Профессия чрезвычайной важности. 25 июля празднует свой профессиональный праздник коллектив Ляховичского РОЧС

вадзіцель Аляксандр Беляновіч – адзін з лепшых супрацоўнікаў РАНС. Ён занесены на раённую Дошку гонару «Галерэя славы».

25 ліпеня – Дзень пажарнай службы.

Раённы выканаўчы камітэт, раённы Савет дэпутатаў накіравалі віншаванні з прафесійным святам – Днём пажарнай службы – калектыву і ветэранам райаддзела па надзвычайных сітуацыях.

У   пятніцу будуць прымаць віншаванні з прафесійным святам 63 супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Гэта яны, выратавальнікі, днём і ноччу, у мароз і санцапёк, калі ўзнікае пазаштатная сітуацыя, справакаваная агнём ці вадой, прыроднымі ці тэхнагеннымі фактарамі, спяшаюцца на дапамогу. Мужныя, смелыя, прафесіяналы сваёй справы – такія яны, людзі ў форме МНС. Ім давяраюць, на іх спадзяюцца, а яны – не падводзяць.

Колькі жыццяў, маёмасці, будынкаў выратавана! А колькі надзвычайных сітуацый папярэджана!

Амаль 7 гадоў працуе вадзіцелем пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 РАНС ляхавічанін Аляксандр Беляновіч. Сёлета за высокія дасягненні ў прафесійнай дзейнасці ён удастоены гонару быць прадстаўленым у “Галерэі славы” сярод лепшых працаўнікоў раёна.

Агняборцам Аляксандр Беляновіч стаў, можна лічыць, выпадкова, але, як перакананы, – на ўсё жыццё. Да гэтага была вучоба ў Лідскім індустрыяльным каледжы, служба ў арміі. Няшмат часу спатрэбілася маладому чалавеку, каб зразумець, што служба ў РАНС – яго прызванне. Дзякуючы мэтанакіраванасці, адказным адносінам да справы і добразычлівым — да навакольных, жаданню заўсёды прыйсці на дапамогу, ён хутка заваяваў давер сярод калег. З гадамі бездакорнай службы прыйшоў заслужаны аўтарытэт. ”Чалавек на сваім месцы, ніколі не лічыцца з уласным часам, не дзеліць абавязкі на свае і чужыя. З такім не страшна пайсці ў разведку, калі спатрэбіцца”, – характарызуе Аляксандра намеснік начальнік РАНС Дзмітрый Сокал.

Што датычыць яшчэ адной вызначальнай якасці вадзіцеля – быць ”на ты” з тэхнікай – і тут усё, як мае быць у прафесіянала: самастойна спраўляецца з любой паломкай, умее знайсці падыход да жалезнага сябра.

Дарэчы, вадзіцель у РАНС адказвае за тое, каб не толькі аўтамабіль, але і ўсе шматлікія прыстасаванні былі ў поўнай баявой гатоўнасці. А пры ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі Аляксандр не проста назіральнік, які даставіў да месца здарэння выратавальную каманду, а актыўны ўдзельнік.

У звязцы выратавальнікі дзейнічаюць паспяхова і вынікова. Увогуле, у каравуле, які ўзначальвае вопытны камандзір Валерый Свянтэцкі, — калектыў зладжаны, у ім пануюць узаемападтрымка і ўзаемадапамога.

У Аляксандра ўсё атрымліваецца яшчэ і таму, што дома ў яго надзейны тыл — любімыя жонка, сын і дачка. Аляксандру Беляновічу-малодшаму – 11 гадоў, але з будучай прафесіяй хлопчык вызначыў- ся – марыць быць выратавальнікам, як тата.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *