурсе тэматычнай турыстычнай газеты, дартсе і фігурным ваджэнні веласіпеда стала каманда аддзелаў ЖКГ і будаўніцтва на чале з начальнікам аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ірынай Грынялевіч. Тройчы (у конкурсе “Снайпер”, турыстычнай эстафеце і конкурсе на лепшы бівак) станавілася пераможцай каманда работнікаў сацыяльнай сферы, якую ўзначаліла намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень. Каманда эканамічных службаў райвыканкама, капітанам якой быў начальнік інспекцыі МПЗ Анатолій Жабік, перамагла ў конкурсах “Візітоўка” і ў перацягванні каната. Каманда ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання (капітан – намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Баргамон) стала першай у конкурсе прыгатавання стравы ў палявых умовах.

У асабістым першынстве сярод жанчын у стральбе з вінтоўкі і дартсе перамагла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Святлана Якубоўская. Лепшай у фігурным ваджэнні веласіпеда стала галоўны спецыяліст аддзела ЖКГ Святлана Кабяшова. У асабістым першынстве сярод мужчын старшыня Востраўскага сельвыканкама Уладзімір Тадра быў лепшым у дартсе і фігурным ваджэнні веласіпеда, а намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Мікалай Прыхач – у стральбе з вінтоўкі.

Па выніках спаборніцтваў першае агульнакаманднае месца і кубак пераможцаў заваявала каманда работнікаў сацыяльнай сферы райвыканкама. Другое месца ў каманды эканамічных службаў, трэцяй стала каманда аддзелаў ЖКГ і будаўніцтва.

Святлана СТАЛЯРЧУК,

галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *