І мігранты хочуць працаваць. Заканадаўства прадугледжвае парадак працаўладкавання для працоўных мігрантаў

Падзеі ва Украіне справакавалі павелічэнне колькасці мігрантаў з гэтай краіны, якія прыязджаюць у Беларусь у пошуку работы. Заканадаўства прадугледжвае пэўны парадак працаўладкавання для працоўных мігрантаў.

У першую чаргу, арганізацыя ці ІП абавязаны аформіць спецыяльны дазвол на права заняцця працоўнай дзейнасцю замежнаму грамадзяніну ці асобе без грамадзянства. Працэдура афармлення займае да 15 дзён. За гэты час упраўленне па грамадзянстве і міграцыі УУС вывучае пададзеныя дакументы, правярае жадаючых працаваць па спецыяльных базах. Патэнцыяльны наймальнік падае ў падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі УУС Брэсцкага аблвыканкама наступныя дакументы: заяву ўстаноўленага ўзору, копію пашпарта (ці дакумента, які яго замяняе) працоўнага мігранта, дакумент аб аплаце дзяржаўнай пошліны ў памеры 5 базавых велічынь. Для атрымання дазволу для прыцягнення замежнай рабочай сілы ў колькасці ад 10 і больш замежных грамадзян, акрамя вышэйназваных дакументаў, неабходны яшчэ праект працоўнага дагавора і гарантыйнае пісьмо, якое пацвярджае магчымасць размяшчэння замежных грамадзян і асоб без грамадзянства. Усе дакументы выдаюцца тэрмінам на год. За парушэнне міграцыйнага заканадаўства прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.

Ёсць катэгорыі замежных грамадзян, якім для афіцыйнага працаўладкавання ў Беларусі не трэба афармляць спецыяльны дазвол. Размова пра жыхароў іншых краін, якія маюць дазвол на пастаяннае пражыванне ў Беларусі, тых, хто хадайнічае аб прадастаўленні статусу бежанца, дадатковай ці часовай абароны ў нашай краіне ці ўжо мае такі статус; хто прыехаў з краіны, з якой Беларусь заключыла міжнародны дагавор аб роўных правах на працаўладкаванне (такімі краінамі, у прыватнасці, з’яўляюцца Расія і Казахстан).

Калі ўзнікнуць пытанні па працаўладкаванні мігрантаў, атрымаць адказы можна ў намесніка начальніка ўпраўлення па грамадзянстве і міграцыі УУС аблвыканкама (тэл. у Брэсце 20-56-16) ці ў інспектара па рабоце з замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства ўпраўлення (тэл. 27-55-72).

Віктар ЧАРНЯК,

начальнік АГіМ РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *